БУХА́РСКАЯ НАРО́ДНАЯ САВЕ́ЦКАЯ РЭСПУ́БЛІКА (БНСР),
дзяржава ў Сярэдняй Азіі ў 1920—24. Утворана на тэр. Бухарскага эмірата ў выніку перамогі нар. паўстання (2.9.1920), падтрыманага Чырв. Арміяй. 14 вер. сфарміраваны вышэйшыя органы ўлады — Усебухарскі рэўком і Савет нар. назіраў (камісараў). 8 кастр. на 1-м Усебухарскім курултаі (з’ездзе) нар. прадстаўнікоў абвешчана БНСР. 4.3.1921 паміж РСФСР і БНСР падпісаны саюзны дагавор і эканам. пагадненне. Канстытуцыя БНСР 1921 заканадаўча замацавала пераход улады ў рукі Саветаў нар. дэпутатаў; яе адметная рыса — прызнанне права прыватнай уласнасці на зямлю і асн. прылады працы і сродкі вытв-сці. У 1920—23 на тэр. БНСР разгарнуўся антысав. рух (гл. Басмацтва), пад кантролем басмачоў знаходзілася значная частка тэр. рэспублікі. 19.9.1924 БНСР пераўтворана ў Бухарскую ССР, ліквідаваную 24.10.1924. Яе тэр. ўвайшла ў склад Узб. ССР, Туркм. ССР і Тадж. ССР.
т. 3, с. 363
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЛАДАБУХА́РЦЫ,
удзельнікі грамадска-паліт. руху пач. 20 ст. ў Бухарскім эміраце. Ідэйная аснова руху — джадзідызм. М. выступалі за нар. асвету, супраць карупцыі ў дзяржапараце. Пасля рас. Лют. рэв. 1917 створана арг-цыя М. на чале з А.Мунзімам (старшыня ЦК) і А.Фітратам (сакратар), якая патрабавала ўтварэння «нар. прадстаўніцтваў», памяншэння падаткаў, свабоды школ і друку. Эмірскі ўрад распачаў супраць М. рэпрэсіі. У студз. 1920 Ф.Хаджаеў, лідэр радыкальнага крыла М., стварыў у Ташкенце Туркестанскае цэнтр. бюро М.-рэвалюцыянераў. Пасля абвяшчэння Бухарскай Народнай Савецкай Рэспублікі (БНСР) у вер. 1920 М. ўзначалілі першы яе ўрад. 11.9.1920 частка М. аб’ядналася з бухарскімі камуністамі ў Бухарскую камуніст. партыю, іншыя далучыліся да басмацтва.
Літ.:
Бухарская революция // Родина. 1989. № 11.
т. 10, с. 495
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)