«ДА ВІ́ЛЬНІ Е́ДУЦЬ»,
бел. нар. гульня. Гуляюць 3—8 хлопчыкаў. На пляцоўцы чэрцяць круг дыяметрам 4—7 м, у цэнтры ставяць «Вільню» (завостраная палка). Першы гулец злёгку ўтыкае ў зямлю на рысцы круга калок (даўж. 15—20 см) і б’е па ім шляжкай (палка-бразготка). На колькі калок увойдзе ў зямлю, на столькі гулец перамяшчае яго да «Вільні». Калі ж прамахнецца, шляжка перадаецца іншаму. Гульня працягваецца, пакуль усе калкі не стануць ушчыльную да «Вільні». Прайграе той, хто прыехаў у «Вільню» апошнім.
Я.Р.Вількін.
т. 5, с. 556
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫМУ́ЧЫЯ ЗМЕ́І, грымучнікі,
змеі сямейства ямкагаловых. Вядомы 2 роды: карлікавыя грымучнікі (Sistrurus), у складзе якіх 3 віды, і сапраўдныя грымучнікі (Crotalus) — 28 відаў. Большасць насяляе трапічныя лясы, паўпустыні і пустыні Паўн. Амерыкі, 1 від — каскавела, або страшны грымучнік (Crotalus durissus), жыве ў Паўд. Амерыцы. Найб. вядомы грымучнік паласаты (Crotalus horridus).
Даўж. цела да 2,4 м. На галаве ямка з «тэрмічным вокам» для ўспрымання цеплавых інфрачырв. прамянёў, што дапамагае знаходзіць корм у цемнаце. Ядавітыя зубы на верхняй сківіцы. На канцы хваста бразготка з рагавых конусаў (відазмененая луска), ад трэння якіх пры ўзбуджэнні ўтвараюцца гукі (адсюль назва), чутныя на адлегласці да 30 м. Яйцажывародныя. Укусы грымучых змей смяротныя для дробных жывёл і небяспечныя для буйных жывёл і чалавека. Ад некаторых грымучых змей атрымліваюць яд.
т. 5, с. 481
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)