«БО́НЧА»,

прыватнаўласніцкі герб на Беларусі, Украіне, у Літве і Польшчы. Карысталіся ім больш за 100 родаў, у т. л. Асмалоўскія, Буйневічы, Куніцкія, Маркоўскія, Скажынскія, Сяніцкія. Вядомы з 14 ст. Мае выяву белага аднарога на блакітным полі. Клейнод — над прылбіцай з каронай палова такога ж аднарога. Існуе варыянт герба, дзе аднарог перакрэслены залатым паўмесяцам, над якім размешчаны 3 залатыя шасціпрамянёвыя зоркі.

т. 3, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫ́ХАВА АБЛО́ГА 1702.

Праводзілася ў жн.кастр. 1702 казакамі і войскамі ВКЛ у час Паўночнай вайны 1700—21. 29 жн. Стары Быхаў, уладальнік якога К.Сапега арыентаваўся на Станіслава Ляшчынскага і шведаў, быў абложаны казакамі гетмана М.Міклашэўскага і войскам генерала артылерыі ВКЛ К.Сяніцкага (Сініцкага-Бонча). Абаронай кіравалі М.Більдзюкевіч і быхаўскі губернатар Я.Дэро. 10 кастр. гарнізон здаўся на ганаровых умовах і прысягнуў Аўгусту II. Мяшчанам былі пакінуты ўсе вольнасці і прывілеі. Кіраванне Быхавам аддадзена Сяніцкаму.

т. 3, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)