БО́РТНІКІ,

пчаляры, якія займаліся бортніцтвам. Лакальныя назвы на Беларусі — барцялазы, вотчыны. Бортнікі рабілі новыя борці (дуплы ў дрэве) і засялялі іх пчоламі (бароўкамі), рыхтавалі прынаду для раёў, чысцілі борці, выбіралі мёд, ахоўвалі пчол ад неспрыяльнага надвор’я і шкоднікаў. Умельства Б. пе-. радавалася з пакалення ў пакаленне і ў шмат якіх сем’ях бортніцтва было спадчынным на працягу стагоддзяў.

т. 3, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́РТНІЦТВА,

лясное пчалярства, заснаванае на ўтрыманні пчол у штучных дуплах — борцях. Адзін з найбольш старадаўніх промыслаў. На тэр. Беларусі і ў суседніх раёнах было найб. пашырана ў 10—17 ст., месцамі, асабліва на Палессі, захавалася да пач. 20 ст. Найчасцей выкарыстоўвалі натуральныя борці — дуплы дрэў. Штучныя борці выдзёўбвалі ў тоўстых ствалах дрэў на выш. ад 4 да 15 м. Пазней рабілі вуллі-калоды, якія прывязвалі да дрэва або ставілі на дашчаныя палаткі. Для аховы ад драпежнікаў (куніц, асабліва мядзведзяў) майстравалі вакол дрэва памост з вострымі зубцамі, у дрэва забівалі нажы і інш. З развіццём земляробства і высечкай лясоў бортніцтва саступіла месца пасечнаму пчалярству. Блізкія да бортніцтва метады пчалярства існавалі ў многіх народаў свету, захаваліся ў асобных плямёнаў у малаабжытых раёнах Паўд. Амерыкі, Афрыкі, Паўд. Азіі.

т. 3, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАБРАЎЛЯ́НСКАЯ ЗБРАЁЎНЯ,

калекцыя ваен. зброі і амуніцыі 13—19 ст., сабраная А.Гюнтэрам (па паходжанні немец) у сваім маёнтку Дабраўляны (цяпер вёска ў Смаргонскім р-не). Экспанаты — шлемы, кірасы, латы, парахаўніцы, бердышы, алебарды, чаканы, стрэлы, баявыя сякеры, лукі, даспехі крыжакоў і інш. — былі размешчаны ў пабудаванай ім капліцы. У калекцыі былі ўзоры ваен. і паляўнічага ўзбраення розных стараж. магнацкіх родаў. На тэр. сядзіб Гюнтэр стварыў таксама музей нар. побыту (старыя хаты, аборы, борці і інш.). Пасля яго смерці (1854) б. ч. экспанатаў трапіла ў Варшаву.

Г.А.Каханоўскі.

т. 5, с. 559

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУ́ЛЕЙ,

штучна створаныя гнёзды для пчаліных сем’яў. Папярэднікамі вулляў былі борці (вуллі ў выглядзе выдзеўбанай калоды або дупла ў дрэве, дзе жылі пчолы). Робяць вуллі з драўніны хвойных (елка, піхта, нясмольная хвоя) і мяккіх лісцевых парод (ліпа, таполя, вярба). Пашыраны разборны рамачны вулей, які сканструяваў рус. пчаляр П.І.Пракаповіч (1814).

Удасканалены рамачны вулей складаецца з аднаго або некалькіх карпусоў, у кожным з якіх размяшчаецца ад 10 да 24 гнездавых рамак (дзе пчолы гадуюць лічынак, складваюць мёд і пяргу). Корпус мае ляткі для праходу пчол, прылётную дошку, надстаўку, якая дазваляе пашырыць аб’ём пчалінага гнязда, дно, паддашнік (для верхняга ўцяплення), столь, дах, рамкі і паўрамкі. Вуллі бываюць вертыкальныя (стаякі) і гарызантальныя (лежакі). У вертыкальным рамкі размяшчаюцца ў некалькі ярусаў, у гарызантальным — у 1 ярус.

На Беларусі найб. пашыраны вулей 16-рамачны з магазіннай надстаўкай, вулей-ляжак на 20 рамак і шматкорпусны.

т. 4, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)