блізня́ты, -ня́т, адз. блізня́і блізнё, -ня́ці, Т -нём, н.
Дзеці адной маці, якія нарадзіліся адначасова.
Нарадзіць блізнят.
Браты-б.
|| прым.блізня́чы, -ая, -ае.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
блізня́ты
I (ед. блізня́, блізнё) близнецы́;
○ сія́мскія б. — сиа́мские близнецы́
II (Блізня́ты) астр. Близнецы́
Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)
блізня́ты, ‑нят; адз. блізня і блізнё, ‑ніці, Т ‑нём, н.
Дзеці адной маці, якія нарадзіліся адначасова. Па вуліцы ішлі Хведаравы дзяўчаткі-блізняты.Паўлаў./уперан.ужыв.Вясною неяк бачыў зводдаль Два азярцы ў цішы лясной. Такія роўныя абодва, Нібы блізняты між сабой.Гілевіч.Нясмелы і няўмелы — блізняты.Прыказка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Блізняты (біял.) 2/357
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БЛІЗНЯ́ТЫ,
нараджэнне (амаль адначасовае) двух і болей дзяцей у чалавека і млекакормячых жывёл, для якіх характэрна аднаплоднасць. Блізняты могуць быць аднаяйцавыя (моназіготныя), развіваюцца з адной аплодненай яйцаклеткі — зіготы, і двух’яйцавыя (дызіготныя), развіваюцца з двух ці болей адначасова аплодненых яйцаклетак. Аднаяйцавыя блізняты заўсёды аднаполыя, маюць аднолькавы генатып, групу крыві і надзвычай высокую ступень падабенства. Двух’яйцавыя блізняты могуць быць адна- і разнаполыя, іх генатыпічнае і вонкавае падабенства не большае, чым паміж іншымі братамі і сёстрамі (сібсамі). Суадносіны паміж мона- і дызіготнымі блізнятамі ў чалавека вызначаюцца прыкладна як 1 і 2, нараджэнне двайнят у сярэднім складае 1 на 100 родаў (ад 0,6 у Японіі да 4,5 у Афрыцы), трайнят — прыкладна на 10 тыс., чацвярнят — на 1 млн.; вядомы выпадкі нараджэння 5 і 6 блізнят; шматплоднасць больш уласціва прадстаўнікам негроіднай расы, менш мангалоідам. Зніжэнне нараджэння блізнят у апошнія дзесяцігоддзі звязваюць з уплывамі сац.-быт. фактараў.
Сучасныя метады дыягностыкі дазваляюць устанавіць шматплоднасць у самыя раннія тэрміны цяжарнасці. Па даных гемелалогіі (навукі пра блізнят) асн. ролю ў вызначэнні шматплоднасці мае спадчыннасць. Па мацярынскай лініі перадаюцца ў спадчыну дызіготныя блізняты, па бацькоўскай — моназіготныя. Унутрывантробнае і пасляродавае развіццё блізнят вызначаецца шэрагам асаблівасцяў. У 70—75% выпадках аднаяйцавым блізнятам уласціва наяўнасць адной плацэнты і аднаго харыёна, у дызіготных блізнят яны асобныя для кожнага плода. Больш частыя (у 2 разы) у блізнят прыроджаныя заганы развіцця, магчымы выпадкі хімерызму, у аднаяйцавых — недаразвіццё або адсутнасць сэрца, спалучэнне крывяносных сістэм, няпоўнае раздзяленне тулаваў (гл.Сіямскія блізняты) і інш. У генетыцы вывучэнне ролі і ўзаемаадносін спадчыннасці і асяроддзя ў зменлівасці прыкмет і фарміраванні асобы (чалавека) складае сутнасць «блізнятнага метаду». У жывёлагадоўлі штучнаму рэгуляванню плоднасці свойскіх і інш. карысных жывёл надаецца гасп. значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛІЗНЯ́ТЫ
(лац. Gemini),
адно з 12 сузор’яў задыяка. Знаходзіцца ў паўн. паўшар’і неба, паміж сузор’ямі Рака і Цяльца. Найбольш яркія зоркі — Полукс і Кастар (адпаведна 1-й і 2-й зорнай велічыні). З тэр. Беларусі добра відаць увосень, зімой і вясной (гл.Зорнае неба).