АЛБЕ́НА
(Албена),
прыморскі кліматычны курорт у Балгарыі. За 30 км ад г. Варна, на беразе Чорнага м., непадалёку (14 км) ад курорта Залатыя Пяскі. Развіваецца з канца 1960-х г. Мяккі марскі клімат, малавоблачнае надвор’е, брызы, цёплае мора з працяглай паласой (5 км, шыр. да 500 м) пясчанага пляжа — спрыяльныя ўмовы для аздараўленчага адпачынку, клімата- і таласатэрапіі. Шмат гасцініц, кемпінгаў, культ. і старт. комплексы, прывязаныя да навакольнага ландшафту. Цэнтр адпачынку і міжнар. турызму, месца правядзення фестываляў.
т. 1, с. 233
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНА́ПА,
горад у Расіі, у Краснадарскім краі. 50,3 тыс. ж. (1994). Порт на Чорным м. Чыг. станцыя. Прыморскі кліматычны і бальнеагразевы курорт. Як курорт развіваецца з 19 ст. Славуты паласой дробназярністага пясчанага пляжа даўж. каля 6 км з прылеглым мелкаводдзем, вельмі прыдатным для адпачынку і лячэння дзяцей. Клімат міжземнаморскі, з найб. працяглым на чарнаморскім узбярэжжы перыядам сонечнага ззяння. Марскія брызы, купанні з сярэдзіны мая да сярэдзіны кастрычніка. Выдатныя ўмовы для аэра-, гелія- і таласатэрапіі. Ліманныя, азёрныя і сопкавыя гразі на лячэнне органаў стрававання, гінекалагічных і нерв. хвароб. Радовішчы мінеральных, сталовых і лекавых водаў. Мноства пансіянатаў, дзіцячыя санаторыі, летнія і санаторныя лагеры, дамы адпачынку, турбазы. Археал. музей-запаведнік.
Літ.:
Аванесов В.Н., Погосов Ю.А. Анапа. Краснодар, 1973.
т. 1, с. 338
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)