БУКСІ́РНАЕ СУ́ДНА, буксір (ад галанд. boegseren цягнуць),

самаходнае судна для буксіроўкі баржаў, плытоў і інш. Бываюць: буксіроўшчыкі (перамяшчэнне суднаў з выкарыстаннем троса), штурхачы (перамяшчэнне суднаў штурханнем), кантоўшчыкі (для дапамогі суднам пры швартоўцы да прычала), выратавальнікі (для дапамогі суднам, пацярпелым аварыю). Паводле тыпу рухавікоў можа быць параходам, цеплаходам і электраходам, паводле тыпу рухачоў — вінтавым, колавым, з крыльчатымі рухачамі, паводле месца плавання — рачным, марскім, акіянскім, рэйдавым (партовым).

Да арт. Буксірнае судна. Буксір-штурхач.

т. 3, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДЗЯНО́Й (Міхаіл Рыгоравіч) (23.12.1924, г. Харкаў — 11.9.1987),

украінскі артыст аперэты. Нар. арт. СССР (1978). Вучыўся ў Ленінградскім тэатр. ін-це (1939—41). З 1954 артыст Адэскага т-ра муз. камедыі (у 1979—83 маст. кіраўнік і дырэктар). Яго выкананне вылучалася пластычнасцю, лёгкасцю і вытанчанасцю сцэн. малюнка. Сярод роляў: Фларыдор («Мадэмуазель Нітуш» Ф.​Эрвэ), Боні («Сільва» І.​Кальмана), Мішка-Япончык («На світанні» А.​Сандлера), Яшка-буксір («Белая акацыя» І.​Дунаеўскага), Дулітл («Мая цудоўная лэдзі» Ф.​Лоу); у кіно — Папандопула («Вяселле ў Малінаўцы», 1967).

т. 3, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЛАМІ́НК ((Vlaminck) Марыс дэ) (4.4.1876, Парыж — 11.10.1958),

французскі жывапісец і графік. Прадстаўнік фавізму. Самавучка, фарміраваўся пад уплывам В. ван Гога і П.​Сезана. Раннія творы (пач. 20 ст.) дынамічныя па кампазіцыі, напружана-кантрастныя і крыкліва-зыркія па колеры і пейзажы: «Чырвоныя дрэвы», «Дом пад дрэвам», «Цырк», «Нацюрморт з яблыкамі» (усе 1906), «Баркі на Сене» (1907), «Буксір каля Шату» (1908), «Кветкі» (1909); партрэт «А.​Дэрэна» (1905), «Аўтапартрэт» (1912) і інш. Творам 1920—30-х г. («Руэй-ла-Гадэльер», «Царква ў Аверсюр-Уаз. Памяці ван Гога») уласціва драм. экспрэсія, змрочны каларыт. Працаваў у галіне станковай і кніжнай графікі (гравюры на дрэве «Жаночая галава», «Аржэнтоль», літаграфія «Сен-ле-Таверні» і інш.).

Літ.:

Selz J. Vlaminck. Paris, 1975.

В.Я.Буйвал.

М.Вламінк. Цырк. 1906.

т. 4, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАХО́Д, паравое судна,

марское або рачное самаходнае судна, якое прыводзіцца ў рух паравой машынай ці паравой турбінай.

П. з паравой машынай Дж.​Уата пабудаваны ў 1802 у Вялікабрытаніі. У 1807 у ЗША Р.​Фултан пабудаваў колавы рачны П. У Расіі першае судна з паравой машынай (землечарпалка) створана ў 1810; марскі П. («Елізавета», для зносін паміж Пецярбургам і Кранштатам) — у 1815. Напачатку П. былі колавыя, з 1840-х г. — з грабным вінтом. З сярэдзіны 20 ст. П. выцясняюцца больш эканамічнымі цеплаходамі (з рухавіком унутр. згарання). У СССР з 1958 буд-ва П. спынена. Сучасныя П. з паравой (або газавай) турбінай наз. турбаходамі, турбаэлектраходамі (гл. Электраход).

Параходы: 1 — буксір з грабным колам (1801; Шатландыя); 2 — рачны пасажырскі (19 ст., ЗША).

т. 12, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)