БЛО́КІНГ-ГЕНЕРА́ТАР,

рэлаксацыйны генератар з глыбокай трансфарматарнай адваротнай сувяззю. Выпрацоўвае імпульсы малой працягласці, якія паўтараюцца праз параўнальна вял. прамежкі часу. Можа працаваць у аўтавагальным або чакальным рэжыме.

Асн. якасці блокінг-генератара: прастата будовы, лёгкая сінхранізацыя і стабілізацыя ваганняў, магчымасць атрымаць вял. магутнасць у імпульсе пры малой сярэдняй магутнасці. Для павелічэння стабільнасці ў схему блокінг-генератара ўключаюць вагальны контур. Блокінг-генератар выкарыстоўваецца ў імпульснай тэхніцы, тэлевізійных і радыёлакацыйных устаноўках, дзялільніках частаты і інш.

т. 3, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯЛІ́ЛЬНІК,

1) Дз. напружання — электратэхнічная прылада для дзялення напружання пастаяннага (ці пераменнага) току на часткі. Складаецца з актыўных або рэактыўных электрычных супраціўленняў. Пры нізкіх напружаннях выкарыстоўваюць актыўныя (амічныя) Дз., для пераменнага току, акрамя таго, рэактыўныя (ёмістыя, індуктыўныя) Дз., для высокіх напружанняў — ёмістыя (на пераменным току) і актыўныя (на пастаянным току). З дапамогай Дз. адбіраюць невял. магутнасці ад лініі электраперадачы, вымяраюць напружанне і інш. Гл. таксама Атэнюатар, Рэастат.

2) Дз. частаты — радыёэлектронная прылада для змяншэння частаты падведзеных эл.магн. ваганняў у цэлую колькасць разоў. Для дзялення частаты выкарыстоўваюць нелінейныя прылады: электронныя лічыльнікі, імпульсныя генератары (напр., блокінг-генератары, мультывібратары), генератары з самаўзбуджэннем і інш. Выкарыстоўваюць у сінтэзатарах частот, хранізатарах, кварцавых гадзінніках, радыё- і вымяральнай тэхніцы, электрасувязі, радыёлакацыі, тэлебачанні і інш.

Нізкавольтныя дзялільнікі напружання: 1 — амічны; 2 — ёмістасны; 3 — індуктыўны; U1 — уваходнае напружанне; U2 — выхадное напружанне.

т. 6, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНЕРА́ТАР у радыётэхніцы,

прылада для атрымання (генерацыі) эл.-магн. ваганняў вызначанага віду (пэўных частаты, амплітуды, фазы, формы імпульсаў і інш.). Адрозніваюць генератар з самаўзбуджэннем (аўтагенератары; гл. ў арт. Аўтаваганні), у якіх характарыстыкі ваганняў вызначаюцца ўласцівасцямі самога генератара, і з незалежным узбуджэннем (узмацняльнікі магутнасці эл.-магн. ваганняў ад асобнага аўтагенератара). Генерацыя ажыццяўляецца пераважна за кошт энергіі крыніц пастаяннага току з дапамогай актыўных элементаў (электронных прылад) або шляхам пераўтварэння першасных эл. ваганняў у ваганні зададзенай частаты і формы (квантавы генератар, параметрычны генератар).

Паводле тыпу актыўнага элемента адрозніваюць лямпавыя генератары (напр., на генератарных лямпах), цвердацельныя (на вырашальных узмацняльніках, Гана дыёдах, транзістарах, тунэльных дыёдах), генератар з газаразраднымі прыладамі (на тыратронах), форме ваганняў, частаце, магутнасці і прызначэнні — генератар гарманічных ваганняў (гл. Гарманічныя ваганні), генератар ваганняў спец. формы, нізка-, высока- і звышвысокачастотныя, імпульсныя генератары і інш. У генератары інфранізкіх частот і ў генератары ваганняў спец. формы ўмовы генерацыі забяспечваюцца адваротнай сувяззю; генератары нізкіх і радыёчастот маюць вагальныя контуры, фільтры і інш. ланцугі з засяроджанымі элементамі, генератар звышвысокіх частот — ланцугі з размеркаванымі параметрамі (аб’ёмныя і адкрытыя рэзанатары, радыёхваляводы, палоскавыя і кааксіяльныя лініі і інш., звычайна спалучаныя з актыўнымі элементамі ў адно цэлае). Гл. таксама Генератар вымяральны, Блокінг-генератар, Мультывібратар, Свіп-генератар, Фантастрон.

П.​С.​Габец.

т. 5, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́МПУЛЬСНАЯ ТЭ́ХНІКА,

галіна радыётэхнікі і электронікі, звязаная з даследаваннем, распрацоўкай і выкарыстаннем метадаў і тэхн. сродкаў атрымання (генерыравання), запамінання (захоўвання), пераўтварэння, узмацнення, вымярэння і індыкацыі імпульсаў электрычных. Імпульсныя сігналы, што выкарыстоўваюцца ў І.т., вызначаюцца амплітудай і працягласцю імпульсаў, частатой іх паступлення (праходжання), адносным узаемным размяшчэннем у серыі, перарывістасцю. Найб. шырока выкарыстоўваюцца імпульсы: у аўтаматыцы працягласцю каля 0,01—1 с, перарывістасцю да 10; у радыёсувязі адпаведна 10​−4—10​−5 с, 10—10​2; у радыёлакацыі 10​−3—10​−9 с, ад 10​2 да 10​4; у вылічальнай тэхніцы да 10​−9 с і менш.

Генерыраванне імпульсаў рознай формы, іх селекцыя па пэўных адзнаках, функцыянальнае пераўтварэнне і інш. робіцца з дапамогай разнастайных схем і ўстройстваў. Гэта лінейныя ўстройствы фарміравання і пераўтварэння імпульсаў (фарміравальныя лініі, дыферэнцавальныя і інтэгравальныя ланцугі, імпульсныя трансфарматары і ўзмацняльнікі, эл.-магн. і ультрагукавыя лініі затрымкі); нелінейныя ўстройствы пераўтварэння імпульсаў і пераключэння ланцугоў (абмежавальнікі, імпульсныя мадулятары, фіксатары ўзроўню, пік-трансфарматары, пераключальныя матрыцы і інш.); рэгенератыўныя спускавыя ўстройствы і генератары імпульсаў (пераразлічальныя схемы, трыгеры, мультывібратары, блокінг-генератары); імпульсныя дзельнікі частаты паўтору, электронныя генератары лінейназменнага току і напружання, селектары імпульсаў, лагічныя элементы і ўстройствы перапрацоўкі інфармацыі, закадзіраванай імпульснымі сігналамі, і інш. Метады і сродкі І.т. шырока выкарыстоўваюцца ў тэлебачанні (сігналы відарыса і сінхранізацыі імпульсныя), у радыёлакацыі і радыёнавігацыі, у радыёсувязі з высокай перашкодаўстойлівасцю і шматканальнай, у сучасных ЭВМ і лічбавых аўтаматах, радыёвымяральных прыладах і інш.

Літ.:

Ерофеев Ю.Н. Импульсная техника. М., 1984;

Фролкин В.Т., Попов Л.Н. Импульсные и цифровые устройства. М., 1992.

В.​І.​Вараб’ёў.

т. 7, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)