БЛАКІРО́ЎКА,

фіксацыя рабочых частак (элементаў) машын, апаратаў, эл. схем у пэўным становішчы (стане), якое вызначаецца надзейнасцю і бяспечнасцю іх эксплуатацыі. Бывае аўтаматычная (гл. Аўтаблакіроўка, Рэлейная ахова), паўаўтаматычная і ручная. Ажыццяўляецца мех., аптычнымі, магн. ці эл. (схемнымі) сувязямі і спыняецца падачай уздзеяння, якое вяртае часткі машын і апаратаў у зыходны стан ці ў новае рабочае становішча. Выкарыстоўваецца на транспарце, у электраэнергет. сістэмах, на прамысл. прадпрыемствах, у апаратах, прыладах і прыстасаваннях вытв. і быт. прызначэння.

т. 3, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАБЛАКІРО́ЎКА (ад аўта... + блакіроўка) чыгуначная, аўтаматычная сістэма рэгулявання руху паяздоў на перагонах. Дзейнічае ад сігналаў аўтам. святлафораў, якія працуюць пад уздзеяннем саміх паяздоў. Міжстанцыйныя перагоны падзяляюцца святлафорамі на блок-участкі; рух паяздоў арганізоўваецца з найменшымі (па ўмовах бяспекі) інтэрваламі. Пры праездзе поезда на блок-участку дазваляльны сігнал уваходнага святлафора пераключаецца на забараняльны. Аўтаблакіроўка забяспечваецца 2, 3, 4-знакавай сістэмай сігналізацыі, сродкамі аўтам. лакаматыўнай сігналізацыі і аўтастопамі.

т. 2, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДСКІ́ ТРА́НСПАРТ,

сукупнасць розных відаў транспарту, прызначаных для перавозкі пасажыраў і грузаў у горадзе і прыгараднай зоне, выканання работ па добраўпарадкаванні. Гарадскі транспарт — галіна гарадской гаспадаркі, уключае: трансп. сродкі (рухомы састаў), пуцявыя ўстройствы (рэльсавыя пуці, тунэлі, эстакады, масты, пуцеправоды, станцыі, стаянкі); прыстані і лодачныя станцыі, сродкі энергазабеспячэння (цягавыя электрападстанцыі, кабельныя і кантактныя сеткі, аўтазаправачныя станцыі); рамонтныя майстэрні і з-ды; дэпо, гаражы, станцыі тэхн. абслугоўвання; лінейныя прыстасаванні (сувязь, сігналізацыя, блакіроўка); дыспетчарскае кіраванне. Гарадскі транспарт падзяляецца на пасажырскі, грузавы і спецыяльны.

Пасажырскі гарадскі транспарт аб’ядноўвае вулічны (аўтобус, тралейбус, трамвай), пазавулічны скорасны (метрапалітэн, манарэйкавыя дарогі, фунікулёры, скорасны трамвай), легкавы аўтамабільны транспарт, двухколавы (матацыклы, веласіпеды, мапеды), водны (рачныя судны, паромныя пераправы, лодкі), паветраны (верталёты) транспарт. Да грузавога гарадскога транспарту адносяцца: грузавы аўтатранспарт (гл. Грузавы аўтамабіль), грузавыя трамвай, тралейбус, рачныя судны, чыг. транспарт прамысл, прадпрыемстваў. Спецыяльны гарадскі транспарт уключае: палівачна-мыечныя, падмятальныя, смеццеўборачныя і снегаўборачныя машыны, дарожныя рэманцёры, аўтавышкі, пажарныя машыны, рэфрыжэратары, санітарныя аўтамабілі і інш.

Да пач. 20 ст. ў гарадах Беларусі быў толькі конны транспарт. Конка ўяўляла сабой вагон на 20—30 чал., які цягнулі 2—3 кані (на пад’ёмах запрагалі яшчэ пару коней). Скорасць 5 км/гадз. Першая конка пушчана ў Мінску ў 1892, мела 4 аднакалейныя лініі даўж. больш за 7 км. У гады грамадз. вайны не працавала, аднавіла работу ў 1921, заменена трамваем у 1929. У Магілёве конка працавала да 1910. Аўтобусны рух адкрыты ў Мінску ў 1924 (па 2 маршрутах), з 1934 стала працаваць таксі, з 1952 — тралейбус, з 1984 — метро. Першы на Беларусі трамвай пачаў працаваць у Віцебску 18.6.1898 (адзін з першых у Рас. імперыі), Наваполацку — з 1974, у Мазыры — з 1988. Тралейбусны рух пачаўся: у Мінску з верасня 1952, у Гомелі з 1962, у Магілёве з 1970, у Гродне з 1974, у Віцебску і Бабруйску з 1978, у Брэсце з 1981.

І.І.Леановіч.

т. 5, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)