Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БУДЫ́ЗМ,
адна з трох сусв. рэлігій (разам з хрысціянствам і ісламам). Узнік у 6 ст. да н.э. як рэакцыя стараж.-інд. насельніцтва на брахманізм і каставы падзел грамадства, дзе дасягненне канчатковай мэты рэліг. практыкі залежала ад брахманаў і было недасягальнае для ніжэйшых кастаў. Заснавальнікам будызму лічыцца інд. прынц Сідхартха Гаўтама, празваны Будам. У цэнтры будызму вучэнне пра 4 высакародныя ісціны: існуе жыццё-пакута; прычына пакут у жаданнях; паглыбляючыся ў нірвану, можна спыніць пакуты; метад дасягнення нірваны — «васьмярычны шлях» (складаецца з сапраўдных поглядаў, рашучасці, намагання, засяроджвання; кантролю над мовай; з праведных дзеянняў, жыцця, намераў). У будызме выказваецца думка пра адмаўленне і ад крайнасцей, звязаных з рытуаламі брахманізму, і ад аскетызму; ён вядомы як «сярэдні шлях». Першапачаткова будызм быў хутчэй філас.-этычным вучэннем, пазней пашырыўся за межы Індыі, набыў рысы рэлігіі. Дактрына будызму распрацавана ў працэсе стварэння будыйскіх школ і кірункаў. На мяжы 1—2-га тыс.н.э. перастаў адыгрываць адметную ролю ў гісторыі і культуры Індыі, як сусв. рэлігія фарміраваўся за яе межамі.
Літ.:
Щербатской Ф.И. Избранные труды по буддизму. М., 1988;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛАСЭ́РНАСЦЬ,
схільнасць да спагады іншым, да літасці над кім-небудзь. У паняцці «М.» спалучаюцца духоўна-эмацыянальны аспект (перажыванне чужога болю як свайго) і канкрэтна-практычны (імкненне да дапамогі). Вытокі М. як рэальнага прынцыпу ляжаць у архаічнай радавой салідарнасці, якая абавязвала цаной любых ахвяр дапамагаць родзічам. М. прапаведуюць сусв. рэлігіі, перш за ўсё будызм і хрысціянства. Будызм разумее жыццё ўвогуле як пакуты, а таму М. трактуецца як універсальны прынцып адносін да ўсяго жывога. Хрысціянства ўносіць спецыфічную матывацыю М. — асабістую любоў да Хрыста. У выпадку маёмаснай і інш. няроўнасці застаецца адзінота, старасць і інш. пакуты, якія патрабуюць грамадскіх клопатаў і індывід. М.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНАЯ ВЭЙ, Тоба Вэй, Юань Вэй,
адна з дынастый, якія кіравалі Паўн. Кітаем у час Паўднёвых і Паўночных дынастый (386—535). Засн. Тоба Гуем — правадыром племя тоба з племяннога саюза сяньбі, які заваяваў Пн Кітая ў канцы 4 ст. Пры П.В. ў Кітаі пашырыўся будызм. У 534—535 дзяржава П.В. распалася на 2 царствы: Усх. Вэй (534—550) і Зах. Вэй (535—557).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАКВ’Е́ТЫ,
старажытны народ, продкі сучасных в’етнамцаў (гл.В’еты). У 3 ст. да н.э. — 2 ст.н.э. насялялі паўн. і цэнтр. раёны В’етнама. Асн. занятак — паліўное земляробства, часткова рыбалоўства. У 3 ст. да н.э. Л. стварылі дзяржаву Аўлак, на культуру якой зрабіў уплыў інд.будызм. У 1 ст.н.э. Аўлак заваяваны войскамі кіт. імперыі Хань. З 3 ст. на аснове Л. пачалося складванне в’етн. народнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ДА (санскр.літар. прасветлены),
у будыйскай рэлігіі істота, якая дасягнула стану найвышэйшай дасканаласці («прасвятлення») і здольная паказаць шлях рэліг. выратавання. Будыйскі пантэон налічвае сотні будаў. У вузкім значэнні — імя заснавальніка будызму Сідхартхі Гаутамы (623—544 да н.э.), які, паводле легенды, пакінуў сям’ю і пасля 7 гадоў аскетычных вандраванняў і «пазнання ісціны» стаў прапаведаваць новае вучэнне ў Індыі (гл. ў арт.Будызм).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІ́ЛЬЕЎ (Васіль Паўлавіч) (4.3.1818, Ніжні Ноўгарад — 10.5.1900),
рускі вучоны-кітаязнавец. Акад. Пецярбургскай АН (1886). Праф. Казанскага (з 1851) і Пецярбургскага (з 1855) ун-таў. Скончыў Казанскі ун-т (1837). У 1840—50 у рус. духоўнай місіі ў Пекіне, вывучаў санскрыт, кіт., манг., тыбецкую і маньчжурскую мовы. Навук. працы па рэлігіі Усходу, гісторыі, геаграфіі, л-ры Кітая (першы з еўрапейцаў даследаваў фанетыку, марфалогію і пісьмо Кітая). Гал. працы: «Будызм, яго догматы, гісторыя і літаратура» (ч. 1, 3, 1857—69), «Аналіз кітайскіх іерогліфаў» (ч. 1—2, 1866—84) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМАІ́ЗМ,
адна з плыняў будызму. Узнік у 7 ст. ў Тыбеце, куды будызм пранік з Індыі ў форме махаяны. Да канца 8 ст.будызм стаў дзярж. рэлігіяй Тыбета. Тут пабудаваны першы манастыр Сам’е, з’явіліся манахі-тыбетцы, узнікла манастырскае землеўладанне; у пач. 9 ст. склалася духоўная іерархія. У перыяд т. зв. позняга распаўсюджвання будызму ў Тыбеце (10—14 ст.) узнікла мноства ламаісцкіх сект, сярод якіх найб. значнымі былі Кадампа, Сак’япа, Каджупа, Кармапа; у канцы 14 — пач. 15 ст. утварылася найб. буйная ламаісцкая секта Гэлуг-ба, заснаваная Цзанкабам (1357—1419). З 16 ст. кіраўнікі гэтай секты сталі насіць тытул Далайламы. Да сярэдзіны 17 ст. 5-му далай-ламе Агван Лабзан Джамцо (1617—82) удалося падпарадкаваць сваёй уладзе (духоўнай і свецкай) усе асн. раёны Тыбета, які т. ч. ператварыўся ў тэакратычную дзяржаву; узнік ін-т панчэн-лам — другіх (пасля далай-лам) іерархаў ламаісцкай царквы. У 16—17 ст. Л. стаў пануючай рэлігіяй у Манголіі, атрымаў пашырэнне ў Тыве, Бураціі, сярод калмыкаў Паволжа. Асн. ідэі Л. выкладзены ў свяшчэнных тэкстах «Ганджур» (пераклад адкравенняў, 108 тамоў), «Танджур» (пераклад тлумачэнняў, 225 тамоў). Важнае месца ў Л. займаюць магія, вера ў шматлікія мясц. божаствы, развіты рытуальнасць і поўнае падпарадкаванне вучня настаўніку—ламе. Састаўной часткай Л. з’яўляецца тэорыя ўвасабленняў буд, бадхісатваў, божастваў у пэўных асоб — «трулку», якія лічацца зямнымі вобразамі Буды і Бадхісатвы. Цэнтрамі культавай дзейнасці прыхільнікаў Л. з’яўляюцца манастыры (дацаны), дзе адбываюцца богаслужэнні, якія складаюцца з малітваў, ахвярапрынашэнняў, музыкі (выконваецца на традыц. інструментах). Пры манастырах існавалі ламаісцкія школы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНСА́РА (санскр., літар. — блуканне, кругаварот, пераход праз пэўныя станы),
вучэнне ў індыйскіх рэлігіях (індуізм, джайнізм, будызм) і філасофіі пра пераўвасабленне, перараджэнне душы. Вытокі ідэі С. ў анамістычных уяўленнях аб роднаснасці ўсяго жывога і магчымасці пераходу паміж яго формамі (перараджэнне магчыма не толькі ў вобразе чалавека, але і бога, жывёлы) і ў ідэі аб перыядычным узнікненні і знішчэнні ўсяго, што існуе ў свеце. Ажыццяўляецца С. паводле законаў кармы: пасля смерці душа можа пераўвасобіцца ў сваёй ранейшай форме існавання або ў больш ці менш спрыяльных формах у залежнасці ад здзейсненых пры жыцці ўчынкаў. С. проціпастаўляецца нірване як канчатковаму выхаду з ланцуга перараджэнняў, духоўнаму выратаванню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДДЗЯЛЕ́ННЕ ЦАРКВЫ́ АД ДЗЯРЖА́ВЫ,
дзяржаўная палітыка адхілення царквы ад вядзення актаў цывільнага стану і ўдзелу ў дзярж. кіраўніцтве. Канстытуцыйна ажыццёўлена ў нешматлікіх краінах (ЗША, Францыя, б.СССР і інш.). У канстытуцыях больш як 40 дзяржаў прадугледжаны статус дзярж. або пануючай рэлігіі і царквы (у Іспаніі, Італіі, Балівіі — каталіцызм, Іране, Саудаўскай Аравіі, Кувейце — іслам, у Ізраілі — іудаізм, у Тайландзе — будызм). Мае месца і канстытуцыйнае прызнанне роўнасці рэлігіі і царквы без аддзялення царквы ад дзяржавы (Японія, ФРГ і інш.). У Рэспубліцы Беларусь аддзяленне царквы ад дзяржавы ажыццяўляецца на аснове неўмяшання дзяржавы ва ўнутрыцаркоўныя справы, самастойнага і канстытуцыйнага права кожнага грамадзяніна вызначаць адносіны да рэлігіі, вызнаваць любую рэлігію або не вызнаваць ніякай.