Бранзалеты 2/391

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БРАНЗАЛЕ́Т (ад франц. brancelet запясце),

упрыгожанне для рук (у некаторых народаў і ног) пераважка кольцападобнай формы. З глыбокай старажытнасці бранзалет выкарыстоўвалі як амулет, упрыгожанне, узнагароду; баявыя бранзалеты засцерагалі рукі ад халоднай зброі. Выраблялі з розных металаў, косці, бурштыну, каменю. На Беларусі вядомы касцяныя і рагавыя бранзалеты эпохі неаліту, бронзавыя і медныя бронзавага веку, сярэбраныя, бронзавыя, медныя і жалезныя багата арнаментаваныя жал. веку мясц. вытв-сці. З развіццём гарадоў бранзалеты выраблялі з каштоўных металаў, аздаблялі эмалямі, чарненнем, філігранню, зярненнем, каштоўнымі камянямі, інкрустацыяй; з 11 ст. з’яўляюцца рознакаляровыя шкляныя бранзалеты. Сучасныя бранзалеты вырабляюць з металаў, дрэва, скуры, саломкі, пластмасы, часта паводле стараж. узораў.

Бранзалеты: залаты (1) з Мінскага замчышча, сярэбраны (2) з Гродна (абодва 12 ст.), сучасныя з саломкі (3).

т. 3, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́ЦЫНСКІ МО́ГІЛБНІК,

могілкі латгалаў 9—10 ст. каля г. Лудза (ранейшая назва Люцын) у Латвіі. Адкрыты Е.​Р.​Раманавым у 1890. Пахавальны абрад — трупапалажэнне, трупаспаленне і пахаванне адных рэчаў. У жаночых пахаваннях знойдзена шмат бронзавых упрыгожанняў (нагрудныя ланцужкі, вітыя і пласціністыя грыўні, бранзалеты са змяінымі галоўкамі на канцах, пярсцёнкі, трапецападобныя падвескі і інш.); у мужчынскіх — жал. наканечнікі дзідаў, сякеры, масіўныя бранзалеты, якія выконвалі ролю кастэтаў. Багатых пахаванняў няшмат, але яны выразна адрозніваліся ад звычайных пахаванняў, што сведчыць пра значную сац. дыферэнцыяцыю.

т. 9, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІСЯЛІ́,

гарадзішча каля в. Кісялі Талачынскага р-на Віцебскай вобл. Датуецца 4—5—13 ст. Пры даследаванні выяўлены рэшткі шматкамерных жытлаў слупавой канструкцыі, ляпная (штрыхаванай, днепра-дзвінскай і банцараўскай культур) і ганчарная кераміка; жал. прылады працы, касцяныя гарпуны, гліняныя, шыферныя і бурштынавыя прасліцы, бронзавыя ўпрыгожанні, шкляныя пацеркі, бранзалеты і інш. рэчы.

т. 8, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАТЭ́НСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура кельцкіх плямён, якія ў 2-й пал. 1-га тыс. да н.э. насялялі тэр. Еўропы ад Атлантыкі і Брытаніі да паўд. схілаў Альпаў і зах. схілаў Карпат (Украіна). Назва ад мяст. Латэн у Швейцарыі. Насельніцтва Л.к. стварыла своеасаблівую цывілізацыю, уплыў якой адчуваўся ва ўсёй Еўропе. Ён прывёў да стварэння т.зв. латэнізаваных археал. культур Еўропы: пшэворскай культуры, зарубінецкай культуры, Паянешты-Лукашоўка, ясторфскай і інш. культур. Ад Л.к. атрымаў назву асобны перыяд жал. веку Еўропы латэн (5—1 ст. да н.э., паміж гальштатам і рымскім часам). Імпарты з арэалу Л.к. і іх мясц. імітацыі знойдзены на тэр. Усх. Еўропы, у т. л. на Беларусі (фібулы, бранзалеты і інш.).

А.​М.​Мядзведзеў.

Тыповыя рэчы латэнскай культуры: 1,2 — жалезныя мячы; 3, 4 — фібулы; 5, 6 — посуд; 7—9 — бронзавыя бранзалеты; 10 — бронзавая шыйная грыўня; 11, 12 — фрагменты залатых шыйных грыўняў.

т. 9, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРКІ́,

курганны могільнік крывічоў (8—9 ст.), гарадзішча жал. веку і селішча 11—12 ст. каля в. Баркі Полацкага р-на. На могільніку даследавана 9 курганоў, у т. л. доўгі. Пахавальны абрад — трупаспаленне пад насыпам на грунце. У шэрагу выпадкаў рэшткі крэмацыі змешчаны ў ямцы, накрытай гаршком. Знойдзены ўпрыгожанні (бронзавыя падвескі, грыўня, бранзалеты, шкляныя пацеркі і інш.), ляпныя гаршкі. Доўгі курган — пусты (кенатаф).

т. 2, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРО́НІНА,

археалагічныя помнікі (2 селішчы, бескурганны могільнік) ранняга жалезнага веку каля в. Вароніна Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл. На селішчах знойдзены фрагменты грубаляпной і чорнаглянцаванай керамікі зарубінецкай культуры і ляпной керамікі сярэднявечча. На могільніку пахавальны абрад — трупаспаленне; рэшткі крэмацыі змешчаны ў прадаўгаватых або круглых ямах. Пахавальны інвентар — драцяныя фібулы, бронзавыя шпількі, спіралепадобныя бранзалеты, жал. кольцы, нажы, спражкі і інш., гліняныя, пераважна глянцаваныя, пасудзіны розных форм.

т. 4, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАДЗІ́ЛАВІЧЫ,

курганны могільнік радзімічаў 10—12 ст. каля в. Гадзілавічы Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. 124 насыпы (было каля 400). Пахавальны абрад — трупапалажэнне. Сярод знаходак бронзавыя паясныя кольцы, нажы, крэсівы, упрыгожанні (бронзавыя прамянёвыя скроневыя кольцы, шкляныя бочачкападобныя залачоныя, пасярэбраныя і зонныя пацеркі, медныя пярсцёнкі, падвескі, бранзалеты), фрагменты ганчарнага посуду. На думку Г.​Ф.​Салаўёвай, група мужчынскіх пахаванняў — некропаль дружыннікаў. Побач з могільнікам існавала паселішча эпохі Кіеўскай Русі.

т. 4, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІ ПРЫЛАДАБУДАЎНІ́ЧЫ ЗАВО́Д.

Засн. ў 1936 у Віцебску як іголкавы з-д (у 1917—29 прыватныя іголкавыя майстэрні). У 1951—59 з-д «Металмаш», з 1990 акц. т-ва. Дзейнічаюць цэхі: рамонтна-мех., зборачны, аддзелачна-гальванічны, бранзалетаў, энергацэх; участкі: шкла, зборкі, інструментальны. Асн. прадукцыя (1996): гадзіннікі наручныя і кішэнныя «Вымпел», карпусы для гадзіннікаў інш. марак, бранзалеты, рамяні, біжутэрыя, фурнітура, дэталі для мэблі, стэтафанендаскопы для медыцыны, царк. начынне (абклады для абразоў, крыжы).

т. 4, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНЕ́Ц,

гарадзішча 8 — пач. 10 ст. роменскай культуры каля г.п. Пакацілаўка пад г. Харкаў (Украіна), на правым беразе р. Уды. У 11—13 ст. стараж. ўсх.-слав. горад на памежжы Кіеўскай Русі. Пад 1185 упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе. Археал. даследаваннямі выяўлена, што ў 12 ст. Д. меў умацаваны дзядзінец, пасад з жытламі рамеснікаў. Сярод знаходак вырабы з жалеза, шкляныя бранзалеты, шыферныя прасліцы, кальчугі, рэчы матэрыяльнай культуры полаўцаў. Пасля мангола-татарскіх набегаў у 13 ст. Д. заняпаў.

т. 6, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)