БРАМС ((Brahms) Іаганес) (7.5.1883 7.5.1833, г. Гамбург, Германія — 3.4.1897),
нямецкі кампазітар, піяніст, дырыжор. Музыцы навучаўся ў бацькі. З 1862 у Вене, выступаў як піяніст, пазней і як харавы дырыжор у Пеўчай капэле і Т-ве сяброў музыкі. З сярэдзіны 1870-х г. прысвяціў сябе пераважна творчай дзейнасці, выступаў як дырыжор і піяніст з выкананнем уласных твораў. Яго муз. спадчына ахоплівае многія жанры (за выключэннем оперы). 4 сімфоніі Брамса, асабліва апошняя (1885), у ліку вяршынь сімфанізму 2-й пал. 19 ст. Цыклічную кампазіцыю сімфоніі ён разумеў як інстр. драму, часткі якой аб’яднаны пэўнай ідэяй. Да сімфоній па маст. значнасці прымыкаюць і яго інстр. канцэрты, трактаваныя як сімфоніі з саліруючымі інструментамі (самыя вядомыя скрыпічны, 1878, і 2-і фп., 1881, канцэрты). З вак.-аркестравых твораў найб. значны «Нямецкі рэквіем» (1868) з эпічным размахам і пранікнёнай лірыкай. У вакальнай музыцы важнае месца займаюць апрацоўкі нар. песень (каля 100). Лепшым камерна-інстр. творам уласцівы героіка-эпічныя рысы і адначасова суб’ектыўна-лірычная накіраванасць (фп. трыо, фп. квінтэт, санаты для скрыпкі і віяланчэлі з фп. і інш.). Фартэпіянныя творы вылучаюцца кантрапунктычна развітой фактурай, тонкай матыўнай распрацоўкай. У фп. вальсах і «Венгерскіх танцах» выявілася захапленне Брамса венг. фальклорам. Сярод інш. твораў: «Песня лёсу» і «Трыумфальная песня» (1871), кантата «Рынальда» (1868), «Рапсодыя» (1869, усе для хору з арк.); 2 серэнады, «Варыяцыі на тэму І.Гайдна», «Акадэмічная» і «Трагічная» уверцюры (1881, усе для арк.); канцэрты для фп., скрыпкі і віяланчэлі (1887); камерна-інстр. ансамблі — санаты для скрыпкі і фп., віяланчэлі і фп., клавесіна і фп., 3 фп. трыо, 3 стр. квартэты, 2 стр. квінтэты, фп. квінтэт; санаты, варыяцыі, балады, фантазіі, рапсодыі і інш. для фп.; для аргана — 11 харальных прэлюдый і інш.; каля 60 мяшаных хароў; для голасу з фп. — 60 вак. квартэтаў, 20 дуэтаў, каля 200 рамансаў і песень і інш.
Тв.:
Briefwechsel. Bd. 1—16. Berlin, 1908—22.
Літ.:
Гейрингер К. Иоганнес Брамс: Пер. с нем. М., 1965;
Грасбергер Ф. Иоганнес Брамс: Пер. с нем. М., 1980;
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
«ГАЎДЭА́МУС»
(ад лац. gaudeamus будзем радавацца),
сярэдневяковая песня на лац. мове, гімн студэнтаў. Пачынаецца словамі «Gaudeamus igitur, juvenes dum sumus» («Будзем радавацца, пакуль мы юныя»); усхваляе жыццё, маладосць і навуку. У яе аснове песня 13 ст., упершыню надрукавана ў 1776. У 1781 апрацавана ням. вандроўным паэтам К.В.Кіндлебенам і стала папулярным студэнцкім гімнам у Германіі і інш. краінах Еўропы, у т. л. ў Расіі, Беларусі, краінах Балтыі, а таксама ў ЗША. Мелодыю «Гаўдэамус» выкарыстоўвалі кампазітары Ф.Ліст, І.Брамс, А.Кос-Анатольскі, Э.Гумпердынк (опера «Гаўдэамус») і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПРАЦО́ЎКАў музыцы,
у шырокім сэнсе — змяненне арыгінальнага нотнага тэксту муз. твора з пэўнай мэтай: прыстасаванне яго для выканання інш. складам выканаўцаў (аранжыроўка), прывядзенне ў адпаведнасць з тэхн. узроўнем пэўнага кантынгенту выканаўцаў (аблегчанае пералажэнне або, наадварот, віртуозная транскрыпцыя), стварэнне акордавага суправаджэння да аднагалосай мелодыі (гарманізацыя), мадэрнізацыя твора. Апрацоўкай называюць таксама далучэнне інстр. суправаджэння да нар. песні або яе харавое выкладанне.
Апрацоўкай нар. мелодый займаліся з канца 18 ст. многія вядомыя кампазітары (І.Гайдн, Л.Бетховен, І.Брамс, М.Балакіраў, М.Рымскі-Корсакаў, П.Чайкоўскі, А.Лядаў і інш.). Падобныя апрацоўкі паступова вылучыліся ў самаст.муз. жанр, які атрымаў вял. развіццё ў многіх нац. кампазітарскіх школах, у т. л. ў беларускай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́НСКІ ФІЛАРМАНІ́ЧНЫ АРКЕ́СТР,
першы прафесійны канцэртны аркестр Аўстрыі, адзін са старэйшых у Еўропе. Напачатку наз. «Аркестравы персанал імператарскай прыдворнай оперы». Першы канцэрт адбыўся ў 1842 пад кіраўніцтвам аднаго з заснавальнікаў аркестра О.Нікалаі. З 1860-х г. штогод праводзіць цыкл з 8 нядзельных абанементных канцэртаў, канцэрт памяці Нікалаі, урачысты навагодні канцэрт з твораў венскай лёгкай музыкі і інш. З 1917 афіцыйны аркестр Зальцбургскіх фестываляў. У рэпертуары творы І.Гайдна, В.А.Моцарта, Л.Бетховена, Ф.Шуберта, Р.Шумана, І.Брамса, А.Брукнера, Г.Малера, Р.Вагнера, Р.Штрауса, П.Чайкоўскага і інш. У складзе аркестра каля 120 чал. Сярод дырыжораў: Малер, Брамс, Вагнер, Брукнер, Штраус, Дж.Вердзі, Ф.Дэсаф, Г.Рыхтэр, Ф.Вейнгартнер, Ф.Шальк, Ф.Мотль, К.Мук, А.Нікіш, Э.Шух, Б.Вальтэр, А.Тасканіні, К.Краўс, В.Фуртвенглер, К.Бём, Г.Караян.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́НДЛЕР (ням. Ländler ад Landl мясцовасць у Аўстрыі),
аўстрыйскі і нямецкі нар. парны танец. Паходзіць з альпійскіх рэгіёнаў Аўстрыі. Тэмп ажыўлены, але не хуткі. Муз. памер 3/4 або 3/8. Назву «Л.» да пач. 19 ст. мелі многія разнавіднасці аўстр. і ням.нар. танцаў, вядомых паводле харэаграфічных апісанняў з 16 ст. Тыповыя рухі: слізготны крок і павароты, вярчэнні партнёркі, прытупванні партнёра, адначасовае вярчэнне танцораў у розных напрамках. Рухі шырокія, свабодныя. Выконваўся пад спевы ці ў суправаджэнні сял. аркестра (скрыпка, кларнет, цытра). Прататып вальса. Як муз. жанр вядомы з 2-й пал. 18 ст. Характэрная форма — два 8-тактавыя перыяды з паўтарэннем кожнага. Яго выкарыстоўвалі венскія кампазітары (у Л.Бетховена — «ням. танец»), І.Брамс, А.Брукнер, Ф.Шуберт, Р.Шуман, Г.Малер і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕВА́НДХАЎЗ (ням. Gewandhaus літар. дом адзення),
назва канцэртнага т-ва, залы і сімф. аркестра ў Лейпцыгу. Гісторыя канцэртаў Гевандхаўза пачалася ў 1743 з зараджэннем традыцыі т.зв. «Вялікіх канцэртаў», якія праводзіў аматарскі аркестр. З 1781 ён выступаў у Гевандхаўзе — б. будынку для продажу сукнаў. Першым канцэртам кіраваў І.А.Гілер. У 1884 на месцы старога пастаўлены новы будынак канцэртнай залы (т.зв. Новы Гевандхаўз; разбураны ў 2-ю сусв. вайну 1939—45). Сучасны будынак Гевандхаўза мае 2 залы — для аркестравай і камернай музыкі. У зале Гевандхаўза ў 1789 даў канцэрт В.А.Моцарт. Аркестр Гевандхаўза суправаджаў спектаклі лейпцыгскай і інш. оперных труп. Дасягнуў росквіту пры Ф.Мендэльсоне (1835—47). З ім выступалі І.Брамс, Р.Вагнер, Э.Грыг, Р.Штраус, П.Чайкоўскі, Клара Шуман. Сусв. прызнанне атрымаў пад кіраўніцтвам А.Нікіша (1895—1922), які павялічыў склад аркестра (больш за 100 чал.) і ўзбагаціў яго рэпертуар. Аркестрам кіравалі таксама В.Фуртвенглер (1922—28), Б.Вальтэр (1929—33), Г.Абендрот (1934—45), Ф.Канвічны (1949—62), К.Мазур (з 1970) і інш. У канцэртах Гевандхаўза ўдзельнічаюць хары Гевандхаўза і Томаскірхе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МІ́НСКАЯ ВЯСНА́»,
міжнародны фестываль музыкі, які праводзіцца штогод з 1984 у Мінску ў пач. красавіка. Ініцыятар і арганізатар фестывалю Ю.Гільдзюк. Мае на мэце ўсебаковую падтрымку і прапаганду прафес.муз. мастацтва, выяўленне новых дасягненняў і імён у кампазітарскай і выканальніцкай творчасці. Канцэртныя праграмы ўключаюць музыку розных эпох і жанраў, новыя творы сучасных бел. і замежных кампазітараў. Многія фестывалі мелі пэўную тэматыку: «Год В.А.Моцарта» (1991), «Новыя імёны» (1992), «Год С.В.Рахманінава» (1993), «Велікоднае прынашэнне» (1994), «Да 40-годдзя Перамогі» (1995), «Ф.Шуберт і І.Брамс — нашы сучаснікі» (1997), «У святле скрыпкі» (1999). У рамках фестывалю праводзяцца аўтарскія канцэрты бел. кампазітараў. У фестывалі ўдзельнічалі вядомыя бел. калектывы, у т. л.Дзярж.акад.сімф. аркестр, Дзярж.акад. харавая капэла, Дзярж. камерны хор, Дзярж. камерны аркестр, ансамбль салістаў «Класік-Авангард», Мінскі абл. камерны хор «Санорус», ансамбль нар. музыкі «Свята», акад. хор Бел. тэлебачання і радыё, калектывы Бел. акадэміі музыкі; піяністы І.Алоўнікаў, Ю.Бліноў, Гільдзюк, А.Сікорскі; кларнетыст Г.Забара; трубач А.Кавалінскі, вакалісты С.Данілюк, М.Гулегіна, Н.Галеева, М.Жылюк, Н.Руднева, В.Скорабагатаў і інш., замежныя творчыя калектывы, кампазітары і асобныя выканаўцы з Расіі, Прыбалтыкі, Малдовы і інш., у т. л.рас. кампазітары С.Губайдуліна, Э.Дзянісаў, А.Шнітке, А.Эшпай; Дзярж. акадэмічная сімфанічная капэла Расіі, выканаўцы-інструменталісты Ю.Башмет, Э.Вірсаладзе, М.Пятроў, У.Співакоў, В.Траццякоў, дырыжор А.Янчанка, спявачкі І.Архіпава, М.Біешу і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЫХА́НКА,
1) кароткая песенька простага зместу, якую спяваюць звычайна над калыскаю; адзін з жанраў дзіцячага фальклору. К. знаёмяць дзіця з роднай мовай, навакольным светам, расказваюць пра жывёл і птушак, пра іх учынкі і прыгоды, даюць быт. замалёўкі нар. жыцця. Грунтуецца на тых самых эстэт. прынцыпах, карыстаецца тымі ж маст. сродкамі, што і нар. песні наогул.
Вызначаюцца напеўнай мелодыкай у рытме калыхання, даступнасцю зместу, прастатой кампазіцыі, займальнасцю. Для іх характэрна фантастыка, якая, як і казачная, цесна звязана з жыццём, але адрозніваецца светлым, жыццесцвярджальным настроем. Змест і форма К. улічваюць патрабаванні нар. педагогікі. У К. захаваліся рэшткі міфалагічных уяўленняў продкаў (адухоўленыя вобразы Сну, Дрымоты і інш.) Вылучаюцца песні-імправізацыі і песні з устойлівым традыц. тэкстам. Апошнія распадаюцца на тэматычныя групы: «Кот носіць сон у хустцы, кашалі», «Няхай кату ўсё ліха», «Каток злізаў смятану, мядок», «Каток злавіў рыбку за хвасток», «Прыдзе шэранькі ваўчок» і інш. Паводле кампазіцыі К. вельмі разнастайныя: маналог-апавяданне маці, маналог-зварот да дзіцяці, дыялагічныя песні. Напеўнасць, пяшчотнасць дасягаюцца пры дапамозе алітэрацыі, асанансу, памяншальна-ласкальных суфіксаў, паўтораў асобных слоў і цэлых канструкцый, дзіцячай лексікі.
2) У прафесійнай музыцы — песня або інструментальная п’еса ў запаволеным тэмпе з характэрным рытмічным пагойдваннем у акампанеменце. Падобная да нар.-быт. песень для закалыхвання дзіцяці. З канца 18 ст. жанр К. вядомы ў вак. лірыцы (К. для голасу з фп. пісалі Ф.Шуберт, І.Брамс, А.Аляб’еў, М.Глінка, М.Мусаргскі, П.Чайкоўскі і інш.), у оперы («Садко», «Кашчэй Бессмяротны» М.Рымскага-Корсакава, «Мазепа» Чайкоўскага), араторыях («На варце міру» С.Пракоф’ева). З 19 ст. вядомы інстр. К. (для фп. Ф.Шапэна, Брамса, Ф.Ліста, Э.Грыга, М.Балакірава, А.Рубінштэйна, для скрыпкі і фп. М.Равеля, для сімф. аркестра А.Лядава, І.Стравінскага і інш.). Бел. кампазітары звярталіся да жанру К. ў камерна-вак., камерна-інстр., хар., песенных творах (Л.Абеліёвіч, С.Аксакаў, М.Аладаў, Я.Глебаў, Л.Захлеўны, В.Капыцько, Дз.Лукас, І.Любан, П.Падкавыраў, Ю.Семяняка, А.Туранкоў, Э.Тырманд, Я.Цікоцкі, М.Чуркін, Л.Шлег), у операх («Сцежкаю жыцця» Г.Вагнера, «Матухна Кураж» С.Картэса) і балетах. М.Літвін стварыў кантату «Беларуская калыханка» на словы В.Віткі (1979).
Публ.: Дзіцячы фальклор. Мн., 1972.
Літ.:
Барташэвіч Г.А. Вершаваныя жанры беларускага дзіцячага фальклору. Мн., 1976;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́РДЗІ ((Verdi) Джузепе Фартуніна Франчэска) (10.10.1813, Ле-Ранколе, цяпер у межах г. Бусета, Італія — 27.1.1901),
італьянскі кампазітар. Вучыўся ў дырыжора т-ра «Ла Скала» В.Лавіньі і інш. З 1835 наладжваў канцэрты ў г. Бусета, выступаў як дырыжор, піяніст, арганіст. З 1838 у Мілане, дзе ў 1839 пастаўлена яго першая опера «Аберта, граф Сан-Баніфача». Оперы Вердзі 1840-х г. «Набука» («Навухаданосар»), «Ламбардцы ў першым крыжовым паходзе», «Жанна д’Арк», «Атыла», «Бітва пры Леньяна» прасякнуты нац.-вызв. ідэямі. Цікавасць Вердзі да сюжэтаў вял. ідэйнага зместу, насычаных драматызмам, яркай кантрастнасцю, моцнымі пачуццямі, выявілася ў операх паводле твораў В.Гюго («Эрнані», 1844), У.Шэкспіра («Макбет», 1847), Ф.Шылера («Луіза Мілер» паводле трагедыі «Каварства і каханне», 1849). У операх «Рыгалета» (паводле драмы «Кароль забаўляецца» Гюго, 1851), «Трубадур» (паводле А.Гарсіі Гуцьерэса) і «Травіята» (паводле «Дамы з камеліямі» А.Дзюма-сына; абедзве 1853) выявіліся лепшыя рысы муз.-драм. даравання Вердзі: глыбокае спасціжэнне ўнутр. свету герояў, прастата і выразнасць муз. мовы, песеннасць, высокі гуманізм. Оперы 1850-х г. «Сіцылійская вячэрня», «Сімон Баканегра», «Баль-маскарад», «Сіла лёсу» адметныя спалучэннем дынамізму і значнасці масавых сцэн з паглыбленым псіхалагізмам. Да найб. значных яго твораў належаць оперы «Дон Карлас» (паводле Шылера, 1867) і «Аіда» (1870), дзе элементы жанру вял. оперы — развітыя ансамблі, разгорнутыя масавыя сцэны, урачыстыя шэсці, балет — поўнасцю падпарадкаваны раскрыццю глыбокага гуманіст. зместу. Блізкі да лепшых позніх опер Вердзі «Рэквіем» (1874, памяці пісьменніка-патрыёта А.Мандзоні). Вяршыня творчасці Вердзі — муз. драма «Атэла» (1886) і камічная опера «Фальстаф» (1892), у якіх традыц. арыі і дуэты заменены маналогамі і дыялагічнымі сцэнамі, засн. на скразным муз. развіцці, дасягнута поўнае зліццё музыкі з драм. дзеяннем. Вердзі рэфармаваў камічную оперу на аснове дасягненняў рэаліст.муз. драмы 19 ст. Творчасць Вердзі — адна з вяршынь опернага рэалізму ў сусв.муз. мастацтве. На аснове традыцый папярэднікаў і сучаснікаў, выкарыстання песеннасці італьян.нар. музыкі Вердзі стварыў уласны муз. стыль, для якога характэрны яскравая тэатральнасць, вастрыня і выразнасць у абмалёўцы дзейных асоб і сітуацый, неперарыўнасць сцэн. развіцця, гібкасць вак. дэкламацыі, майстэрства ансамбля, узмацненне драматургічнай ролі аркестра. У Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі пастаўлены «Рыгалета», «Травіята», «Трубадур», «Аіда», «Баль-маскарад», «Атэла», «Дон Карлас», фантазія «Шэкспір і Вердзі» (у трох частках), у рэпертуары хору — «Рэквіем».
Тв.:
26 опер (з іх 6 у 2 рэдакцыях);
«Рэквіем» для 4 салістаў, хору і арк., Staban mater для хору і арк. (1898), Те Deum для падвойнага хору і арк. (1898) і інш.;
вак.-сімф. «Гучы, труба» (рэв. гімн, 1848), Гімн нацый (1862);
струнны квартэт (1873), вак.-інстр. ансамблі;
песні, рамансы і інш.
Літ.тв.: Рус.пер. — Избр. письма. М., 1959.
Літ.:
Соллертинский И. Джузеппе Верди // Соллертинский И. Исторические этюды. 2 изд. Л., 1963;
Тароцци Дж. Верди: Пер. с итал. М., 1984;
Соловцова Л.А. Джузеппе Верди. 4 изд. М., 1986;
Галь Г. Брамс. Вагнер. Верди: Три мастера, три мира: Пер. с нем. М., 1986.