БО́РДЖА,

Борджыя (ісп. Borja, італьян. Borgia), арыстакратычны род іспанскага паходжання, які ў 15 — пач. 16 ст. адыгрываў значную ролю ў гісторыі Італіі. Пачатак яго ўзвышэнню даў Алонса (31.12.1378—6.8.1458), які стаў папам (1455—58) пад імем Калікста III. Яго пляменнік Радрыга (1430—18.8.1503) — папа Аляксандр VI (1492—1503), са сваім сынам Чэзарэ (1475 ці 1476—12.3.1507) імкнуліся стварыць у Сярэдняй Італіі вял. дзяржаву, дзе Чэзарэ меў бы абсалютную ўладу. Дзеля гэтага выкарыстоўвалі подкупы, забойствы. У 1499 Чэзарэ стаў правіцелем Раманьі. Пасля смерці Аляксандра VI пазбаўлены ўлады, уцёк у Іспанію. Загінуў у баі ў час міжусобных войнаў. Чэзарэ — прататып правіцеля ў творы Н.Макіявелі «Гасудар». Дачку Аляксандра VI Лукрэцыю (18.4.1480—24.6.1519) бацька і брат Чэзарэ тройчы выдавалі замуж з паліт. мэтамі. У 1501 Лукрэцыя стала жонкай герцага Ферары Альфонса д’Эстэ. Пры яе двары ў Ферары працавалі вучоныя, паэты, мастакі Л.Арыёста, П.Бемба, Тыцыян і інш.

т. 3, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСА́НДР VI

(Alexander; свецкае Радрыга Борджа; Rodrigo Borgia; 1.1.1430 ці 1431 — 18.8.1503),

папа рымскі з 1492. Імкнуўся стварыць у цэнтры Італіі моцную дзяржаву, дзеля чаго падтрымліваў заваёўніцкія планы свайго сына Чэзарэ Борджа, прадаваў царк. пасады, збіраў крыжаносную дзесяціну, канфіскоўваў маёмасць заможных асоб. Паліт. праціўнікаў ліквідаваў з дапамогай атруты і кінжала. У 1497 адлучыў ад царквы свайго праціўніка Саванаролу і садзейнічаў пакаранню яго смерцю. На пачатку італьянскіх войнаў 1494—1559 лавіраваў паміж варагуючымі бакамі.

т. 1, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАТЫКА́НСКАЯ АПО́СТАЛЬСКАЯ БІБЛІЯТЭ́КА,

афіцыйная папская бібліятэка ў Рыме. Засн. ў 4 ст. У 1990 у фондах 1,3 млн. адзінак, у т. л. каля 8 тыс. інкунабул і каля 100 тыс. графічных твораў мастацтва. Неаднаразова знішчалася і мяняла месцазнаходжанне (Рым, Латэран, Авіньён). Сучасны выгляд б-ка набыла ў 15 ст. пры папе Мікалаю V, які арганізаваў скрыпторый (майстэрню па перапісванні кніг) і забяспечыў доступ да бібліятэчнага збору шырокай публікі. У 16 ст. папа Сікст V перанёс б-ку ў Ватыканскі палац, дзе яна знаходзіцца і цяпер. У 1911—18 мадэрнізавана А.Рацы (будучы папа Пій XI). Абслугоўвае царк. і навук. ўстановы. У фондах б-кі адна з найбагацейшых у свеце калекцый рукапісаў (больш як 61 тыс. адзінак) і аўтографаў (Фамы Аквінскага, Ф.Петраркі, Т.Таса, М.Лютэра, Мікеланджэла, усяго каля 100 тыс.), каштоўныя прыватныя кнігазборы: шведскай каралевы Крысціны, сем’яў Борджа, Барберыні, Кіджы, Росі. Выдае каталогі спец. збораў, тыражуе фотакопіі і мікрафільмы інкунабул. Пры б-цы 3 музеі.

Н.К.Мазоўка.

т. 4, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАТЫКА́Н

(Vaticano),

Дзяржава-горад Ватыкан (Stato della Città del Vaticano), папская суверэнная дзяржава, цэнтр каталіцкай царквы, рэзідэнцыя яе кіраўніка — папы рымскага. Размешчана ў Рыме — сталіцы Італіі, на ўзгорку Монтэ-Ватыкана, на зах. беразе р. Тыбр. Пл. 0,44 км². Нас. 811 чал. (1992), у т. л. 402 чал. маюць ватыканскае грамадзянства. Ватыкану належаць асобныя тэрыторыі з 13 будынкамі ў Рыме па-за дзярж. межамі агульнай пл. 0,7 км²: 3саборы, шэраг палацаў і вілаў. Каля Рыма ў замку Кастэль-Гандольфа летняя рэзідэнцыя папы. Афіц. мовы лац. і італьянская. Нац. свята — дзень узвядзення на прастол рымскага папы Іаана Паўла II (22 кастр.).

Дзяржаўны лад. Паводле канстытуцыі 1929, Ватыкан — абсалютная тэакратычная манархія. Кіраўнік дзяржавы — папа рымскі, які выбіраецца пажыццёва на канклаве — спец. сходзе выбаршчыкаў (удзельнічаюць кардыналы не старэй за 80 гадоў). Яму належыць вярхоўная заканад., выканаўчая і суд. ўлада. Папа прадстаўляе Ватыкан у міжнар. справах, заключае, ратыфікуе і дэнансуе міжнар. дагаворы і канкардаты, прымае дыпламат. прадстаўнікоў і прызначае паслоў (нунцыяў) у інш. краінах. Кіраўніцтва рэліг., паліт. і эканам. дзейнасцю Ватыкана належыць Рымскай курыі (урад Ватыкана). У яе ўваходзяць статс-сакратарыят, 9 кангрэгацый (дэпартаментаў), 3 трыбуналы, 3 сакратарыяты і інш. Статс-сакратарыят узначальвае звычайна кардынал, які выконвае функцыі прэм’ер-міністра і міністра замежных спраў. Асн. дэпартаменты ўзначальваюць кардынальскія камісіі на чале з прэфектам або прэзідэнтам. У склад Рымскай курыі ўваходзяць таксама кардынальская калегія і сінод каталіцкай царквы. Ахова Ватыкана і цырыманіяльныя функцыі ўскладзены на швейц. гвардыю і папскую жандармерыю.

Гісторыя. Назва Ватыкан паходзіць ад назвы аднайм. ўзгорка на беразе р. Тыбр, дзе ў раннім сярэднявеччы быў пабудаваны палац, які з канца 14 ст. стаў пастаяннай рэзідэнцыяй кіраўніка каталіцкай царквы (гл. Каталіцызм, Папская вобласць, Папства). Пасля аб’яднання Італіі і далучэння да яе Рыма (1870) была ліквідавана свецкая ўлада папы рымскага. Папа не прызнаў аб’яднанай італьян. дзяржавы і абвясціў сябе «ватыканскім вязнем». Канфлікт паміж Апостальскай сталіцай і ўрадам Італіі быў ліквідаваны ў 1929 Латэранскімі пагадненнямі, паводле якіх была ўтворана дзяржава Ватыкан і вызначаны яе сучасныя межы. Ватыкан падтрымлівае дыпламат. адносіны з больш як 125 краінамі свету, з ліст. 1992 — з Рэспублікай Беларусь. Прадстаўлены ў ААН.

Гаспадарка. Эканам. асновай дзяржавы з’яўляюцца даходы ад капіталаўкладанняў і ахвяраванняў. Ватыкан — адзін з буйнейшых у свеце акцыянераў і капіталаўласнікаў. Кошт акцый і інш. каштоўнасцей Ватыкана, уключаючы залатыя запасы, неафіцыйна ацэньваецца больш як у 13 млрд. дол. ЗША. Ватыкан валодае буйной нерухомасцю ў Італіі, Іспаніі, ФРГ, лацінаамер. краінах. Пастаянны даход прыносіць продаж паштовых марак, турысцкіх сувеніраў, рэліг. л-ры, плата за наведванне музеяў. У Ватыкан сцякаюцца таксама значныя сродкі ў выглядзе паступленняў ад вернікаў, збораў ад падаткаў і інш. Сусв. цэнтр рэліг. паломніцтва і турызму. Выраб мазаік і уніформы для персаналу. Чыг. станцыя. Грашовая адзінка — ватыканская ліра.

Друк, радыё, тэлебачанне. Афіц. ўрадавы орган — бюлетэнь «Acta Apostolicae Sedis» (з 1909). Выходзіць штодзённая газ. «L’Osservatore Romano» («Рымскі аглядальнік», з 1861). Сярод інш. перыяд. выданняў: «Ecclesia», «Latinitas». Інфармац. агенцтва — Аджэнцыя Інтэрнацыянале Фідэс (АІФ). Працуе шматмоўны выдавецкі цэнтр. «Радыё Ватыкана» (з 1931) вядзе перадачы на 35 мовах. Тэлевіз. праграмы рыхтуе і трансліруе Тэлевізійны цэнтр Ватыкана (з 1983).

Навуковыя і культурна-асветныя ўстановы. Гал. папскія навук. ўстановы: Папская акадэмія навук (засн. ў 1603, адноўлена ў 1936), Рымская каталіцкая акадэмія св. Фамы Аквінскага (з 1879), Папскі біблейскі ін-т (з 1909). Ун-ты: Папскі Грыгарыянскі універсітэт (з 1553), Папскі ун-т св. Фамы Аквінскага (з 1580), Папскі Урбаніянскі універсітэт (з 1627), Папскі Латэранскі ун-т (з 1824). Ватыканская астр. абсерваторыя (з 1576) старэйшая ў Еўропе.

У музейны комплекс Ватыкана ўваходзяць: Пінакатэка (італьян. жывапіс 11—18 ст. — творы Фра Анджэліка, Леанарда да Вінчы, Тыцыяна, М.Караваджа, Зала Рафаэля), музеі Егіпецкі, Этрускі (каштоўны збор керамікі), Піо-Клеменціна і К’ярамонці (зборы ант. скульптуры), галерэя сучаснага мастацтва, Сіксцінская капэла, Станцы і Лоджыі Рафаэля, галерэя габеленаў, Ватыканская Апостальская бібліятэка разам з Хрысціянскім (каштоўныя зборы дэкар.-прыкладнога мастацтва) і інш. музеямі.

Архітэктура. Арх. комплекс Ватыкана ўключае культавыя, палацавыя і крапасныя збудаванні, якія спалучаюцца з творамі садова-паркавага мастацтва. Уваходам у Ватыкан служыць авальная плошча св. Пятра з каланадамі (1657—63, арх. Л.Берніні), што вядуць да буйнейшага каталіцкага храма — сабора св. Пятра (1506—1614, арх. Д.Брамантэ, Мікеланджэла, Дж.Віньёла, Дж. дэла Порта, К.Мадэрна і інш.). У інтэр’еры сабора — мармуровае «Аплакванне Хрыста» Мікеланджэла (каля 1497—98), бронзавы балдахін (1624—33), кафедра (1657—66) і надмагіллі работы Берніні, «Брама смерці» (1947—64, скульптар Дж.Манцу). На Пн ад сабора размешчаны палацавы комплекс. У яго ўваходзяць капэлы Мікалая V (1440-я г., фрэскі Фра Анджэліка), Сіксцінская (1473—84, фрэскі Мікеланджэла, П.Перуджына, С.Батычэлі, Д.Гірландайо) і Пааліна (1540, арх. А. да Сангала Старэйшы, фрэскі Мікеланджэла, 1542—50), апартаменты Борджа (фрэскі Пінтурык’ё, 1493—94); Лоджыі і Станцы (залы), размаляваныя Рафаэлем і яго вучнямі; двары Сан-Дамаза і Бельведэр (паміж 1503—45, праект Брамантэ); парадны ўваход у палац — Каралеўская лесвіца (Скала Рэджа, 1663—66, Берніні). У садах Ватыкана — Казіно Пія IV (1558, арх. П.Лігорыо), Пінакатэка. Уласнасцю Ватыкана з’яўляюцца раннехрысц. базілікі Сан-Джавані ін Латэрана, Санта-Марыя Маджорэ і Сан-Паала фуоры ле Мура (усе — 4 ст.), Латэранскі палац (16 ст.) і інш. будынкі ў Рыме. Помнікі архітэктуры Ватыкана ўключаны ЮНЕСКА у спіс сусветнай спадчыны.

Літ.:

Музеи Ватикана. Рим: Альбом. М., 1974;

Bonaventura M.A. La Città del Vaticano. Roma, [1971].

Н.К.Мазоўка (дзяржаўны лад, гісторыя, друк, радыё, тэлебачанне, навуковыя і культурна-асветныя ўстановы).

т. 4, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)