АЎТАБЛАКІРО́ЎКА (ад аўта... + блакіроўка) чыгуначная, аўтаматычная сістэма рэгулявання руху паяздоў на перагонах. Дзейнічае ад сігналаў аўтам. святлафораў, якія працуюць пад уздзеяннем саміх паяздоў. Міжстанцыйныя перагоны падзяляюцца святлафорамі на блок-участкі; рух паяздоў арганізоўваецца з найменшымі (па ўмовах бяспекі) інтэрваламі. Пры праездзе поезда на блок-участку дазваляльны сігнал уваходнага святлафора пераключаецца на забараняльны. Аўтаблакіроўка забяспечваецца 2, 3, 4-знакавай сістэмай сігналізацыі, сродкамі аўтам. лакаматыўнай сігналізацыі і аўтастопамі.

т. 2, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)