БУЛЫЧО́Ў Кір

(сапр. Мажэйка Ігар Усеваладавіч, н. 18.10.1934, Масква),

рускі пісьменнік-фантаст. Аўтар зб. апавяданняў «Цуды ў Гусляры» (1972), «Людзі як людзі» (1975), навук.-фантастычных аповесцяў «Востраў іржавага лейтэнанта» (1968), «Апошняя вайна» (1970), «Палова жыцця» і «Умельства кідаць мяч» (1973), «Вандраванне Алісы» і «Дзень нараджэння Алісы» (1974), «Патрэбна свабодная планета» (1977), «Выкраданне чараўніка» (1979), «Чужая памяць» (1981) і інш., навук.-папулярных кніг і апавяданняў, кінасцэнарыяў. Большасць з іх адрасаваны юным чытачам. За сцэнарыі фільма «Праз церні да зорак» і мультфільма «Тайна трэцяй планеты» Дзярж. прэмія СССР 1982.

С.Ф.Кузьміна.

т. 3, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛЫЧО́Ў Юрый Аляксандравіч

(2.4.1921, г. Мурам Уладзімірскай вобл., Расія — 16.9.1976),

бел. мастак кіно, жывапісец. Скончыў Усесаюзны ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1953). З 1953 працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм». Мастак-пастаноўшчык фільмаў: «Дзеці партызана», «Несцерка», «Міколка-паравоз», «Шчасце трэба берагчы», «Дзяўчынка шукае бацьку», «Першыя выпрабаванні» (з У.Белавусавым), «Насустрач буры», «Пушчык едзе ў Прагу», «Анюціна дарога», «Ствары бой», «Там, удалечыні за ракой», «Неадкрытыя астравы», «Маленькі сяржант»; тэлефільма «Па сакрэце па ўсім свеце». Сярод жывапісных работ: «Шыпшына», «Самота», «Раніца ў горадзе», «Зімовы дзень», «Хутар», «Цішыня», «Масток», «Дарога»; партрэты, эцюды, замалёўкі і інш.

Г.А.Фатыхава.

т. 3, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Булычоў А. 10/495

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Булычоў Анатоль Леанідавіч

т. 18, кн. 1, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВЕЗДАЧО́ТАЎ Мікалай Пятровіч

(27.11.1904, г. Пенза, Расія — 8.1.1985),

бел. акцёр. Нар. артыст Беларусі (1944). Скончыў Ленінградскі тэатр. тэхнікум (1929). Працаваў у Бел. т-ры імя Я.Коласа (да 1977). Створаныя ім вобразы вызначаліся цэльнасцю, сац. акрэсленасцю, сцэнічнай выразнасцю і дакладнасцю: Алесь («Вайна вайне» Я.Коласа), Незнаёмы («Раскіданае гняздо» Я.Купалы), Ягор Булычоў, Сацін («Ягор Булычоў і іншыя», «На дне» М.Горкага). Сярод камедыйных роляў Трахім Сініца («Прымакі» Я.Купалы), Моцкін («Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка), з класічнага рэпертуару Гараднічы («Рэвізор» М.Гогаля), Нешчасліўцаў («Лес» А.Астроўскага), Клаўдзій («Гамлет» У.Шэкспіра) і інш.

М.П.Звездачотаў.
М.Звезлачотаў у ролі Ягора Булычова.

т. 7, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУМЕ́ЛЬСКІ Уладзімір Уладзіміравіч

(1884, г. Томск, Расія — 19.4.1939),

рускі акцёр і рэжысёр; заснавальнік рус. т-ра на Беларусі. Засл. арт. Беларусі (1933). Засл. дз. маст. Беларусі (1938).

Сцэн. дзейнасць пачаў у 1904 акцёрам у правінцыі, з 1910 антрэпрэнёр, у 1916—19 працаваў у т-рах Масквы, Яраслаўля. У 1923—27 трупа пад яго кіраўніцтвам гастраліравала на Украіне і Беларусі. У 1928 арганізаваў рус. т-р у Бабруйску (Дэпо-тэатр). Заснавальнік, кіраўнік (1932—36) і акцёр Дзяржаўнага рускага драм. т-ра Беларусі. Артыст шырокага творчага дыяпазону, пераканаўчай маст. праўды, моцнага тэмпераменту, майстар пераўвасаблення. Сярод лепшых роляў: Булычоў («Ягор Булычоў і іншыя» М.Горкага), Гараднічы («Рэвізор» М.Гогаля), Крачынскі («Вяселле Крачынскага» А.Сухаво-Кабыліна), Тарцюф («Тарцюф» Мальера), Гай («Мой сябар» М.Пагодзіна), Вяршынін («Браняпоезд 14-69» У.Іванава), Скутарэўскі («Скутарэўскі» Л.Лявонава), Мамлак («Прафесар Мамлак» Ф.Вольфа). Яго пастаноўкам уласцівы тонкі маст. густ, дакладнае пачуццё стылю аўтара. Найб. значныя: «Мой сябар» і «Ягор Булычоў і іншыя», «Скутарэўскі», «Тарцюф», «Прафесар Мамлак», «Дзядзька Ваня» А.Чэхава, «Шалёныя грошы» А.Астроўскага.

І.Я.Ліснеўскі.

У.У.Кумельскі.
У.Кумельскі (у цэнтры) у ролі Крачынскага.

т. 9, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕО́РГІЕЎСКАЯ Настасся Паўлаўна

(7.11.1914, г. Арол, Расія — 12.9.1990),

руская актрыса. Нар. арт. СССР (1968). Скончыла Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1935). З 1936 у МХАТ. Выконвала пераважна характарныя ролі. Сярод іх: Наташа («Тры сястры» А.Чэхава), Арына Пятроўна («Паны Галаўнёвы» паводле М.Салтыкова-Шчадрына), Ксенія («Ягор Булычоў і іншыя» М.Горкага), Патапава («Бітва ў дарозе» паводле Г.Нікалаевай). Здымалася ў фільмах: «Рэвізор», «А калі гэта каханне?» і інш. Дзярж. прэмія СССР 1951.

т. 5, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ІНКАЎ Васіль Віктаравіч

(25.4.1902, Тбілісі — 4.3.1986),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1968). Творчую дзейнасць пачаў у Сухумі. З 1932 у Рус. драм. т-ры БССР. Майстар псіхалагічна дакладнага раскрыцця характараў персанажаў, ствараў каларытныя эпізадычныя вобразы: Міхей, Гарнец («Галоўная стаўка», «Дзеля жыцця» К.Губарэвіча), Фірс («Вішнёвы сад» А.Чэхава), Трубач, Галавасцікаў, Бяссеменаў («Ягор Булычоў і іншыя», «Варвары», «Мяшчане» М.Горкага), Князь Турэнін («Цар Фёдар Іаанавіч» А.К.Талстога), Аргон («Хітрыкі Скапэна» Мальера), Бернарда («Хітрамудрая закаханая» Лопэ дэ Вэгі) і інш.

т. 4, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РЗІНЬ (Bērzoņa) Ліліта [сапр. Прыедэ-Берзіня

(Priede-Berziņa) Лілія Давыдаўна; 17.7.1903, Рыга — 27.5.1983], латышская актрыса. Нар. арт. СССР (1956). Герой Сац. Працы (1978). З 1922 у Маст. т-ры імя Я.Райніса. Яе творчасць адметная дакладнасцю псіхал. малюнка ролі, лаканічнасцю выразных сродкаў, высокай сцэн. культурай. Сярод роляў: Аснатэ, Спідала, Маці («Іосіф і яго браты», «Агонь і ноч», «Ветрык, вей!» Райніса),

Шурка, Багаеўская («Ягор Булычоў і іншыя», «Варвары» М.Горкага), Маша («Тры сястры» А.Чэхава), Ганна Карэніна («Ганна Карэніна» паводле Л.Талстога), Марыя Сцюарт («Марыя Сцюарт» Ф.Шылера), Філумена («Філумена Мартурана» Э. Дэ Філіпа) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1947, Дзярж. прэмія Латвіі 1982.

т. 3, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМУ́ЛІНА (па мужу Цурбакова) Людміла Аляксандраўна

(9.10.1913, С.-Пецярбург — 2.9.1969),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1961). Творчую дзейнасць пачала ў 1931 у студыі т-ра рабочай моладзі ў г. Ніжні Ноўгарад. Працавала ў т-ры юнага гледача БССР (1937—41), абл. драм. т-рах Палескім (з 1945), Магілёўскім (з 1954), Гомельскім (з 1955). Характарная актрыса быт. плана. Стварала дакладныя, жыццёва праўдзівыя вобразы. Сярод лепшых роляў: Альжбета («Паўлінка» Я.Купалы), Ганна Чыхнюк («Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка), Маці («Легенда пра песню няспетую» М.Пало і І.Папова), Шаблова, Уліта («Позняе каханне», «Лес» А.Астроўскага), Глафіра («Ягор Булычоў і іншыя» М.Горкага), мадам Ксідыяс («Інтэрвенцыя» Л.Славіна), гаспадыня Ніскавуоры («Каменнае гняздо» Х.Вуаліёкі).

т. 5, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)