Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕНТЛАНДЫ́Т (ад імя ірл. натураліста Дж.Б.Пентленда, які ўпершыню знайшоў гэты мінерал),
жалеза-нікелевы калчадан, мінерал класа сульфідаў, сульфід жалеза і нікелю, (Fe, Ni)9S8. Мае 34 ± 10% нікелю, ізаморфныя прымесі кобальту (0,4—3%), медзі (да 6,5%) і інш. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Утварае дробныя зерні, радзей буйнакрышт. ўкрапаннікі ў агрэгаце сульфідаў жалеза і медзі. Колер бронзава-жоўты. Цв. 3—4. Шчыльн. 4,5—5,2 г/см³. Бляск металічны. Крохкі. Трапляецца ў асн. вывергнутых пародах. Гал. мінерал нікелевых руд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРМІКУЛІ́Т (ад лац. vermiculus чарвячок),
мінерал з групы гідраслюд, водны алюмасілікат магнію, кальцыю і жалеза. Прыкладная формула (Mg, Fe2+, Fe3+)3 (OH)2 [(Si, Al)4 O10] 4H2O. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі таблітчастыя, часта псеўдагексаганальныя, агрэгаты дробна- і буйналускаватыя. Колер бронзава-жоўты, залаціста-карычневы, бура-зялёны. Бляск перламутравы ці бронзавы. Цв. 1—1,5. Шчыльн. 2,4—2,7 г/см³. Утвараецца ў корах выветрывання на флагапіт- і біятытзмяшчальных пародах. Выкарыстоўваецца як лёгкі напаўняльнік бетону, таксама паперы, пластыкаў, фарбаў, для вытв-сці вогнетрывалых цяпло- і гукаізаляцыйных матэрыялаў, у сельскай гаспадарцы як ізалятар; уваходзіць у састаў змазачных матэрыялаў. Радовішчы ў Расіі, ЗША, ПАР, Аўстраліі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЧАДА́НЫ (ад грэч. Chalkēdōn, стараж.-грэч. калонія ў М. Азіі),
агульная назва вял. колькасці рудных мінералаў, пераважна сярністых, мыш’яковістых, сурмяністых злучэнняў жалеза, медзі, свінцу, цынку, нікелю і інш. К. называюць таксама калчаданавыя руды, складзеныя пераважна з сульфідных рудных мінералаў. Сярод мінералаў-К. найб. пашыраны серны К. (пірыт), медны (халькапірыт), магнітны (пірацін), мыш’яковы (арсенапірыт), жалезны (марказіт), алавяны (станін) і інш. Крышталізуюцца пераважна ў кубічнай ці рамбічнай сінганіі. Колер бронзава-жоўты, латунны, шэры. Бляск металічны. Цв. да 7. Паходжанне гідратэрмальна-метасаматычнае, вулканагенна-асадкавае, радзей асадкавае. Сыравіна для вытв-сці сернай к-ты, комплексныя руды для атрымання медзі, цынку, свінцу, нікелю і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ННА (Canna),
род кветкавых раслін манатыпнага сям. каннавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ў тропіках і субтропіках Амерыкі, Афрыкі, Азіі. На Беларусі інтрадукавана К. індыйская (C. indica), вырошчваецца ў аранжарэях і цяпліцах. Шматлікія (больш за 1000) сарты К. (найб. вядомыя: з зялёным лісцем — Залатая Птушка, Вогненная Птушка, Прэзідэнт; з бронзава-чырв. лісцем — Кароль Гумберт, Вогненны Чараўнік) аб’ядноўваюць пад назвай К. садовая (C. × generalis, C. × hortensis).
Шматгадовыя травяністыя расліны з моцнымі сцёбламі і клубнепадобна-патоўшчанымі карэнішчамі. Лісце чаргаванае, шырокаэліптычнае (даўж. да 60, шыр. да 35 см). Кветкі буйныя, асіметрычныя, двухполыя, чырв., ружовага, жоўтага і інш. колеру ў верхавінкавым гронкападобным або мяцёлчатым суквецці. Плод — каробачка. Дэкар., лек., тэхн., кармавыя і харч. расліны.