БРЭ́НА (Вікенцій Францавіч) (1745, г. Фларэнцыя, Італія — 17.5.1820),

мастак-дэкаратар і архітэктар. Італьянец па паходжанні, працаваў у Польшчы (1780—83) і Расіі (1783—1802). У 1790-я г. надбудоўваў галерэі і афармляў інтэр’еры палаца ў Паўлаўску, часткова перабудоўваў палацы ў Гатчыне і Пецярбургу (Каменнавостраўскі палац), па-новаму апрацаваў іх інтэр’еры. Лепшы яго твор — Румянцаўскі абеліск на Марсавым полі (1798—99; цяпер каля будынка АМ у С.-Пецярбургу). У 1797—1800 па праекце В.​Бажэнава будаваў Міхайлаўскі (інжынерны) замак у Пецярбургу.

т. 3, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Брэна В. 2/71; 3/378; 8/330; 9/153

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МАРСАВА ПО́ЛЕ ў С.-Пецярбургу,

плошча, адзін з найб. манум. ансамбляў горада. У пач. 18 ст, на месцы М.п. быў «Вялікі луг» для правядзення ўрачыстасцей, у т. л. ваен. парадаў. З 2-й пал. 18 ст. плошча мела назву «Царыцынскі луг», з 1818 М.п. (па аналогіі з М.п. у ант. Рыме). На М.п. помнікі П.​А.​Румянцаву («Румянцаўскі абеліск»; 1798—99, арх. В.​Ф.​Брэна, з 1818 — на Васільеўскім востраве) і А.​В.​Сувораву (1799—1801, скульпт. М.​І.​Казлоўскі). У крас. 1917 у цэнтры М.п. ў брацкай магіле пахавана 180 удзельнікаў Лют. рэвалюцыі, у чэрвені яно стала цэнтрам дэманстрацыі рабочых і салдат. У 1919 тут пахаваны ўдзельнікі грамадз. вайны. У 1917—19 на месцы пахаванняў пастаўлены помнік «Змагарам рэвалюцыі» (арх. Л.​У.​Руднеў, аўтар надпісаў А.​В.​Луначарскі). У ансамбль М.п. ўваходзяць; Мармуровы палац (1768—85, арх. А.​Рынальдзі, перабудаваны ў 1844—51, арх. А.​П.​Брулоў, класіцызм), Інжынерны замак (да 1823 Міхайлаўскі замак; 1797—1800, арх. Брэна, В.​І.​Бажэнаў, класіцызм) з коннай статуяй Пятра I перад ім (1743—44, скульпт. Б.​К.​Растрэлі; у замку ў 1801 забіты імператар Павел I), б. Паўлаўскія казармы (1817—20, арх. В.​П.​Стасаў, ампір), а таксама прылеглыя да яго Летні сад і Міхайлаўскі сад. У 1920—23 на тэр. М.п. разбіты партэрны сад (арх. І.​А.​Фамін), у 1957 запалены Вечны агонь. Уключана ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Літ.:

Слобожан И.И. Марсово поле. Л., 1963.

т. 10, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ТЧЫНСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ АНСА́МБЛЬ,

помнік архітэктуры 18 ст. ў г. Гатчына Ленінградскай вобл. Гал. збудаванне — палац у стылі ранняга класіцызму (1766—81, арх. А.​Рынальдзі; расшыраны ў 1793—97, арх. В.​Брэна; перабудаваны ў 1845—51, арх. Р.​І.​Кузьмін). Трохпавярховы прамавугольны ў плане будынак з 2 пяціграннымі вежамі па баках і 2 бакавымі карпусамі. Маляўнічыя паркі горада (Палацавы, «Звярынец» і інш.; агульная пл. 617 га) са шматлікімі мастамі, тэрасамі, павільёнамі, варотамі і інш. збудаваннямі належаць да лепшых узораў ландшафтнай архітэктуры. Унікальны па тэхніцы выканання землябітны Прыярацкі палац (1798—99, арх. М.​А.​Львоў), які нагадвае сярэдневяковы замак.

Літ.:

Гатчина. Л., 1980;

Памятники архитектуры пригородов Ленинграда. Л., 1983.

т. 5, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭН (Келясцін Іванавіч) (каля 1800, Брэстчына — 29.3.1875),

бел. краязнавец, фалькларыст, этнограф. Скончыў Брэсцкае 6-класнае вучылішча, Жыровіцкую духоўную семінарыю (1831). З 1831 святар у Кобрыне, з 1838 настаяцель царквы ў в. Стары Корнін Бельскага павета Гродзенскай губ. У працы «Мясцовае этнаграфічнае апісанне Бельскага павета...» (нап. 1856; зберагаецца ў архіве Геагр. т-ва Рас. Федэрацыі ў С.-Пецярбургу) адлюстравана матэрыяльная і духоўная культура беларусаў на тэр. Падляшша. Складаецца з 6 раздзелаў: «Вонкавы выгляд», «Мова», «Хатні побыт», «Асаблівасці грамадскага быту», «Разумовыя здольнасці, маральныя якасці і адукацыя», «Народныя паданні і помнікі». У працы 38 песень (з іх 14 вясельных; пададзены ў адпаведнасці з апісаннем вясельных абрадаў), 24 загадкі, 15 прымавак, 2 казкі. Частка фалькл. матэрыялу змешчана ў дадатку. Ёсць малюнкі адзення, рыбалоўных прылад, жылых і гасп. пабудоў і іх планы. У параўнальным плане пададзены штодзённы побыт беларусаў і мазураў, адметнае і аднолькавае ў іх культурах.

Літ.:

Лобач М. Па слядах рукапіснага этнаграфічнага апісання Бельскага павета свяшчэнніка Келясціна Брэна з 50-х гадоў XIX стагоддзя // Studia polsko-litewsko-białoruskie. Warszawa, 1988.

М.​С.​Лобач.

т. 3, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)