БУЛЬДО́ГІ (англ. bulldog ад bull бык + dog сабака),

пароды караткамордых сабак. Выкарыстоўваюцца як свойскія вартавыя сабакі (англ. бульдог) або дэкар. (франц. бульдог). Гадуюць сабакаводы-аматары ва ўсім свеце.

Англійскі бульдог выведзены ў Вялікабрытаніі. Тулава кароткае, з шырокімі грудзямі. Выш. ў карку каля 40 см, маса да 25 кг. Галава масіўная, шырокая, з вельмі кароткай, узнятай мордай і ніжняй сківіцай, якая выступае ўперад. Масць белая, тыгравая, плямістая. Французскі бульдог выведзены ў Францыі. Нагадвае англ. бульдога. Лічыцца, што продкам яго быў бульдог карлікавай формы. Мае моцную канстытуцыю. Выш. ў карку 30—35,5 см, маса да 14 кг. Масць тыгравая (дробныя палосы чорнай поўсці на бронзавым, рыжым або палевым фоне), белая, плямістая. Тып паводзін — тэмпераментны, адважны.

Да арт. Бульдогі: 1 — французскі; 2 — англійскі.

т. 3, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАКСЁР, нямецкі бульдог,

парода службовых сабак. Выведзены ў Германіі ў канцы 19 ст. скрыжаваннем англ. бульдогаў і ням. булен-бейсераў. Пашыраны ва ўсім свеце.

Канстытуцыя моцная, шыракацелая. Выш. ў карку 58—68 см. Масць рыжая, тыгравая, зрэдку белая, рабая, плямістая. Морда чорная або цёмная, вакол вачэй цёмныя кругі («акуляры»). Шэрсць кароткая, прамая, шорсткая. Хвост купіруюць у маладым узросце. Тып паводзін ураўнаважана-рухомы. Добра дрэсіруецца. Характэрны алюр — галоп.

Баксёр.

т. 2, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭВАЛЬВЕ́Р (англ. revolver ад revolve вярцецца),

індывідуальная многазарадная наразная агнястрэльная зброя з вярчальным барабанам (патроннікам-магазінам). Прызначаны для паражэння жывых цэляў на адлегласці да 100 м. Ёмістасць барабана 6—7 патронаў, калібр 7,62—11,56 мм, скарастрэльнасць 6—7 выстралаў за 15—20 с.

З’явіўся ў 16 ст., пашырыўся як наразны з 1830-х г. У рас. арміі на ўзбраенні былі Р. сістэмы Сміта—Весана, з канца 19 ст. — сістэмы Нагана ўзору 1895 (гл. Наган), якія былі на ўзбраенні і ў Сав. Арміі. У 1-й пал. 20 ст. паступова заменены самазараднымі пісталетамі.

Рэвальверы: 1 — чатырохзарадны Колера з ударнакрамянёвым замком (пач 19 ст., Вялікабрытанія); 2 — капсульны Марыета з вярчальнай звязкай з 4 ствалоў (1830-я г., Бельгія); 3 — шпілечны 12-зарадны Лефашэ (2-я пал. 19 ст., Бельгія); 4 — Бамонта—Адамса падвойнага дзеяння (1856, Вялікабрытанія); 5 — грамадзянскі «Бульдог» 5—6-зарадны (канец 19 — пач. 20 ст., у розных краінах); 6 — сямізарадны «Стралец» (пач. 20 ст., Расія); 7 — шасцізарадны (1960, Чэхаславакія).

т. 13, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)