Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БОКС (ад англ. вох скрынка),
1) герметычная камера ці скрынка для захоўвання шкодных, у т. л. радыеактыўных, рэчываў, мікраарганізмаў і для работы з імі. Аснашчаецца акном, доўгімі пальчаткамі або маніпулятарамі, шлюзам для загрузкі і выгрузкі рэчываў, прыстасаваннем для падачы асушаных газаў (сухі бокс).
2) Адасобленыя месцы ў гаражах, прамысл. памяшканнях для размяшчэння аўтамабіляў, выпрабавальных і інш. установак.
3) Адгароджаная частка палаты або ізаляванае памяшканне ў інфекцыйных бальніцах (клініках).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОКС (англ. вох літар. ўдар),
від спорту, адзінаборства ў кулачным баі паводле пэўных правілаў. Адрозніваюць аматарскі бокс і прафесійны. Спаборніцтвы праводзяцца на рынгу — квадратнай пляцоўцы 6 × 6 м, абмежаванай па перыметры 3 канатамі, нацягнутымі паміж вуглавымі стойкамі. Баксіруюць у спец. мяккіх пальчатках масай да 300 г (у прафес. боксе да 220 г, на алімпійскіх гульнях каля 230 г), спец. ахоўных шлемах (у аматарскім боксе). Правілы дазваляюць наносіць удары ў пярэднюю і бакавую часткі галавы і тулава вышэй пояса; забараняюць захопы, штуршкі, падножкі, удары адкрытай пальчаткай, галавой. Паядынак доўжыцца 3 раунды (у прафес. боксе да 12) па 3 мін кожны з перапынкам 1 мін паміж імі. Судзяць спаборніцтвы суддзя на рынгу і 5 бакавых. Перамога прысуджаецца па ачках (бакавымі суддзямі) ці датэрмінова (суддзёй на рынгу), калі баксёр пасля ўдару саперніка і адліку суддзёй на рынгу 10 сек не ў стане працягваць бой (накаўт), за яўнай перавагай, калі пераможца тройчы збівае саперніка моцным ударам з ног (накдаўн) ці за яўнай тэхн. перавагай. Баксёраў падзяляюць паводле ўзроставых, вагавых і разрадных катэгорый. З 1920 дзейнічае Міжнар. федэрацыя бокса (АІБА). Бокс у праграме Алімпійскіх гульняў з 1904, чэмпіянаты свету з 1974, Еўропы з 1924.
Бокс развіўся з кулачнага бою (вядомы ў Стараж. Егіпце, Вавілоніі, быў у праграме Алімпійскіх гульняў у Стараж. Грэцыі). Першыя правілы бокса ў пальчатках уведзены ў Англіі ў 1867. На Беларусі бокс развіваецца з 1920 (першая секцыя ў Барысаве). Сярод бел. баксёраў алімпійскі чэмпіён В.Яноўскі (1988), абс.чэмпіён СССР А.Юкаў (1983), прызёры Кубка свету і Гульняў Добрай волі Ю.Торбік (1982), А.Акулаў (1984), А.Банін (1990), чэмпіянату Еўропы М.Савічаў (1993).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТЛЕ́ТЫКА,
у шырокім сэнсе — фізічныя практыкаванні, якія развіваюць сілу, вынослівасць, спрыт і інш. якасці (гл.Атлетызм). З 19 ст. адрозніваюць цяжкую атлетыку (бокс, барацьбу, гіравы спорт) і лёгкую атлетыку (бег, кіданне, скачкі). З 1946 цяжкай атлетыкай наз. спорт, у аснове якога толькі падыманне цяжару (штангі, гіры).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАЛЯ́ТАР (франц. isolateur ад isoler раз’ядноўваць),
1) рэчыва з вельмі вял. удзельным эл. супраціўленнем (гл.Дыэлектрыкі).
2) Прыстасаванне, частка канструкцыі, што прадухіляе ўтварэнне эл. кантакту, а таксама забяспечвае мех. сувязь паміж часткамі эл. абсталявання (гл.Ізалятар электрычны).
3) Адасобленае памяшканне для хворых (гл.Бокс) або асоб, для якіх ёсць патрэба ў ізаляцыі (напр., следчы ізалятар).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІ́ (Ali) Махамед [сапр.Клей (Clay) Касіус; н. 17.1.1942, г. Луісвіл, штат Кентукі, ЗША], амерыканскі спартсмен (бокс). Чэмпіён Алімпійскіх гульняў (1960, Рым) у паўцяжкай вазе. На прафес. рынгу з 1961. Абсалютны чэмпіён свету сярод прафесіяналаў у цяжкай вазе (1964); 9 разоў адстойваў гэта званне. За адмову ваяваць у В’етнаме ў 1968 пазбаўлены чэмпіёнскага тытула. У 1974 і 1978 вяртаў званне абс. чэмпіёна свету. Удзельнік руху за грамадзянскія правы неграў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІКБО́КСІНГ, еўра-амерыканскае каратэ,
сінтэз класічнага англ. бокса і каратэ (бокс з ударамі нагамі). Узнік у сярэдзіне 1970-х г. у ЗША і Зах. Еўропе. Заснавальнікі — Д.Валера, Б.Лі, Ч.Норыс, Б.Уолес і інш. Тэрмін «К.» з’явіўся ў 1974.
Складаецца з 5 дысцыплін: абмежаваны, лёгкі і поўны кантакты, свабодны стыль і сольныя кампазіцыі, якія складаюцца з 3 відаў: «жорсткі» стыль, «мяккі» і з прадметамі (меч, нож, нунчакі, палка і інш.). Сусв.арг-цыя каратэ ўсіх стыляў, у т. л. К. (ВАКО), заснавана ў 1977. Першы чэмпіянат Еўропы адбыўся ў 1977, свету — у 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖЗЕМНАМО́РСКІЯ ГУ́ЛЬНІ,
рэгіянальныя спартыўныя гульні краін Міжземнаморскага басейна, што адбываюцца пад апекай Міжнар.алімп.к-та. Першыя М.г. (1951, г. Александрыя, Егіпет) арганізаваны па ініцыятыве Францыі. Праводзяцца ў перадалімп. год Міжнар. к-там (засн. ў 1960; эмблема — белы сцяг з блакітным контурам Міжземнага мора; штаб-кватэра ў Афінах). Гульні атрымліваюць назву ад імя горада, у якім яны праводзяцца. У праграме М.г.: барацьба, баскетбол, бокс, валейбол, веласпорт, веславанне, воднае пола, гандбол, гімнастыка, дзюдо, лёгкая атлетыка, ветразевы спорт, плаванне, скачкі ў ваду, стральба, цяжкая атлетыка, фехтаванне, футбол, хакей на траве і інш. (12 і больш відаў спорту).