ПУ́РКІНЕ ((Purkyně) Карал) (11.3.1834, г. Вроцлаў, Польшча — 5.4.1868),

чэшскі жывапісец і маст. крытык, прадстаўнік рэалізму. Сын Я.Э.Пуркіне. Вучыўся ў Вроцлаве ў Г.​Кёніга, Пражскай АМ (з 1851), Мюнхене (1854—55), майстэрні Т.​Куцюра ў Парыжы (1856). Зазнаў уплывы Г.​Курбэ і А.​Мантычэлі. Працаваў у галіне партрэта, нацюрморта, быт. жанра. Творы адметныя псіхал. пераканаўчасцю вобразаў, імкненнем да ўвасаблення матэрыяльнасці прадметнага свету абагульненай, пастознай манерай пісьма: «Нацюрморт са збанам» (1851), «Аўтапартрэт з палітрай і пэндзлем» (1856), «Булонскі лес», «У даліне» (абодва 1857), партрэты сям’і Ворлічака (1859—60) і каваля Іеха («Каваль-палітык», 1860), «Фазаны» (1861), «Партрэт дзяцей мастака» (1867—68) і інш. Аўтар ілюстрацый да кніг «Дон-Кіхот» М.​Сервантэса (1868, з К.​Манэсам) і «Вільгельм Мейстэр» І.​В.​Гётэ (1868). У 1860-я г. пісаў крытычныя артыкулы, скіраваныя супраць акадэмізму.

Літ.:

Эренбург И. Карел Пуркине: [Альбом]. М., 1960;

Прокофьева Н.А. Творчество К.​Пуркине и чешская живопись середины XIX в. М., 1980.

т. 13, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУСО́ ((Rousseau) Анры Жульен Фелікс) (Русо Мытнік; 20.5.1844, г. Лаваль, Францыя — 2.9.1910),

французскі жывапісец, прадстаўнік інсітнага мастацтва. Служыў на парыжскай мытні (адсюль мянушка). З 1880-х г. капіраваў карціны ў маст. музеях. З 1886 выстаўляў свае творы ў «Салоне незалежных» і пры падтрымцы постімпрэсіяністаў набыў вядомасць. Творы вызначаюцца наіўнай непасрэднасцю, вобразнай метафарычнасцю, плоскаснасцю і дакладнасцю форм, яркім стракатым каларытам. Аўтар фантаст. карцін, навеяных экзотыкай далёкіх краін: «Цыганка спіць» (1897), «Тыгр атакуе разведчыкаў» (1904), «Адпачынак ільва», «Фламінга» (абедзве 1907), «У трапічным лесе. Бітва тыгра і быка» (1908), «Ягуар нападае на негра» (1909), «Ягуар нападае на каня», «Каскад» (абедзве 1910). Пісаў краявіды Парыжа («Карнавальны вечар», 1886, «Прагулка ў лесе», каля 1886—90; «Від парку Мансуры», 1895; «Булонскі лес», 1898), алегарычныя творы патрыят. тэматыкі («Стагоддзе Незалежнасці», 1892; «Артылерысты», каля 1893; «Вайна», 1894; «Сон», 1910), партрэты, у якіх падкрэслена шматзначнасць асобы, абвостраная сувязь вонкавага аблічча з таемнымі захапленнямі (аўтапартрэт, 1890; «Партрэт Лаці»; «Муза натхняе паэта», 1909), сцэны з нар. жыцця («Вяселле ў вёсцы», 1905) і інш. Пісаў музыку. Творчасць Р. паўплывала на развіццё прымітывізму.

Я.​Ф.​Шунейка.

А.Русо. Цыганка спіць. 1897.

т. 13, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЛІГІ́ЙНЫЯ ВО́ЙНЫ,

войны, якія адбываюцца ў адпаведнасці з прадпісаннямі рэлігійных догматаў або пад патранажам царквы (рэліг. арганізацыі), напр. крыжовыя паходы, у т. л. супраць славян і балтаў у 12—15 ст. і інш. Гл. таксама Джыхад. У еўрап. гістарыяграфіі Р.в. звычайна называюць Гугеноцкія войны ў Францыі, грамадзянскія войны паміж католікамі і пратэстантамі (гугенотамі) у 2-й пал. 16 ст., абумоўленыя комплексам рэліг., сац. і паліт. супярэчнасцей. Каталіцкую партыю на чале з Гізамі падтрымлівалі паўн.-ўсх. і цэнтр. правінцыі Францыі. Кальвіністаў (гугенотаў), якіх у розныя часы ўзначальвалі прынц Кандэ, адмірал Каліньі, Генрых Наварскі, падтрымлівалі гарады і дваранства зах. і паўд. правінцый краіны. Зачэпкай для 1-й Р.в. (сак. 1562—сак. 1563) было забойства пратэстантаў у сак. 1562 атрадам Ф. дэ Гіза каля мяст. Васі ў Шампані. У адказ пратэстанты на чале з Кандэ сабралі войска і захапілі шэраг гарадоў. У першай бітве (снеж. 1562 каля Дро) перамаглі католікі. У гэтай і наступных бітвах на баку пратэстантаў выступалі ням., а на баку католікаў — італьян. наёмнікі. Пасля забойства Гіза (1563) на чале каталіцкай партыі сталі яго сыны Генрых, Луі (кардынал Латарынгскі) і Шарль. Вайна завяршылася прыняццем эдыкта (15.3.1563, у Амбуазе), які дазволіў пратэстанцкі культ. 2-я Р.в. (вер. 1567 — сак. 1568) пачалася з «сюрпрызу ў Мо», калі Кандэ спрабаваў захапіць караля Ваен. дзеянні вяліся вакол Парыжа. У бітве пры Сен-Дэні гугеноты пацярпелі паражэнне і ў Ланжумо быў заключаны мір. 3-я Р.в. (жн. 1568—жн. 1570) вялася на З і Пд краіны, дзе брат караля Генрых Анжуйскі ваяваў супраць Кандэ і Каліньі. Найб. крывавыя бітвы адбыліся пры Жарнаку (сак. 1569), калі загінуў Кандэ, і пры Манкантуры (кастр. 1569), калі гугеноты пацярпелі паражэнне. Аднак паводле міру ў Сен-Жэрмене (1570) пратэстанты атрымалі свабоду веравызнання і 4 гарады-крэпасці ў якасці гарантый іх бяспекі. Шлюб паміж Генрыхам Наварскім і сястрой караля Маргарытай Валуа 18.8.1572 павінен быў замацаваць дасягнуты мір. Аднак масавае забойства гугенотаў 24.8.1572 (гл. Варфаламееўская ноч), калі загінула каля 3 тыс. чал., у т. л. адмірал Каліньі, прывяло да 4-й Р.в. (жн. 1572 — ліп. 1573) і эскалацыі насілля з абодвух бакоў. Пасля няўдалай аблогі ўрадавымі войскамі Ла-Рашэлі быў заключаны мір. Булонскі эдыкт (1573) пацвердзіў свабоду веравызнання. Характэрнай рысай 5-й Р.в. (ліст. 1574—май 1576) быў саюз паміж памяркоўнай ч. католікаў, т.зв. «палітыкаў», якіх узначальваў брат караля Франсуа Алансонскі, і пратэстантамі. Паводле міру ў Бальё (1576) урад рэабілітаваў гугенотаў, забітых у час Варфаламееўскай ночы і пацвердзіў свабоду веравызнання. Да гэтага часу склалася паліт. арганізацыя гугенотаў, якая аб’яднала гугеноцкія гарады 3 і Пд краіны ў пратэстанцкую канфедэрацыю, фактычна незалежную ад цэнтр. ўрада. У адказ у Пероне аформілася Каталіцкая ліга 1576. На Генеральных штатах у Блуа (1576) пад націскам каталіцкай партыі кароль 1.1.1577 адмовіўся ад эдыкта ў Бальё і абвясціў каталіцызм адзінай рэлігіяй у дзяржаве, што прывяло да 6-й Р.в. (снеж. 1576—кастр. 1577). Аднак адсутнасць фін. сродкаў прымусіла абодва бакі падпісаць мір 17.9.1577 у Бержэраку і эдыкт у Пуацье (кастр 1577), які ў асн. паўтараў эдыкт у Бальё. 7-я Р.в. (ліст. 1579 — ліст. 1580) была выклікана барацьбой гугенотаў за выкананне артыкулаў эдыкта ў Пуацье і вяртанне гарадоў-крэпасцей, якія гарантавалі іх бяспеку. Апошняя Р.в. (ліп. 1585—чэрв. 1598), або т.зв. «вайна Ліг», пачалася пасля смерці 10.6.1584 Франсуа Алансонскага і прызнання Генрыха Наварскага спадкаемцам трона. Адноўленая Каталіцкая ліга вымусіла караля Генрыха III Немурскім эдыктам (ліп. 1585) забараніць пратэстанцкае веравызнанне ў краіне. Пашырэнне ўплыву Каталіцкай і далучанай да яе Парыжскай лігі, прэтэнзіі Г. дэ Гіза на трон прывялі да забойства апошняга і яго брата, кардынала Латарынгскага (снеж 1588), заключэння саюза паміж Генрыхам III і Генрыхам Наварскім і аблогі іх войскамі Парыжа. У час гэтай аблогі 1.8.1589 Генрых III забіты і трон перайшоў да Генрыха Наварскага, які 25.7.1593 прыняў каталіцтва і 27.2.1594 каранаваўся ў Шартры як Генрых IV. У сак. 1594 Парыж адчыніў яму свае вароты, а да 1596 было задушана супраціўленне праціўнікаў Генрыха IV ва ўсёй Францыі. На апошнім этапе ў 1595—98 адбылася вайна паміж Францыяй і Іспаніяй, якая скончылася мірам у Вервене (май 1598) і канчатковым прызнаннем правоў Генрыха IV. Паводле Нанцкага эдыкта 1598 франц. пратэстанты атрымалі свабоду веравызнання і гарантыі іх бяспекі.

Літ.:

Баблон Ж.-П. Генрих IV: Пер. с фр. Ростов н/Д, 1999.

Дз.​М.​Чаркасаў.

т. 14, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЫ́Ж (Paris),

горад, сталіца Францыі. Знаходзіцца на р. Сена, пры ўпадзенні ў яе рэк Марна і Уаза. 2152 тыс. ж. (1997). Разам з прыгарадамі (Версаль, Сен-Дэні, Іўры, Аржанцёй, Дрансі, Булонь-Біянкур, Мантрой і інш.) утварае самастойны дэпартамент Вял. П. (нас. каля 10 млн. чал.). Гал. горад гіст. вобласці Іль-дэ-Франс. Гал. трансп. вузел краіны (16 чыгунак і больш за 20 аўтадарог). Міжнар. аэрапорты: Шарль дэ Голь, Буржэ, Арлі. Сена звязвае П. з морам (аванпорт Гаўр). Гал. эканам., навук. і культ. цэнтр краіны. Галіны прам-сці — разнастайнае машынабудаванне (асабліва станка-, аўта- і авіябудаванне), вырабы дакладнай механікі і оптыкі, электронная, эл.-тэхн., ваенная, хім. (гумавая, фармацэўтычная, выраб фотаматэрыялаў, пластмас і інш.), харч., паліграф., папяровая, мэблевая прам-сць, вытв-сць буд. матэрыялаў і інш. П. — міжнар. заканадаўца мод, выпускаецца больш за 30% гатовага адзення ў краіне. Сусветную вядомасць мае выраб прадметаў туалету, галантарэйных і ювелірных вырабаў, сувеніраў. У П. больш за 50% банкаў краіны, гораду належыць вядучая роля ва ўнутр. і знешнім гандлі Францыі. Рэгулярна праводзяцца міжнар. кірмашы. Горад наведваюць штогод больш за 15 млн. турыстаў. Метрапалітэн. Месцазнаходжанне ЮНЕСКА і інш. міжнар. арг-цый.

Засн. на месцы паселішча гальскага племя парызіяў (адсюль назва). Пад назвай Лютэцыя згадваецца Юліем Цэзарам (53 да н.э.). У 355—363 н.э. рэзідэнцыя рым. імператара Юліяна Адступніка. З 497 пад уладай франкаў, рэзідэнцыя (з 508) караля Хлодвіга I. Пры Каралінгах цэнтр графства. У 855—886 вытрымаў аблогу нарманаў. З 987 сталіца франц. дзяржавы. У гады праўлення караля Філіпа II Аўгуста горад абнесены сценамі, забрукаваны вуліцы, будаваўся Луўр. У 1215 засн. ун-т. У 13—14 ст. буйны гандл. і рамесніцкі цэнтр, найбольшы горад у Еўропе (у пач. 14 ст. 100 тыс. чал.). У 1348 эпідэмія чумы знішчыла ​1/3 яго жыхароў. Парыжане ўдзельнічалі ў парыжскім паўстанні 1357—58, паўстаннях 1382 і 1413. У Стогадовую вайну 1337—1453 горад заняты (1420—36) англ. войскамі. У 1420-я г. — сярэдзіне 16 ст. П. страціў ролю паліт. цэнтра, які перамясціўся ў луарскія замкі (рэзідэнцыя франц. каралёў). У час рэлігійных войнаў 16 ст. П. — апора каталіцызму. У 1572 тут адбылося масавае знішчэнне гугенотаў (гл. Варфаламееўская ноч). У П. разгортваліся гал. падзеі Фронды (1648—53). У 1682 каралеўская рэзідэнцыя з П. перанесена ў Версаль (да 1789). З 2-й пал. 17 ст. П. — сусветны цэнтр навукі, л-ры і мастацтва. 14.7.1789 у П. адбыўся штурм Бастыліі, падзенне якой стала пачаткам Французскай рэвалюцыі 1789—99 (у гады рэвалюцыі П. атрымаў правы муніцыпальнага самакіравання; у час праўлення Напалеона I (1804—1814] пазбаўлены гэтых правоў). У сак. 1814 і ліп. 1815 П. акупіраваны войскамі антыфранц. кааліцыі. Адыгрываў важнейшую ролю ў Франц. рэвалюцыях 1830 і 1848. У 1847 у горадзе 1 млн. жыхароў. У 1853 пракладзены праспекты і бульвары, удасканалена сістэма водазабеспячэння і асвятлення (32 тыс. газавых ліхтароў). Месца правядзення сусв. выставак (1855, 1867, 1889, 1900, 1937). У франка-прускую вайну 1870—71 вытрымаў аблогу ням. войск; у горадзе ўсталявалася Парыжская камуна 1871. У 1896 у П. 2,5 млн. чал. У 1-ю сусв. вайну горад пацярпеў ад ням. бамбардзіровак. У П. праводзіліся II (1900) і VIII (1924) Алімпійскія гульні. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны (1940) ням. войскамі, цэнтр руху Супраціўлення. Вызвалены ў выніку Парыжскага паўстання 1944. У 1949—67 у П. знаходзілася штаб-кватэра НАТО. П. — месца правядзення шматлікіх міжнар. сустрэч, падпісання шэрагу міжнар. пагадненняў і дагавораў.

Захаваліся руіны амфітэатра 1 ст. і тэрм 2—3 ст. У 6—11 ст. П. быў абкружаны кальцом кляштараў: Сен-Жэрмен-л’Аксеруа, Сен-Жэрве, Сен-Мартэн-дэ-Шан, бенедыкцінцаў на Манмартры, Сен-Віктор, Сен-Марсель, Нотр-Дам-дэ-Шан. У 12—13 ст. гар. раёны па абодвух берагах р. Сена абнесены каменнай сцяной. У забудове сучаснага П. захавалася сярэдневяковая радыяльна-кальцавая планіроўка. Радыяльныя магістралі перасякаюцца кольцамі бульвараў, пракладзеных на месцы б. крапасных сцен. Гіст. ядро П. складаюць 3 цэнтры: дзярж. і рэліг. на в-ве Сітэ, універсітэцкі на левым беразе і гандл.-рамесны на правым беразе р. Сена. У 16—17 ст. у хаатычную сярэдневяковую забудову ўнесены элементы рацыянальнай планіроўкі, склаліся гал. рэнесансавыя і класіцыстычныя ансамблі, плошчы Вагезаў (б. Каралеўская; 1606—12), Вандомская (1685—1701), Перамог (1685—86, абедзве арх. Ж.​Ардуэн-Мансар). У 18 — пач. 19 ст. рэканструяваны цэнтр, створаны плошчы Людовіка XV (цяпер Згоды; 1755—63, арх. Ж.​А.​Габрыэль) і Карузель з трыумфальнай аркай (1806, арх. Ш.​Персье, П.​Фантэн), пабудавана больш за 50 застаў, т.зв. прапілеяў П. (захаваліся 4, 1784—89, арх. К.​Н.​Леду). У 1853—96 упарадкавана сетка гал. магістралей, створаны новыя плошчы (Рэспублікі, 1854—62), скверы і лесапаркі, у т. л. Булонскі і Венсенскі лясы, бульвары, азялененыя вуліцы з добраўпарадкаванымі рэспектабельнымі будынкамі. Берагі Сены ў раёне «Вялікага П.» злучаюць 60 мастоў. У канцы 19 — пач. 20 ст. інтэнсіўна раслі жылыя раёны ўскраін, пракладзены метрапалітэн (1-я чарга ў 1897—1904, афармленне ўваходаў у стылі мадэрн, арх. Э.​Гімар). У 1920—30-я г. забудаваны прыгарады (комплексы ў Ле-Прэ-Сен-Жэрве, Пантэне, Дрансі), у 1950-я г. створаны буйныя жылыя масівы Бабіньі, Баньё, Масі-Антані, Баньёле і інш. У 1960—90-я г. забудоўваюцца жылыя раёны на перыферыі П. (Крэтэй, Нантэр), рэканструюецца цэнтр. Гал. арх. ансамблі: на в-ве Сітэ — Парыжскай Божай Маці сабор, Палац правасуддзя (1783—86, арх. П.​Дэмезон, Ж.​Д.​Антуан) з гатычнай капліцай Сент-Шапель (1243—48); на левым беразе Сены — Дом інвалідаў (з 1671, арх. Л.​Бруан і інш.) з саборам (1671—1708; паводле інш. звестак, 1680—1706; у інтэр’еры грабніца Напалеона 1, 1843—60), адкрыты на Эспланаду (плошчу) інвалідаў (1704—20) з мостам Аляксандра III (1896—1900); Марсава поле (сучасная планіроўка 1908—28, арх. К.​Фарміге) з Эйфелевай вежай, Пантэон (б. касцёл Сент-Жэнеўеў, 1755—89, арх. Ж.​Ж.​Суфло), б-ка Сент-Жэнеўеў (1843—50, арх. А.​Лабруст); на правым беразе Сены — пл. Згоды, на якой перасякаюцца гал. гар. восі, Луўр, Елісейскія палі (17 ст., арх. А.​Ленотр, забудавана пераважна ў канцы 19 ст.), пл. дэ Голя з трыумфальнай аркай (1806—37, рэльефы), якія ўтвараюць анфіладу плошчаў цэнтра П. Сярод арх. помнікаў гатычныя касцёлы Сен-Жэрмен-дэ-Прэ (11—17 ст.) і Сен-П’ер-дэ-Манмартр (1147), атэлі Клюні (1498) і Карнавале (1544, арх. П.​Леско, скульпт. Ж.​Гужон, абодва цяпер музеі); палацы Люксембургскі (Сенат; 1615—20, арх. С. дэ Брос), Каралеўскі (Пале-Руаяль; 1629—36, арх. Ж.​Лемерсье) і Бурбонскі (цяпер Палата дэпутатаў; 1722); комплексы будынкаў Сарбоны (з 1635, арх. Лемерсье і інш), кляштара Валь-дэ-Грас (1645—1710, арх. Ф.​Мансар, Лемерсье, П.​Лемюэ і інш.), Калеж чатырох нацый (цяпер Ін-т Францыі; 1661, арх. Л.​Лево), касцёл Сен-Сюльпіс (1646—1749), базіліка Сакрэ-Кёр на ўзгорку ў раёне Манмартра (1875, арх. П.​Абадзі), т-р «Гранд-апера» (1861—75, арх. Ш.​Гарнье; размалёўка плафона глядзельнай залы М.​Шагала, 1964), палац Шаё (1936—37, арх. Л.​Азема і інш.). Найб. значны горадабудаўнічы ансамбль 20 ст. — грамадска-дзелавы цэнтр квартала Дэфанс, які ўключае Нац. цэнтр прам-сці і тэхнікі (1958, арх. Б.​Зерфюс і інш.), вышынны дзелавы цэнтр Мен-Манпарнас (1964—73, арх. Э.​Бадуэн і інш.), комплекс «Фронт Сены» (з 1965), Вял. арку (1982, арх. І.О. фон Шпрэкельсен), шматлікія небаскробы і інш. Сярод жылых і грамадскіх пабудоў: т-р Елісейскіх палёў (1911—13, арх. А. і Г. Перэ, рэльефы А.​Бурдэля, размалёўкі М.​Дэні), вілы Ла-Рош (1923), Стайн (1927), у Пуасі (1929—31, усе арх. Ле Карбюзье), будынкі ЮНЕСКА (1953—57, арх. М.​Броер, Зерфюс і інш., інж. П.​Л.​Нерві), цэнтр «Італі» (з 1968), амёбападобныя жылыя дамы ў парку Дэфанс (1976—90, арх. Э.​Аё), Нац. цэнтр мастацтва і культуры імя Ж.​Пампіду (1977, арх. Р.​Піяно, Р.​Роджэрс і інш.), разбудова Луўра (1981—93). Каля П. ў Марне-ла-Вале пабудаваны вял. лунапарк «Еўрадыснейленд» (1992). У П. фантаны «Нявінных» (1547—49, арх. Леско, скульпт. Гужон), «4 пары года» (1739—45, скульпт. Э.​Бушардон) і інш. Набярэжная Сены з помнікамі архітэктуры ўключана ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Найважнейшыя помнікі П.: Калона Напалеона I на Вандомскай пл. (1806—10, арх. Ж.​Б.​Лепер, Ж.​Гандуэн), А. дэ Бальзаку (1893—97) і В.​Гюго (1866—1900, абодва скульпт. А.​Радэн), маршалу М.​Нею (1852—53), рэльеф «Марсельеза» на трыумфальнай арцы (1833—36, абодва Ф.​Руд), Сцяна камунараў на могілках Пер-Лашэз (1909, П.​Маро-Вацье), магіла Невядомага салдата пад аркай Зоркі (1921), мемарыялы Пакутнікаў Супраціўлення на ўзгорку Мон-Валер’ен (1960—61) і тым, што загінулі ў фаш. канцлагерах (на в-ве Сітэ, 1961).

У П. 13 ун-таў (створаны ў 1972 у выніку рэформы Парыжскага ун-та), Калеж дэ Франс, Вышэйшая практычная школа, Нац. політэхн. ін-т, Вышэйшая нармальная школа, Каталіцкі ін-т П., 2 кансерваторыі, Нац. вышэйшая школа выяўл. мастацтваў і інш.; Ін-т Францыі ў складзе 5 акадэмій, у т. л. Франц. акадэмія (з 1635), Акадэмія л-ры (з 1664), Акадэмія навук (з 1666); шматлікія НДІ і навук. т-вы, у т. л. Пастэраўскі ін-т, Ін-т арабскага свету, Ін-т радыю. Нац. б-ка і Нац. архівы. Буйнейшыя выд-вы, у т. л. Ашэт (з 1826), Ларус (з 1865). Каля 100 музеяў, у т. л. Луўр, Нац. музей сучаснага мастацтва, Музей чалавека, музеі Бальзака, Гюго, П.​Пікасо, А.​Радэна; шматлікія маст. галерэі. Каля 90 тэатраў, у т. л. «Камеды Франсэз», Парыжская опера; больш за 300 кінатэатраў. Бат. сад (з 1635; адзін з найстарэйшых у Еўропе).

Беларусы ў Парыжы. З часоў ВКЛ і Рэчы Паспалітай тут вучыліся некат. ўраджэнцы Беларусі, у т. л. Т.Касцюшка. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай у П. з’явіліся і паліт. эмігранты з бел. зямель: удзельнікі паўстанняў 1794 (у т. л. М.К.Агінскі), 1830—31 (І.Дамейка і інш.), 1863—64 (В.Урублеўскі, К.​Далеўскі, Г.Корвін-Крукоўская і інш. рэвалюцыянеры, якія сталі ўдзельнікамі Парыжскай камуны 1871). Тут вучыліся мастацтву Н.Орда і інш. ўраджэнцы Беларусі, жылі мастакі В.Ваньковіч, М.Шагал і інш. Арганізаваная нац.-культ. дзейнасць беларусаў П. пачалася з узнікненнем у 1930 «Беларускага хаўрусу». У 1938 у П. створана «Бел. жаночая грамада імя А.​Пашкевіч (Цёткі)», стала выдавацца бел. газета «Рэха». Пасля 2-й сусв. вайны ў П. выдавалася першая з пасляваен. беларускамоўных газет у замежжы — «Беларускія навіны» (1945—47). З 1947 выходзілі бел. рэліг. час. «Божым шляхам» і штомесячнік «Моладзь», тут дзейнічаў старшыня Рады БНР М.Абрамчык. У канцы 1940 — пач. 1950-х г. у П. знаходзілася штаб-кватэра Сусветнага аб’яднання беларускай эміграцыі. З 2-й пал. 1950-х г. у сувязі з пераездам у інш. краіны ч. беларусаў іх грамадскае і нац.-культ. жыццё ў П. паступова згортвалася. У 1970 зноў актывізаваўся «Бел. хаўрус» (з 1991 яго старшыня — мастак М.Навумовіч). У 1980—90-я г. ў П. пераехалі В.Забораў, В.Дзёмкіна, мастак М.​Паўлоўскі і інш. Цяпер у П. жыве каля 1,3 тыс. беларусаў (асн. частка беларусаў Францыі). Дзейнічае бел. каталіцкая місія.

Літ.:

Париж.: Пер. с фр. М., 1976;

Favier J. Paris: Deux mille ans d’histoire. Paris, 1997;

Rouleau B. Paris: histoire d’un espace. Paris, 1997;

Лялькоў І. Gallia Albaruthensie, або Пяць стагодзьдзяў беларускае прысутнасьці ў Францыі // Спадчына. 1999. № 2.

Дз.​М.​Чаркасаў (гісторыя), Т.​А.​Папоўская (беларусы ў Парыжы).

Набярэжная Сены ў Парыжы.
Да арт. Парыж. Від на востраў Сітэ. Фрагмент мініяцюры з «Раскошнага часаслова герцага Берыйскага». Браты Лімбург. 1409—16.
Парыж. Калона Напалеона I на Вандомскай плошчы.
Парыж. Трыумфальная арка на плошчы дэ Голя.
Парыж. Вялікая арка ў квартале Дэфанс. 1982.

т. 12, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)