БУГРЫ́ ПУЧЭ́ННЯ,

мярзлотныя формы рэльефу круглаватай формы, якія ўтвараюцца пры прамярзанні моцна ўвільготненых тоўшчаў горных парод і павелічэнні іх аб’ёму ў выніку лакальнага намнажэння лёду. Развіты ў тундры і лесатундры. Бываюць да 30—40 м вышыні і 300—400 м у дыяметры асновы. Падзяляюцца на ўласна бугры і гідралакаліты. Мясц. назвы бугроў пучэння: «булгуннях» (як.), «пінга» (амер.) і інш.

т. 3, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЭ́РАЎСКІЯ БУГРЫ́,

паралельныя, амаль шыротна выцягнутыя грады і ўзвышшы ў Прыкаспійскай нізіне, паміж вусцямі рэк Кума і Эмба. Маюць правільную авальную форму. Выш. ад 10 да 45 м, даўж. да 25 км, шыр. 200—300 м, адлегласць паміж грабянямі 1—2 км. Складзены з пяску і крошкі шчыльных карычневых глін. Магчыма, эолавага паходжання. Упершыню апісаны К.М.Бэрам; адсюль назва.

т. 3, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯРЗЛО́ТНЫ РЭЛЬЕ́Ф, крыягенны рэльеф, крыягенная морфаскульптура,

сукупнасць форм рэльефу, паходжанне і развіццё якіх звязана з працэсамі прамярзання і адтайвання грунтоў. Характэрны пераважна для палярных абласцей, дзе пашыраны шматгадовамёрзлыя грунты, трапляецца таксама ў высакагор’ях. Уключае бугры пучэння, курумы, саліфлюкцыйныя тэрасы, паліганальныя ўтварэнні і інш. На тэр. Беларусі М.р. развіваўся ў часы зледзяненняў (захаваліся яго сляды, напр., тэрмакарставыя азёры і сподкі, бугры пучэння).

т. 11, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУГРЫ́СТЫЯ ПЯСКІ́,

нерухомыя намнажэнні пяскоў у выглядзе невял. узгоркаў круглаватай ці падоўжанай формы вакол асобных хмызнякоў. Адрозніваюць сыпучыя кучавыя пяскі і зацвярдзелыя бугры. Фарміруюцца ў раёнах залягання прэсных і саленаватых грунтавых вод (на глыб. 3—5 м). Характэрны для пустыняў Цэнтр. Азіі.

т. 3, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОРЖ (Odobaenus rosmarns),

адзіны від сям. маржоў атр. ластаногіх. 3 падвіды. Пашыраны кругапалярна. Жывуць статкамі на ўзбярэжжах, летам на плывучым лёдзе ўтвараюць логавішчы да 3—4 тыс. асобін. Лапцеўскі падвід (O.r. laptevi) у Чырв. кнізе МСАП.

Даўж. самца да 4,1 м, маса да 2 т (самкі адпаведна да 3,7 м і 1,1 т). Скура тоўстая (да 4 см) з кароткімі рэдкімі валасамі. У самца на грудзях, шыі і лапатках скура ўтварае бугры. Іклы верхняй сківіцы ператварыліся ў біўні (гл. Маржовыя іклы). Кормяцца пераважна доннымі жывёламі (малюскамі, ракападобнымі, чарвямі). Нараджаюць 1 дзіцяня раз у 2—3 гады. Промысел абмежаваны. Выкарыстоўваюцца біўні, мяса, скура.

Э.​Р.​Самусенка.

Морж.

т. 10, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ДАСТАЎСКІ,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Драгічынскім р-не Брэсцкай вобл. Створаны ў 1978 з мэтай аховы прыродных запасаў лек. раслін і арганізацыі рацыянальнай нарыхтоўкі лек. сыравіны. Пл. 6857 га.

Большая ч. заказніка — забалочаны лясны масіў; уздоўж воз. Белае пясчаныя і супясчаныя бугры і грады. Лясы займаюць 82% (пераважаюць хвойнікі). Хваёвыя бары на вяршынях бугроў, па схілах — з дамешкамі асіны, дуба, вольхі. Бярэзнікі (24%) і чорнаалешнікі (19%) з дамешкамі асіны, дуба, граба, ясеня. Дубровы (1,4%) з відамі раслін, занесеных у Чырв. кнігу Беларусі: венерын чаравічак сапраўдны, смярдзюх звычайны, зубніца клубняносная, касач сібірскі, лілея кучаравая, пылкагалоўнік чырвоны. З лек. раслін распаўсюджаны буквіца, валяр’ян, жывакост і купена лекавыя, багун, лотаць, шабельнік і ўвярэднік балотныя, святаяннікі плямісты і прадзіраўлены, ландыш майскі, талакнянка, крушына ломкая і інш.; чарнічнікі займаюць 19% тэр., журавіннікі — 3%.

П.​І.​Лабанок.

т. 13, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЭР (Карл Максімавіч) (Карл Эрнст; 28.2.1792, Эстонія — 28.11.1876),

расійскі прыродазнавец, заснавальнік эмбрыялогіі. Акад. Пецярбургскай АН. (1828—30 і 1834—62; ганаровы чл. з 1862), замежны чл.-кар. (1826). Адзін з заснавальнікаў Рус. геагр. т-ва. Скончыў Дэрпцкі (Тартускі) ун-т (1814). Працаваў у Аўстрыі і Германіі, у 1829—30 і з 1834 у Расіі. Адкрыў яйцаклетку ў млекакормячых, апісаў стадыю бластулы, вывучыў эмбрыягенез у кураняці, устанавіў падабенства эмбрыёнаў вышэйшых і ніжэйшых жывёл, паслядоўнае з’яўленне ў эмбрыягенезе адзнак тыпу, класа, атрада і інш.; апісаў развіццё ўсіх асн. органаў пазваночных. Удзельнік экспедыцый на Новую Зямлю (1837) і Каспійскае м. (1853—56). Растлумачыў заканамернасць падмыву берагоў рэк (Бэра закон). Рэдактар серыі выданняў па геаграфіі Расіі. Імем Бэра названы мыс на Новай Зямлі і востраў у Таймырскім зал., грады ў Прыкаспійскай нізіне (гл. Бэраўскія бугры).

Тв.:

Рус. пер. — Избранные работы. Л., 1924;

Автобиография. М., 1950;

История развития животных. Т. 1—2. М.; Л., 1950—53.

А.​С.​Леанцюк.

т. 3, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫКАСПІ́ЙСКАЯ НІЗІ́НА.

На ПдУ Усх.-Еўрапейскай раўніны, на паўн. узбярэжжы Каспійскага мора, у Расіі і Зах. Казахстане. Пл. каля 200 тыс. км². Асн. яе ч. — глыбокая тэктанічная ўпадзіна на паўд.-ўсх. ускраіне Усх.-Еўрапейскай платформы. Нізкая, плоская раўніна ва ўнутр. прыморскай частцы, паўд. частка якой ніжэй узр. акіяна (ад 0 да 28 м); на ўскраінах падымаецца да 100 м, у паўн. частцы — саляныя купалы (выш. да 149 мг. Вялікае Багдо). У зах. частцы перасякаецца Волга-Ахтубінскай поймай. Уключае дэльты рэк Волга, Церак, Сулак, нізоўі Урала, Эмбы, Кумы, Саляныя азёры. Паверхня складзена з гліністых і сугліністых, а паўд. — з пясчаных адкладаў. Характэрны бэраўскія бугры (у вусцях Кума і Эмба), западзіны і лагчыны на З ад р. Волга. Клімат сухі, кантынентальны. Колькасць ападкаў на Пд і У менш за 200 мм у год. Пераважаюць пустыні і паўпустыні. У Волга-Ахтубінскай пойме бахчаводства, садаводства, агародніцтва. Здабыча нафты і газу (Урала-Эмбінскі нафтагазаносны раён), у азёрах (Эльтон і Баскунчак) — кухоннай солі. Астраханскі запаведнік.

т. 13, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́МЫ (ад ням. Kamm грэбень),

узгоркі, бугры, кароткія грады акруглай, конусападобнай і інш. формы ў абласцях апошняга мацерыковага зледзянення. Выш. да 10—15 м, зрэдку да 80—100 м, дыяметр (па аснове) да некалькіх соцень метраў, стромкасць схілаў 10—20°, зрэдку 20—40°. Плошча ад дзесяткаў да тысяч м².

Камавыя адклады сфарміраваны расталымі водамі пасіўнага або дэградуючага «мёртвага» лёду ва ўнутры-, пад- і надледавіковых трэшчынах, праталінах, паглыбленнях і інш. пустотах ва ўмовах кантрастнага рэльефу ледавіковага ложа. Пры раставанні лёду гэтыя адклады апусціліся і ўтварылі камавы рэльеф. Паводле генезісу і будовы К. бываюць водна-ледавіковыя, складзеныя са слаістых розназярністых пяскоў і галечна-жвіровага матэрыялу, азёрна-ледавіковыя алеўрыта-гліністага складу са стужачнай гарызантальна-слаістай будовай і мяшаныя (складаныя), трапляюцца разнастайныя пераходныя да озаў формы. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і (Фінляндыя, Польшча, Германія, Канада, ЗША).

На тэр. Беларусі пашыраны ў межах рэльефу паазерскага і сожскага зледзяненняў — на Браслаўскай, Свянцянскай і Асвейскай градах, Гродзенскім, Віцебскім, Нешчардаўскім узв., месцамі на Полацкай нізіне, Беларускай градзе, Ашмянскім узв. і Лідскай раўніне. Многія К. змяшчаюць невял. радовішчы пяску і жвіру.

В.​І.​Ярцаў.

т. 7, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАХА́НСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

на Пд Еўрапейскай часткі Расійскай Федэрацыі. На ПнУ і У мяжуе з Казахстанам, на Пд абмываецца Каспійскім морам. Утворана 27.12.1943. Пл. 44,1 тыс. км². Нас. 1008,8 тыс. чал. (1994), гарадскога 70%. Цэнтр — г. Астрахань. Найб. гарады: Ахтубінск, Харабалі, Алтанжар.

Прырода. Вобласць у межах Прыкаспійскай нізіны з Волга-Ахтубінскай поймай і дэльтай Волгі. Паверхня раўнінная (б.ч. тэрыторыі ніжэй за ўзр. м., ад -2,7 м на Пн да -27,5 м на Пд). Характэрны ўзгоркавыя падняцці (саляныя купалы выш. да 150 м) і Бэраўскія бугры ў дэльце Волгі. Карысныя выкапні: кухонная соль, гіпс, нафта, газ, бішафіт. Клімат рэзка кантынентальны, засушлівы. Сярэдняя т-ра студз. ад -10 °C на Пн да -6 °C на Пд, ліп. каля 25 °C. Ападкаў каля 200 мм за год. Гал. рака Волга (з Ахтубай), падзяляецца на мноства рукавоў (больш за 800, найб. Бахтэмір, Болда, Бузан), якія ўтвараюць яе складаную дэльту. Шматлікія прэсныя (ільмені) і мінер. азёры; самае вял. салёнае возера — Баскунчак. У раслінным покрыве пераважаюць злакі (кавыль, ціпчак, жытнік), палын і салянкі паўпустыняў на светла-каштанавых саланцаватых і бурых глебах. У Волга-Ахтубінскай пойме і дэльце Волгі — пойменныя лясы, лугавая расліннасць на алювіяльных глебах; трапляюцца лотас, чылім (вадзяны арэх), зараснікі трыснягу. У водах больш за 50 відаў рыб, каля 30 — прамысловыя. У Астраханскай вобласці — Астраханскі запаведнік.

Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці: лёгкая (трыкат., швейная, гарбарна-абутковая, футравая), харч. (рыбная, агароднінакансервавая, мясная, саляная), машынабудаванне і металаапрацоўка (суднабудаванне, суднарамонт). Развіты дрэваапр., цэлюлозна-папяровая, нафтагазаздабыўная (гл. Астраханскае радовішча), хім. і інш. прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў. Пасевы збожжавых, вырошчванне агародніны, садавіны, бахчавых; асн. культуры — рыс, памідоры, кавуны (на арашальных землях). Мяса-воўнавая авечкагадоўля і мяса-малочная жывёлагадоўля. Развіты рачны і марскі транспарт. Порт — Астрахань. Чыг. лініі Астрахань—Саратаў, Астрахань—Верхні Баскунчак—Валгаград, Астрахань—Гур’еў; аўтадарогі Астрахань—Валгаград, Астрахань—Эліста і Астрахань—Кізляр.

т. 2, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)