БРАНЗАЛЕ́Т (ад франц. brancelet запясце),

упрыгожанне для рук (у некаторых народаў і ног) пераважка кольцападобнай формы. З глыбокай старажытнасці бранзалет выкарыстоўвалі як амулет, упрыгожанне, узнагароду; баявыя бранзалеты засцерагалі рукі ад халоднай зброі. Выраблялі з розных металаў, косці, бурштыну, каменю. На Беларусі вядомы касцяныя і рагавыя бранзалеты эпохі неаліту, бронзавыя і медныя бронзавага веку, сярэбраныя, бронзавыя, медныя і жалезныя багата арнаментаваныя жал. веку мясц. вытв-сці. З развіццём гарадоў бранзалеты выраблялі з каштоўных металаў, аздаблялі эмалямі, чарненнем, філігранню, зярненнем, каштоўнымі камянямі, інкрустацыяй; з 11 ст. з’яўляюцца рознакаляровыя шкляныя бранзалеты. Сучасныя бранзалеты вырабляюць з металаў, дрэва, скуры, саломкі, пластмасы, часта паводле стараж. узораў.

Бранзалеты: залаты (1) з Мінскага замчышча, сярэбраны (2) з Гродна (абодва 12 ст.), сучасныя з саломкі (3).

т. 3, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРМІЛЯ́РНАЯ СФЕ́РА (ад лац. armilla бранзалет, кольца),

старадаўні астранамічны інструмент для вызначэння экватарыяльных або экліптычных каардынатаў нябесных свяціл. Вядомы з 3 ст. да н.э., выкарыстоўваўся да канца 16 ст. Складаецца з некалькіх метал. кольцаў з дзяленнямі, якія маюць дыёптры і могуць паварочвацца вакол свайго цэнтр. пункта. З’яўляецца мадэллю нябеснай сферы з яе найважнейшымі пунктамі і кругамі: полюсамі і воссю свету, мерыдыянам, гарызонтам, нябесным экватарам і экліптыкай.

Армілярная сфера.

т. 1, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́МІЯ,

гарадзішча штрыхаванай керамікі культуры каля в. Кімія Барысаўскага р-на Мінскай вобл. Помнік датуецца 6 ст. да н.э. — 4 ст. н.э. Выяўлены рэшткі наземнага жытла, каменная пляцоўка, агнішча з пляскатых камянёў, горнаў для выплаўкі жалеза і інш. Знойдзены жал. сярпы, нож, посахападобныя шпількі, бронзавы бранзалет, касцяныя шпілька і вастрыё, гліняныя прасліцы, грузікі дзякаўскага тыпу, камяні зерняцёрак і інш. Ляпная штрыхаваная кераміка формай падобна да керамікі мілаградскай культуры.

т. 8, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́НЦАРАЎШЧЫНА,

гарадзішча жалезнага веку на беразе р. Свіслач каля былой в. Банцараўшчына Мінскага р-на. Пляцоўка авальная (55 × 35 м), з Пн і ПнЗ умацавана 2 валамі выш. каля 2 м і равамі. Культурны пласт 0,2—1,8 м; мае 2 гарызонты: ніжні (3 ст. да нашай эры — 4 ст. нашай эры) адносіцца да штрыхаванай керамікі культуры, верхні — 6—8 ст. (ад яго атрымала назву банцараўская культура). Выяўлены рэшткі драўляных наземных пабудоў з разваламі печаў-каменак, вырабы з жалеза (сярпы, наканечнікі коп’яў, нажы, брытвы), бронзы (пярсцёнкі, фібула, лунніца, бранзалет і інш.), гліны (посуд, тыглі, льячка, прасліцы), шкляная пацерка і інш.

т. 2, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛЯ́ЦІЧЫ,

вёска ў Барысаўскім р-не Мінскай вобл., на р. Нача (бас. Дняпра). Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 36 км на ПдУ ад г. Барысаў, 112 км ад Мінска, 14 км ад чыг. ст. Прыяміна. 1922 ж., 928 двароў (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква.

Каля вёскі выяўлены селішча 6—10 ст. і курганны могільнік 10—11 ст. Сярод знаходак на селішчы ляпная і ганчарная кераміка, крамянёвыя загатоўкі для стралы, жал. нож. У кургане з трупапалажэннем знойдзены шкляныя залачоныя і бронзавыя пацеркі, медны бранзалет, жал. нож, у курганах з трупаспаленнем — жал. спражка і фрагмент бронзавага ўпрыгожання.

т. 4, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАУ́РЫ (інд. kauri),

невялікая ракавіна марскога малюска (даўж. 1—2,5 см). У стараж. часы К. выкарыстоўваліся як упрыгожанні і грашовы сродак у народаў Азіі, Афрыкі, Акіяніі (да пач. 20 ст.), Еўропы. Як грошы ў Афрыцы вядомы ў 11—12 ст. У 17—18 ст. тэрыторыя іх выкарыстання пашыралася, у сярэдзіне 19 ст. у Зах. Афрыцы зафіксаваны іх курс: 1 талер = 2500 ракавін, у народаў Індыйскага акіяна 1 рупія = 2500—12 000 К. На Беларусі К. выяўлены пры раскопках сярод знаходак 12 ст. (Гродзенскі Стары замак, Полацк і інш.) і 15—16 ст. (Панямонне). Звычайна К. мелі адтуліну для нанізвання на шнур. Магчыма, К. выкарыстоўваліся на тэр. Беларусі як грошы у безманетны перыяд (2-я пал. 11—13 ст.).

Каралі з кауры, бронзавыя пярсцёнак і бранзалет 12 ст. з Полацкага гарадзішча.

т. 8, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУ́ЖЫЦКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура плямён канца бронзавага і ранняга жал. вякоў (15—4 ст. да н.э.), якія насялялі зах. землі Польшчы, усх. вобласці Германіі, паўн. раёны Чэхіі і Славакіі. Назва ад Лужыцкай вобл. (Германія), дзе ўпершыню выяўлены характэрныя помнікі. Насельніцтва жыло на паселішчах у наземных жытлах слупавой канструкцыі і ў паўзямлянках з глінянымі печамі. Пахавальны абрад — трупаспаленне ў грунтавых могільніках, трапляецца і трупапалажэнне ў курганных могільніках. Плямёны Л.к. займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй. Выраблялі метал. прылады працы, зброю, упрыгожанні, цюльпана- і яйцападобныя гаршкі, біканічныя і пукатыя вазы, інш. посуд, арнаментаваны шышкападобнымі выступамі і гарыз. жалабкамі. Скіфскія набегі з 6 ст. да н.э. паскорылі заняпад Л.к. На Беларусі зафіксаваны асобныя знаходкі рэчаў Л.к. каля Навагрудка, вёсак Здзітава Бярозаўскага, Барысы Брэсцкага р-наў Брэсцкай вобл. і інш.

В.​І.​Шадыра.

Бронзавы бранзалет лужыцкай культуры.

т. 9, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІ́СЛАЧ,

гарадзішча штрыхаванай керамікі культуры і эпохі Кіеўскай Русі на ўскраіне в. Свіслач Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл. Пры даследаванні ў ніжнім гарызонце знойдзены рэчы жал. веку (6 ст. да н.э. — 1 ст. н. э.) — жал. шпілька з S-падобным завітком, нож, шлакі, каменная зерняцёрка, фрагменты штрыхаванай керамікі. У верхнім выяўлены сляды наземных драўляных пабудоў з дашчанай падлогай і рэшткі печаў, складзеных з камення з глінянымі чарэнямі часоў сярэдневякоўя. Знойдзены сякеры, нажы, долата, замкі з ключамі, іголкі, шылы, праколкі, шыферныя прасліцы, крэсівы, каса-гарбуша, матыка, сашнікі, восці, гарпуны, зброя і рыштунак конніка, вырабы з рогу і косці, бронзавыя ювелірныя вырабы (крыж-складзень, створкі энкалпіёна, пласціністы бранзалет, кавалкі бронзавай або меднай пасудзіны), шкляныя вырабы (бранзалеты, пацеркі, пярсцёнкі, фрагменты посуду), фрагменты амфар і інш. На думку даследчыкаў, С. у гэты час была раннефеад. замкам.

т. 14, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ЗБІШЧА,

археалагічныя помнікі (селішча 2-й чвэрці 1-га тыс., курганны могільнік 10—12 ст.) каля в. Ізбішча Лагойскага р-на Мінскай вобл. На селішчы ранняга жал. веку і полацкіх крывічоў выяўлены рэшткі каменных печаў, агнішчы, гасп. ямы; сярод знаходак ляпная кераміка, посуд банцараўскай і доўгіх курганоў паўн. Беларусі культур, 2 позналатэнскія фібулы 3—4 ст., бронзавая лунніца, бранзалет са змяінымі галоўкамі, гліняная форма для адліўкі ўпрыгожанняў, крэсіва 10—11 ст. На могільніку (120 насыпаў), які належаў жыхарам селішча, пахавальны абрад — трупапалажэнне (большасць — галавой на Пн), у 8 насыпах — трупаспаленне; пахавальны інвентар — бронзавыя скроневыя кольцы, пярсцёнкі, бранзалеты, шыйныя грыўні, прылады працы, кераміка, выкарыстанне ва ўборах жанчын вял. колькасці шкляных пацерак, у пахаваннях мужчын — жал. сякеры; у адным кургане з заможным пахаваннем знойдзена маніста з 8 падвескамі з куфіцкіх дырхемаў, візант. меліярысіяў, зах.-еўрап. дэнарыяў.

В.​У.​Казей, Г.​В.​Штыхаў.

Упрыгожанні 11 ст. з курганнага могільніка Ізбішча.

т. 7, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́АМ (Абрам Мацвеевіч) (28.6.1894, Вільня — 26.7.1976),

расійскі кінарэжысёр. Засл. дз. маст. Расіі (1950). Нар. арт. Расіі (1965). Вучыўся ў Петраградскім псіханеўралагічным ін-це, Саратаўскім ун-це. З 1919 рэжысёр т-раў у Саратаве, з 1923 Т-ра Рэвалюцыі ў Маскве. У 1924—34 выкладаў ва Усесаюзным дзярж. ін-це кінематаграфіі. Першы фільм — «Што гаворыць «Мос», гэтае адгадай пытанне» (1924). Паставіў фільмы: «Бухта смерці» (паводле апавядання А.​Новікава-Прыбоя «У бухце «Атрада»Х «Здраднік» (паводле апавядання Л.​Нікуліна «Матроская цішыня», абодва 1926), «Трэцяя Мяшчанская» (1927), «Прывід, які не вяртаецца» (1930, паводле навелы А.​Барбюса «Спатканне, якое не адбылося»), «Нашэсце» (1945, паводле Л.​Лявонава; Дзярж. прэмія СССР 1946), «Гранатавы бранзалет» (1965, паводле А.​Купрына), «Кветкі запозненыя» (1970, паводле А.​Чэхава), «Дачасны чалавек» (1972, паводле п’есы М.​Горкага «Якаў Багамолаў»). Фільмы адметныя вострай трактоўкай маральных праблем, псіхалагізмам, высокай акцёрскай і выяўл. культурай. Дзярж. прэмія СССР 1949.

Літ.:

Гращенкова И. А.​Роом. М, 1977.

т. 13, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)