БО́РНЫЯ ЎГНАЕ́ННІ,
мінеральныя рэчывы, у якіх бор знаходзіцца ў даступнай для раслін форме; адзін з відаў мікраўгнаенняў. У якасці борных угнаенняў выкарыстоўваюць борную к-ту, борны канцэнтрат, буракс, борны суперфасфат, некаторыя борныя руды і інш. Асабліва эфектыўныя на дзярнова-падзолістых, перагнойна-карбанатных, некаторых балотных глебах, чырваназёмах, шэразёмах і інш. Найб. успрымальныя да борных угнаенняў насеннікі канюшыны, люцэрны, кармавыя і сталовыя караняплоды, цукр. буракі, бульба, грэчка, лён, бавоўнік.
т. 3, с. 218
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́РНАЯ КІСЛАТА́,
ортаборная кіслата, слабая неарганічная кіслата (H3BO3). Бясколерныя крышталі, шчыльн. 1480 кг/м³. Раствараецца ў вадзе, лепш у гарачай (пры 0 °C у 100 г вады раствараецца 2,6 г борнай кіслаты, пры 100 °C — 39,7 г).
У прыродзе існуе як мінерал сасалін, а таксама ў тэрмальных водах і прыродных расолах, з якіх яе атрымліваюць. Вышэй за 70 °C борная кіслата страчвае ваду і ператвараецца ў метаборную кіслату (HBO2), пры награванні да 160 °C — у аксід бору. У водных растворах існуюць паліборныя кіслоты (nB2O3·mH2O), у свабодным стане выдзелены толькі іх солі. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці спец. шкла, эмаляў, цэментаў, флюсаў, мыйных і касметычных сродкаў, як антысептычны, дэзінфекцыйны і кансервавальны сродак, інгібітар карозіі, рэагент у фатаграфіі, мікраўгнаенне. ГДК у сцёкавых водах сан.-быт. прызначэння 0,5 мг/л. Мазі, пасты, прысыпкі з борнай кіслатой і борны спірт (раствор борнай кіслаты ў спірце) выкарыстоўваюць як лек. сродкі.
т. 3, с. 217
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́РУ ЗЛУЧЭ́ННІ,
хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць бор, пераважна ў ступені -3 ці +3. Найб. пашыраны аксід, карбід, нітрыд, сіліцыды бору, бараты, барыды, боравадароды, борарганічныя злучэнні. Сыравінай для бору злучэнні з’яўляецца бор і аксід бору.
Бору аксід (борны ангідрыд), B2O3, бясколернае шклопадобнае ці крышт. рэчыва, tпл 450 °C, тэрмічна ўстойлівы. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці спец. шкла, керамікі, эмаляў. Бору карбід B4C(B12C4), чорныя крышталі, tпл 2350 °C. Па цвёрдасці саступае толькі дыяменту і нітрыду бору. Выкарыстоўваюцца для вырабу абразіўных і шліфавальных матэрыялаў, як праваднік; абагачаны 10B — паглынальнік нейтронаў Бору нітрыд існуе ў трох алатропных формах, адна з іх, β-форма, — баразон, tпл 3200 °C, па цвёрдасці блізкі да дыяменту. Абразіўны звышцвёрды матэрыял. Бору сіліцыды (барыды крэмнію), B4Si і B6Si. Шэрыя крышталі з т-рамі раскладання 1390 °C і 1864 °C адпаведна. Выкарыстоўваюцца як вогнетрывалыя матэрыялы, для рэгулявальных і ахоўных прыстасаванняў ядз. рэактараў.
т. 3, с. 218
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)