БАГДАНО́ВІЧ (Ангел Іванавіч) (2.10.1860, г. Гарадок Віцебскай вобласці — 24.3.1907),
расійскі паліт. дзеяч, публіцыст і літ. крытык. У час вучобы ў Кіеўскім ун-це (1880—82) стаў удзельнікам нарадавольскага руху. Жыў у Ніжнім Ноўгарадзе, Казані, Пецярбургу. Адзін са стваральнікаў паліт. арг-цыі «Народнае права» (1893). Працаваў у рэдакцыях часопісаў «Русское богатство» (1893—94), «Мир Божий» (1894—1906). Пасля 1895 «легальны марксіст». Як крытык выступаў супраць «народніцкіх трафарэтаў» у літаратуры (ідэалізацыя вёскі, «мужыка») і інш. З 1906 рэдагаваў час. «Современный мир».
Тв.:
Годы перелома. Спб., 1908.
т. 2, с. 204
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАМЯ́ЦІН (Яўген Іванавіч) (1.2.1884, г. Лебядзянь Ліпецкай вобл., Расія — 10.3.1937),
рускі пісьменнік. Скончыў Пецярбургскі політэхн. ін-т (1908). У гратэскна-сатыр. аповесці «Павятовае» (1913) паказаў непрыгляднае правінцыяльнае жыццё. За антываен. накіраванасць аповесці «На кулічках» (1914) прыцягваўся да суда. Гал. твор — раман-антыутопія «Мы» [1920, апубл. на англ. (1924) і франц. (1929) мовах, на рус. мове — ў 1988]. У фантаст.-алегарычных казках-прытчах «Пячора» (1920), «Мамай» (1921), п’есе «Агні святога Дамініка» (1923), гіст. трагедыі «Атыла» (1928) праводзіў думку пра рэальную магчымасць дэградацыі чалавецтва да пячорнага стану. У 1931 эмігрыраваў, з 1932 жыў у Парыжы. Аўтар публіцыстычнага даследавання «Масква—Пецярбург» (1933), рамана «Біч Божы» (1938, незакончаны), кнігі артыкулаў і ўспамінаў пра сучаснікаў «Твары» (1955).
Тв.:
Собр. соч.: В 5 т. Т. 1—4. Мюнхен, 1970—88;
Избр. произв. Т. 1—2. М., 1990;
Бич Божий: Избр. Мн., 1997.
С.Ф.Кузьміна.
т. 6, с. 525
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕ́ЙНБАРТ (Леў Максімавіч) (27.10.1875, г. Капыль Мінскай вобл. — 20.11.1950),
рускі крытык і публіцыст. Скончыў Слуцкую гімназію. З 1896 вучыўся ў Пецярбургскім ун-це. У 1903—17 супрацоўнічаў у час. «Образование», «Мир божий», «Современный мир» і «Вестник Европы». У 1920-я г. кіраваў літ. студыямі Наркамасветы і ленінградскага Пралеткульта. Літ. дзейнасць пачаў у 1902. Даследаваў гісторыю пралет. культуры, нар. публіцыстыку і самадз. літ. творчасць, выданні капыльскай рабочай асв. арг-цыі «Самаадукацыя і самаразвіццё» (паэзію, прозу і публіцыстыку Ц.Гартнага, А.Гурло, Ф.Чарнушэвіча, Ф.Шантыра і інш. у рукапісных час. «Заря», «Вольная думка» і «Голос низа»). У кн. «Маладая Беларусь. Нарыс сучаснай беларускай літаратуры» (1928) вызначыў пэўныя заканамернасці і спецыфіку развіцця бел. л-ры, ахарактарызаваў асн. тэндэнцыі і кірункі бел. літ. руху 1920-х г., творчасць А.Александровіча, А.Бабарэкі, А.Дудара, У.Дубоўкі, Я.Пушчы, К.Чорнага і інш. Перапісваўся з Я.Купалам, Ц.Гартным і інш. Падрыхтаваў першую крытыка-біяграфічную манаграфію пра Я.Купалу (не выйшла). Аўтар успамінаў пра літ. і рэв. рух у Капылі.
т. 8, с. 329
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)