Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БУКІНІ́СТ (франц. bouquiniste ад bouquin старадаўняя кніга),
спецыяліст кніжнага гандлю, які займаецца купляй і продажам твораў друку, што былі ў карыстанні. Букіністы-антыквары — знаўцы старадаўніх і рэдкіх выданняў. Гл. таксама Букіністычная кніга, Бібліяфільства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУКЕ́ВІЧ (Канстанцін Фадзеевіч) (1810, Вільня —1842),
бел. жывапісец і графік. Вучыўся ў Віленскім ун-це ў Я.Рустэма і Пецярбургскай АМ (1835—39). Вывучаў жыццё і побыт насельніцтва Віленшчыны і Гродзеншчыны. Стварыў шэраг жанравых кампазіцый: «Рускія салдаты ў вёсцы», «Прывал уланаў каля пераправы цераз раку» (абедзве 1830), «Карчма», «Яўрэйскія кантрабандысты ў ваколіцах Вільні» (да 1839). Аўтар графічных замалёвак «Гандляр шапкамі», «Букініст», «Карчма ў прадмесці», «Старызнік». У 1840 выдаў серыю літаграфій — сцэн з нар. жыцця («Вільня, год 1840»). Яго малюнкі былі змешчаны ў альбоме Я.Вільчынскага, выдадзенага ў Вільні.
Літ.:
Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974.