Блізняты (біял.) 2/357

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Блізняты (сузор’е) 2/357; 4/470 (іл.), 556—557 (карта), 587, 597; 5/499; 8/499

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БЛІЗНЯ́ТЫ,

нараджэнне (амаль адначасовае) двух і болей дзяцей у чалавека і млекакормячых жывёл, для якіх характэрна аднаплоднасць. Блізняты могуць быць аднаяйцавыя (моназіготныя), развіваюцца з адной аплодненай яйцаклеткі — зіготы, і двух’яйцавыя (дызіготныя), развіваюцца з двух ці болей адначасова аплодненых яйцаклетак. Аднаяйцавыя блізняты заўсёды аднаполыя, маюць аднолькавы генатып, групу крыві і надзвычай высокую ступень падабенства. Двух’яйцавыя блізняты могуць быць адна- і разнаполыя, іх генатыпічнае і вонкавае падабенства не большае, чым паміж іншымі братамі і сёстрамі (сібсамі). Суадносіны паміж мона- і дызіготнымі блізнятамі ў чалавека вызначаюцца прыкладна як 1 і 2, нараджэнне двайнят у сярэднім складае 1 на 100 родаў (ад 0,6 у Японіі да 4,5 у Афрыцы), трайнят — прыкладна на 10 тыс., чацвярнят — на 1 млн.; вядомы выпадкі нараджэння 5 і 6 блізнят; шматплоднасць больш уласціва прадстаўнікам негроіднай расы, менш мангалоідам. Зніжэнне нараджэння блізнят у апошнія дзесяцігоддзі звязваюць з уплывамі сац.-быт. фактараў.

Сучасныя метады дыягностыкі дазваляюць устанавіць шматплоднасць у самыя раннія тэрміны цяжарнасці. Па даных гемелалогіі (навукі пра блізнят) асн. ролю ў вызначэнні шматплоднасці мае спадчыннасць. Па мацярынскай лініі перадаюцца ў спадчыну дызіготныя блізняты, па бацькоўскай — моназіготныя. Унутрывантробнае і пасляродавае развіццё блізнят вызначаецца шэрагам асаблівасцяў. У 70—75% выпадках аднаяйцавым блізнятам уласціва наяўнасць адной плацэнты і аднаго харыёна, у дызіготных блізнят яны асобныя для кожнага плода. Больш частыя (у 2 разы) у блізнят прыроджаныя заганы развіцця, магчымы выпадкі хімерызму, у аднаяйцавых — недаразвіццё або адсутнасць сэрца, спалучэнне крывяносных сістэм, няпоўнае раздзяленне тулаваў (гл. Сіямскія блізняты) і інш. У генетыцы вывучэнне ролі і ўзаемаадносін спадчыннасці і асяроддзя ў зменлівасці прыкмет і фарміраванні асобы (чалавека) складае сутнасць «блізнятнага метаду». У жывёлагадоўлі штучнаму рэгуляванню плоднасці свойскіх і інш. карысных жывёл надаецца гасп. значэнне.

Р.​У.​Дэрфліо.

Блізняты аднаяйцавыя (злева) і двух’яйцавыя.
Да арт. Блізняты. Схематычнае адлюстраванне размяшчэння аднаяйцавых (1) і двух’яйцавых (2) блізнят у матцы.

т. 3, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛІЗНЯ́ТЫ (лац. Gemini),

адно з 12 сузор’яў задыяка. Знаходзіцца ў паўн. паўшар’і неба, паміж сузор’ямі Рака і Цяльца. Найбольш яркія зоркі — Полукс і Кастар (адпаведна 1-й і 2-й зорнай велічыні). З тэр. Беларусі добра відаць увосень, зімой і вясной (гл. Зорнае неба).

Сузор’е Блізняты.

т. 3, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

сіямскія блізняты

т. 14, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛУКС, β Блізнят,

зорка 1-й зорнай велічыні, адна з дзвюх яркіх зорак у сузор’і Блізняты.

т. 12, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АШВІ́НЫ,

у ведыйскай і індуісцкай міфалогіі багі-блізняты, якія ўвасаблялі ранішні і вячэрні змрок. Лічыліся божымі лекарамі-выратавальнікамі.

т. 2, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВАНАВІ́ЛАНА,

у міфалогіі індзейцаў Паўн. Амерыкі бог — стваральнік і першапрычына ўсяго існага. З часцінкі свайго цела ён стварыў светы-блізняты: маці-зямлю і бацьку-неба, ад якіх узнікла ўсё наступнае жыццё.

т. 1, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Чанг і Энг (сіямскія блізняты) 2/357

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯСКУ́РЫ,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі сыны Зеўса і Леды, браты Алены, героі-блізняты — смяротны Кастар і бессмяротны Палідзеўк, удзельнікі паходу арганаўтаў. Сімвал братэрскай любві. Культ. Д. першапачаткова існаваў у Спарце, пазней распаўсюдзіўся ва ўсёй Стараж. Грэцыі. У Стараж. Рыме яны былі вядомы як Кастар і Палукс. Міф пра Д. папулярны ў л-ры (Піндар, Тэакрыт, Авідзій), выяўл. мастацтве (вазапіс, П.​П.​Рубенс, А.​Дзюрэр), музыцы (Ж.​Ф.​Рамо, Дж.​Сарці).

Дыяскуры выкрадаюць дачок Леўкіпа. Фрагменты размалёўкі гідрыі. Каля 410 да н.э.

т. 6, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)