БЛЮ́ШЧЫК
(Glechoma),
род кветкавых раслін сям. ясноткавых. 5 (паводле інш. звестак 12) відаў. Пашыраны ва ўмеранай Еўропе, Азіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі ў лясах, хмызняках, на лугах, каля жылля і дарог трапляецца блюшчык плюшчападобны (С. hederacea); блюшчык валасісты (С. hirsuta) — рэдкі від, расце ў лісцевых лясах і хмызняках, пераважна ў зах. і паўд. раёнах.
Шматгадовыя травяністыя расліны з паўзучымі ўкараняльнымі сцябламі і ўзыходнымі кветаноснымі парасткамі выш. да 20—25 см. Лісце супраціўнае, круглавата-ныркападобнае, зубчастае, укрытае валаскамі. Кветкі двухполыя, двухгубыя, ліловыя або ружова-ліловыя, у несапраўдных кальчаках. Плод — цэнобій з 4 арэшкаў. Дэкар., лек. (адхарквальны, жаўцягонны, процізапаленчы, гемастатычны сродак) і меданосныя расліны. Маюць эфірны алей, халін, дубільныя рэчывы; некаторыя віды ядавітыя.
т. 3, с. 198
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАФІ́ТЫ
[ад апа... + ...фіт(ы)],
абарыгенныя расліны, якія з прыродных лясных, лугавых, балотных і інш. згуртаванняў перайшлі на тэрыторыі, звязаныя з гасп. дзейнасцю чалавека (палі, падвор’і, месцы здабычы карысных выкапняў і інш.). У новых месцах апафіты — пустазелле. На Беларусі да апафітаў належаць блюшчык плюшчападобны, крапіва двухдомная, купкоўка зборная, снітка звычайная, чальчак вербалісты і інш.
т. 1, с. 420
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)