БУ́НГЕ (Мікалай Хрысціянавіч) (23.11.1823, Кіеў — 15.6.1895),
рускі дзярж. дзеяч, вучоны-эканаміст. Акад. Пецярбургскай АН (1890), д-р паліт. н. (1850), праф. (1852). Скончыў Кіеўскі ун-т (1845), выкладаў у ім. З 1881 міністр фінансаў, адначасова чл. Дзярж. савета. З 1887 старшыня Кабінета міністраў. Быў прыхільнікам лібералізму. Выступаў за развіццё прыватнай уласнасці, прадпрымальніцтва, канкурэнцыі. У «Нарысах палітыка-эканамічнай літаратуры» (1895) крытычна прааналізаваў сацыяліст. тэорыі Р.Оўэна, Ш.Фур’е, А.Сен-Сімона, П.Прудона і «Капітал» К.Маркса. У 1850—70-я г. распрацаваў праграму сац.-эканам. рэформаў: развіццё прыватнай сялянскай зямельнай уласнасці і перасяленчага руху, стварэнне рабочых саюзаў, прыцягненне рабочых да прадстаўніцтва ў партыях і інш. Пры Бунге прыняты законы аб абавязковым выкупе (1881), замене аброчнага падатку з дзярж. сялян выкупнымі плацяжамі (1886), створаны Сялянскі банк (1882), праведзены падатковыя рэформы.
т. 3, с. 337
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Бунге М. 4/370; 5/104, 121, 387
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́НГЕ ЗЯМЛЯ́,
востраў у цэнтр. ч. Новасібірскіх астравоў. Тэр. Расійскай Федэрацыі. Злучаны з а-вамі Кацельны і Фадзееўскі, утварае адзіны масіў сушы. Пл. 6,2 тыс. км². Пясчаная, слаба расчлянёная раўніна з асобнымі ўзгоркамі выш. да 20 м. Пашыраны эолавыя формы рэльефу. Названы ў гонар рус. падарожніка і заолага А.А.Бунге.
т. 3, с. 337
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНЖУ́ АСТРАВЫ́,
цэнтральныя, самыя вял. астравы ў архіпелагу Новасібірскія а-вы ў м. Лапцевых і Усходне-Сібірскім м. Уключаюць а-вы: Кацельны, Зямля Бунге, Фадзееўскі, Новая Сібір і Бялькоўскі. Агульная пл. каля 29 тыс. км². У рэльефе пераважаюць нізінныя акумулятыўныя раўніны, занятыя арктычнымі тундрамі. Названы імем рус. палярнага даследчыка П.Ф.Анжу.
т. 1, с. 367
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРМО́НІІ ІНТАРЭ́САЎ ТЭО́РЫЯ,
эканамічная канцэпцыя, якая трактавала капіталізм як адзіны магчымы стан грамадства. Узнікла ў сярэдзіне 19 ст.; найб. вядомыя прадстаўнікі: Ф.Бастыя (Францыя), Г.Ч.Кэры (ЗША). У сваіх творах развівалі ідэі аб капіталізме як адзіным магчымым натуральным стане грамадства. Ідэю эканам. гармоніі Бастыя пашырыў і на вытв-сць, і на размеркавальныя адносіны грамадства; лічыў, што гармонію можа парушыць толькі ўмяшанне дзяржавы ў эканам. адносіны людзей. Кэры абгрунтоўваў існаванне «самай поўнай гармоніі ўсіх рэальных інтарэсаў» розных слаёў грамадства, сцвярджаў, што рабочыя атрымліваюць поўны прадукт сваёй працы, а прыбытак ствараецца капіталам, які ён атаясамліваў са сродкамі вытв-сці. Паслядоўнікі гэтай тэорыі — Г.Джордж (ЗША), Я.Дзюрынг (Германія), М.Х.Бунге (Расія) і інш.
т. 5, с. 64
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)