Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БРУШНЫ́ ТЫФ,
вострая інфекц. хвароба чалавека з групы кішачных. Суправаджаецца пашкоджаннем лімфатычнага апарату і тонкага кішэчніка, бактэрыяльнай інтаксікацыяй, ліхаманкай, высыпкай. Узбуджальнік (палачка брушнога тыфу) трапляе ў арганізм з ежай, вадой, кантактна-быт. шляхам. Пасля інкубацыйнага перыяду (10—14 дзён) з’яўляюцца слабасць, дрыжыкі, страта апетыту, галаўны боль, бяссонніца, высокая т-ра, трызненне (тыфозны стан), затрымліваецца стул. На 8—9-ы дзень на скуры з’яўляецца высыпка — дробныя ружовыя кропкі, павялічваецца печань і селязёнка, назіраюцца парушэнні дзейнасці цэнтр.нерв. і сардэчна-сасудзістай сістэм, кішэчніка, органаў дыхання. Ускладненні: кішачны крывацёк, прарыў сценкі кішэчніка, перытаніт. Пасля хваробы выпрацоўваецца ўстойлівы імунітэт. Лячэнне тэрапеўтычнае.
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНІЯТЫ́ТЫ
(Goniatitidae),
атрад вымерлых галаваногіх малюскаў надатр. аманітаў. Каля 300 родаў. Жылі з дэвону да пач. трыясу ў морах. Частка іх свабодна плавала, некаторыя — донныя. На Беларусі рэшткі ракавін пашыраны ў фаменскіх (міжсалявых) адкладах дэвону Прыпяцкай упадзіны.
Мелі плоскаспіральную ракавіну з доўгай жылой камерай. Сіфон краявы, брушны, лопасцевая лінія параўнальна простая. Драпежнікі.
Літ.:
Основы палеонтологии: Моллюски-головоногие. М., 1962;
Богоявленская О.В., Федоров М.Ф. Основы палеонтологии. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕСЧАРАПНЫ́Я
(Acrania),
падтып хордавых жывёл. 1 клас — галавахордавыя, 2 роды — ланцэтнікі і Asymmetron (уключае 13 відаў дробных жывёл). Найб. прымітыўныя з сучасных хордавых. Пашыраны ў экватарыяльнай зоне Індыйскага, Ціхага і Атлантычнага акіянаў. Жывуць на вял. глыбінях. Найб. вядомы ланцэтнік, які трапляецца і ў Чорным м.
Памеры ад некалькіх міліметраў да 7,5 см. У адрозненне ад чарапных (гл.Пазваночныя) усё цела падзелена на сегменты, галаўны аддзел не адасоблены, чэрапа няма (адсюль назва), органы пачуццяў развіты слаба, сэрца адсутнічае (ёсць пульсуючы брушны сасуд).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАДА́Ч,
ягнятнік (Gypaētus barbatus), драпежная птушка сямейства ястрабіных. Трапляецца ў гарах Азіі, Афрыкі, Паўд. Еўропы.
Даўж. да 1,1 м, маса да 6,5 км. Галава, шыя і брушны бок цела белаватыя або жаўтаватыя, спіна чарнаватая. Пад дзюбай пучок чорных воласападобных пёраў, якія ўтвараюць бараду (адсюль назва). Крылы доўгія (размах да 2,7 м) і вострыя, хвост клінападобны. Лапы і кіпцюры моцныя. Гнёзды ў шчылінах скал або ў пячорах. Нясе 1 яйцо. Корміцца пераважна мярцвячынай, а таксама дробнымі звярамі, птушкамі. Колькасць скарачаецца, быў занесены ў Чырв. кнігу СССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕ́РБНІК
(Falco columbarius),
птушка сям. сакаліных атр. сокалападобных. Пашыраны ў тайзе, лесатундры, часткова ў тундры Еўразіі і Паўн. Амерыкі. Па тэр. Беларусі праходзіць паўд. мяжа гнездавога арэала. Жыве ва ўсіх абласцях, акрамя Брэсцкай, часцей трапляецца ў Бел. Паазер’і на вял. вярховых балотах. Нар. назва галубятнік. Занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь.
Даўж. цела 27—34 см, маса 160—250 г. Самкі большыя за самцоў. Крылы адносна кароткія, хвост доўгі. Апярэнне ў самцоў шызае, у самак дымчата-бурае, брушны бок белавата-рыжы з падоўжнымі стракацінамі, хвост паласаты. Корміцца пераважна дробнымі птушкамі. Гняздуецца на дрэвах у гнёздах інш. птушак, на зямлі, скалах, зрэдку будуе гняздо. Нясе 3—6 яец.