БУТО́Н (франц. bouton),

пупышка, якая распускаецца ў кветку. Звычайна бутон адрозніваецца ад лісцевых пупышак той жа расліны памерамі і прытупленай верхавінкай. Усе часткі кветкі ў бутоне ўжо сфарміраваныя. Па папярочным зрэзе праз бутон складаюць дыяграмы кветкі, што даюць нагляднае ўяўленне пра лік і ўзаемнае размеркаванне яе асобных частак. Вывучэнне бутонаў мае значэнне ў марфал. характарыстыцы розных сям. раслін і іх сістэматыцы.

т. 3, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛО́Ў (Аляксандр Аляксандравіч) (11.1.1921, Масква — 23.3.1985),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1977). Сцэн. творчасць пачаў у самадзейнасці. З 1965 у Дзярж. рускім драм. т-ры Беларусі. Характарны акцёр. Сярод роляў: Кураслепаў («Гарачае сэрца» А.​Астроўскага), Андрэй Размётнаў («Узнятая цаліна» паводле М.​Шолахава), Сарафанаў («Старэйшы сын» А.​Вампілава), Брухаты, Мрачны («Энергічныя людзі» і «А раніцой яны прачнуліся» В.​Шукшына), Навасельцаў («Саслужыўцы» Э.​Брагінскага і Э.​Разанава), Джэкаб («Трохграшовая опера» Б.​Брэхта), Бутон («Мальер» М.​Булгакава).

т. 3, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНА́НД (Мулк Радж) (н. 12.12.1905, г. Пешавар, Індыя),

індыйскі пісьменнік. Скончыў Лонданскі ун-т (1929). Д-р філасофіі, праф. Пенджабскага ун-та (1962). Прэзідэнт Індыйскай акадэміі мастацтваў. Піша на англ. мове. Аўтар раманаў сац.-паліт. кірунку: «Недатыкальны» (1935), «Кулі» (1936), «Два лісткі і бутон» (1937), гіст. трылогіі «Вёска», «За чорнымі водамі» (1940), «Меч і серп» (1942. У раманах «Асабістае жыццё індыйскага раджы» (1953), «Споведзь закаханага» (1976), «Пузыр» (1984) рысы экзістэнцыялізму і фрэйдызму. Аўтар мастацтвазнаўчых прац, філас. трактатаў.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1987.

Літ.:

Калинникова Е.Я. Мулк Радж Ананд. М., 1986.

С.​Н.​Чубакоў.

т. 1, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІГЛАСКУ́РЫЯ (Echinodermata),

тып беспазваночных жывёл. 3 падтыпы: сцябліністыя (Crinozoa, або Pelmatozoa) з 1 сучасным кл. марскіх лілей; эхіназоі (Echinozoa) з 2 кл.марскія вожыкі і галатурыі; астэразоі (Asterozoa) з 2 кл.марскія зоркі і афіуры. Стараж. І. ўзніклі ў дакембрыі, у раннім палеазоі, мяркуюць, існавала 23 кл. І., большасць з якіх вымерла ў палеазоі, у т. л. бластаідэі, крынаідэі, цыстаідэі і інш. Каля тыс. сучасных і 16 тыс. вымерлых відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах і морах ад літаралі да глыб. 11 км. На Беларусі шматлікія рэшткі І. трапляюцца ў адкладах ардовіку, радзей — у сілурыйскіх, дэвонскіх, кам.-вуг. і зрэдку ў юрскіх адкладах.

Памеры ад некалькіх міліметраў да 1 м 20 м у некат. выкапнёвых). Форма цела нагадвае агурок, бочачку, дыск, зорку, кветку або бутон на сцябле, сэрца, чарвяка, шар. У будове цела характэрна прамянёвая (радыяльная) сіметрыя і вапнавы ўнутр. шкілет з іголкамі, шыпамі і інш. на паверхні. Свабоднарухомыя або прымацаваныя. Ёсць унікальная для І. воднасасудзістая (амбулакральная) сістэма для перамяшчэння або дыхання. Пераважна раздзельнаполыя. Развіццё з утварэннем пелагічнай лічынкі і са складаным метамарфозам. Кормяцца жывёльнай ежай, радзей водарасцямі і рэшткамі расліннасці. І. — корм для прыдонных рыб. Шэраг відаў — аб’екты промыслу. Некат. знішчаюць прамысл. малюскаў.

Ігласкурыя. Марскія лілеі: 1 — метакрынус, 8 — птэраметра. Марскія зоркі: 2 — цэрамастэр, 6 — ктэнадыскус. Афіуры: 3 — змеяхвостка калючая, 10 — афіяплеўра. Марскія вожыкі: 4 — странгілацэнтротус звычайны, 5 — гетэрацэнтротус. Галатурыі: 7 — трахастома арктычная, 9 — галатурыя чорная.

т. 7, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКАЯ КА́ФЛЯ,

архітэктурна-дэкаратыўная кераміка 15 — пач. 20 ст., якую выраблялі цаніннікі з г. Магілёў. Кафля канца 15—16 ст. гаршковая, з круглым вусцем, некаторыя вырабы пакрыты знутры зялёнай палівай. Кафля канца 16—20 ст. каробчатая (тэракотавая, зялёная паліваная, паліхромная). У аздабленні паліхромнай кафлі 17 ст. выкарыстоўвалі белую, зялёную, блакітную, карычневую, жоўтую паліву. У канцы 16—1-й пал. 17 ст. выраблялі кафлю з двухпрыступкавай рамкай на вонкавай пласціне. Паводле тыпаў і прызначэння М.к. падзяляецца на сценавую, карнізную (простую, складаную і інш.), паясную, вуглавую, кафлі-перамычкі, гарадкі (каронкі). У аздабленні пашыраны расл. (выява букета кветак у вазе, дубовыя і лаўровыя лісты, бутон хмелю і інш.) і геам. (зігзагі, сетка, «рыбіна луска» і інш.) арнаменты, сюжэтныя, зааморфныя, геральдычныя, міфалагічныя выявы (ільвы, арлы, грыфоны, анёлы, коннікі, гербы і інш.). У трактоўцы расл. арнаменту, які часта спалучаўся з геам., адметны ўплыў маньерызму (вырабы канца 16—1-й пал. 17 ст.), барока (сярэдзіна — 2-я пал. 17 ст.). Некаторыя кафлі датаваныя. Кафлю канца 17 — пач. 18 ст. часта аздаблялі т.зв. дывановым арнаментам, рэльефнымі выявамі. Кафля канца 18—19 ст. мае гладкую вонкавую пласціну, пакрытую пераважна зялёнай палівай. У канцы 19 — пач. 20 ст. паверхню вонкавай пласціны аздаблялі складаным рэльефным малюнкам.

Літ.:

Володько Р.Ф. Белорусские изразцы. Мн., 1978;

Трусаў А.А., Чарняўскі І.М., Кукуня В.Р. Архітэктурна-археалагічныя даследаванні гістарычнага цэнтра Магілёва // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1983. № 5.

А.​А.​Трусаў, І.​М.​Чарняўскі.

Магілёўская кафля. Паліваная кафля з выявай картуша. 18 ст.

т. 9, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)