БУДА́Н,

курэнь, часовая жылая пабудова, вартоўня ці склад у садах, на вял. агародах, у лесе, на сенажаці. Вядомы на Беларусі і Украіне са старажытнасці. Найчасцей будан будавалі ў выглядзе 2-схільных канструкцый з тонкіх жэрдак на 2 слупах-сохах, злучаных уверсе перакладзінай, накрывалі карой, галлём, саломай, сенам. У пач. 20 ст. на Палессі зафіксаваны буданы больш складанай пірамідальнай канструкцыі: васьмігранныя ў плане з 4 слупамі ў цэнтры, якія звязваліся перакладзінамі і служылі асновай нахіленых сцен з плашак або драніц, абкладзеных звонку дзёрнам. Часам ніжнюю частку будана рубілі з бярвён, а над агнішчам (у цэнтры) ставілі 2-схільны дах з дымнікам па баках. Выкарыстоўвалі будан і як часовае жыллё ў перыяд розных нягод, асабліва войнаў.

т. 3, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАТО́ЎСКІ Міхаіл Міхайлавіч, бел. краязнавец і этнограф 2-й пал. 19 ст. Скончыў Магілёўскую духоўную семінарыю (1857), працаваў у ёй настаўнікам. Доўгі час жыў на Палессі, вывучаў яго гісторыю, заняткі, побыт і культуру насельніцтва. У 17 нарысах, апублікаваных у пецярбургскай газ. «Русский мир» (1875), выклаў уражанні і назіранні, акрэсліваў межы бел.-ўкр. Палесся, адзначаў захаванне перажыткаў язычніцтва. 6 нарысаў прысвяціў пашырэнню каталіцызму на Бел. Палессі, апісаў антыезуіцкія паўстанні ў Мазыры (1581), Янаве (1657). Перадрукі асобных нарысаў зроблены ў пецярб. час. «Нива».

Тв.:

Полесские свята: Из очерков Полесья // Нива. 1880. № 29, 30;

Полесские будан І І Там жа. 1881. № 2;

Полесская поганьщина // Там жа. № 27.

В.К.Бандарчык.

т. 3, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)