Беспрацоўе 1/89, 419; 2/68, 315, 333; 3/363; 4/102; 5/402; 8/386, 525, 571, 574

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БЕСПРАЦО́ЎЕ,

сацыяльна-эканамічная з’ява, калі пэўная частка працаздольнага насельніцтва не можа знайсці работу. Бывае фрыкцыйнае (часовая добраахвотная незанятасць, звязаная з пераходам з адной работы на другую), скрытае (калі для вытв. працэсу патрэбна меншая за наяўную колькасць работнікаў), структурнае (незанятасць, абумоўленая структурнай перабудовай эканомікі), цыклічнае (незанятасць у сувязі са спадам вытв-сці, з пэўнай фазай эканам. цыкла). У любой форме беспрацоўе азначае страту часткі прац. рэсурсу грамадства, што вядзе да адмоўных сац.-эканам. вынікаў: недабору прадукцыі, недагрузкі асн. капіталу, змяншэння сямейных бюджэтаў, незадаволенасці беспрацоўных і інш.

К.​Маркс лічыў беспрацоўе прадуктам і ўмовай існавання капіталізму. Тэхнічным перааснашчэннем вытв-сці і павышэннем інтэнсіўнасці працы прадпрымальнікі змяншаюць затраты на аплату рабочай сілы і ствараюць рэзервовую армію працы. Наяўнасць беспрацоўных буржуазія выкарыстоўвае для наступлення на інтарэсы працуючых, узмацняе іх эксплуатацыю для павышэння сваіх прыбыткаў. Асабліва хутка расце беспрацоўе ў перыяд эканам. крызісу, калі закрыццё прадпрыемстваў і звальненне рабочых набывае масавы характар. Паводле звестак міжнар. арганізацыі працы, у канцы 1980-х г. у развітых краінах было каля 50 млн. беспрацоўных. Узровень беспрацоўя (адносіны колькасці беспрацоўных да колькасці працаздольных) аказвае прамы ўплыў на велічыню валавога нац. прадукту (ВНП). Паводле закона А.​Ойкена, 1% беспрацоўя ў краіне змяншае яе ВНП на 2,5% і наадварот. У эканоміцы ЗША гэтыя суадносіны 1:2. Таму, каб зменшыць негатыўныя вынікі беспрацоўя, улады развітых краін імкнуцца трымаць яго пад кантролем праз дзярж. рэгуляванне эканомікі (антыманапольнае заканадаўства, падтрымка малога і сярэдняга бізнесу, мэтавае бюджэтнае фінансаванне і інш.). Для больш эфектыўнага выкарыстання свабоднай рабочай сілы пашырана сфера дзейнасці біржаў працы, якія пераўтвораны ў дзярж. ўстановы. Тым, хто афіцыйна прызнаны беспрацоўным, аказваецца дапамога па беспрацоўі.

Як і ў інш. краінах, на Беларусі беспрацоўе з’явілася ў выніку капіталіст. рацыяналізацыі вытв-сці. Напачатку тут пераважала скрытае беспрацоўе, асабліва сярод сельскага насельніцтва: у 1890 у бел. вёсках было не занята 1127,8 тыс. чал. (38,9%), у 1900 — 2039,8 тыс. чал. (56,9%). Па 5—6 мес на працягу года не мелі работы і многія дробныя таваравытворцы. Пра скрытае беспрацоўе сведчаць адыходніцтва, перасяленне ў Сібір і на Д.​Усход, эміграцыя ў Амерыку і Зах. Еўропу. У час крызісу 1901—03 беспрацоўнымі сталі амаль 19% прамысл. рабочых. За 50 гадоў да 1-й сусв. вайны ў пошуках работы бацькаўшчыну пакінула 1,4 млн. беларусаў. У 1921 у БССР афіцыйна зарэгістравана 7,8 тыс. беспрацоўных, у жн. 1924 — 25,9 тыс., у 1928 — 64,4 тыс. Гал. прычынай беспрацоўя была разбуранасць эканомікі ў час грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі і агр. перанаселенасць. Сав. дзяржава аказвала беспрацоўным дапамогу. У сувязі з індустрыялізацыяй колькасць іх пачала хутка змяншацца і да канца 1931 беспрацоўе на Беларусі ліквідавана, хоць фактычна існавала скрытае. У Зах. Беларусі ў 1936 было 25 тыс. беспрацоўных. З пераходам да рыначнай эканомікі пачалося фарміраванне і рынку працы. На пач. 1994 на Беларусі зарэгістравана 66 тыс. беспрацоўных (з іх 52% атрымлівалі дапамогу), узровень беспрацоўя склаў 1,4%. Вырашэннем праблем працаўладкавання беспрацоўных займаецца Цэнтр занятасці.

У.​А.​Салановіч.

т. 3, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СВЕТ», «Сьвет»,

газета Беларускага рабоча-сял. пасольскага клуба «Змаганне». Выдавалася з 22.6 да 29.7.1929 у Вільні на бел. мове штотыднёва. Асвятляла розныя бакі жыцця насельніцтва Зах. Беларусі. Друкавала матэрыялы пра эканам. і паліт. ўціск, звязаны з пачаткам сусв. эканам. крызісу і пашырэннем у Еўропе, у т. л. і ў Польшчы, нацыянал-сацыялізму. Паведамляла пра беспрацоўе, масавыя паліт. кампаніі да Дня барацьбы за мір (1 жніўня), дзейнасць гурткоў ТБШ, кааператываў, прафсаюзаў, разгромленую ўладамі Грамаду, фашызацыю грамадства, пагрозу вайны. Выйшла 8 нумароў, 6, 7, 8-ы нумары канфіскаваны. Закрыта ўладамі.

С.​В.​Говін.

т. 14, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫКА́ГСКАЯ ШКО́ЛА ў палітэканоміі,

кірунак у эканам. думцы 20 ст., прадстаўнікі якога стаяць на пазіцыях неалібералізму. Узнікла ў сярэдзіне 1960-х г. у Чыкагскім ун-це. Заснавальнік М.Фрыдмен, гал. прадстаўнікі — Т.К.Сайманс, Ф.​Найт, Дж.​Стыглер. Выступае за неўмяшанне дзяржавы ў эканоміку, зыходзячы з таго, што рыначны механізм сам забяспечвае яе функцыянаванне. Гал. інструментам уздзеяння на эканоміку лічаць рэгуляванне грашовай масы — манетарызм. Спады вытв-сці прадстаўнікі Ч.м. звязваюць з парушэннямі ў крэдытна-грашовай сферы, цыклічныя хістанні вытв-сці і беспрацоўе разглядаюць як натуральнае праяўленне самарэгулявання рынку.

т. 17, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ВЕРЫДЖ (Beveridge) Уільям Генры (5.3.1879, г. Рангпур, Бангладэш — 16.3.1963),

англійскі вучоны-эканаміст. Чл. Брытанскай акадэміі (1937). У 1919—37 дырэктар Лонданскай школы эканам. і паліт. навук. У 1940—44 прэзідэнт Каралеўскага эканам. т-ва. Паслядоўнік Дж.М.Кейнса, імкнуўся спалучыць яго ідэі з ліберальнай дактрынай, выступаючы за больш непасрэдны кантроль дзяржавы над эканомікай. Гал. тэма яго даследаванняў — беспрацоўе. У 1942 па даручэнні брыт. ўрада распрацаваў «план Беверыжда», які прадугледжваў спалучэнне дзярж. палітыкі поўнай занятасці з сац. страхаваннем і ўсеагульнай бясплатнай сістэмай аховы здароўя. Гэты план пакладзены ў аснову сац. палітыкі Вялікабрытаніі пасля 2-й сусв. вайны.

т. 2, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКРАЭКАНО́МІКА,

раздзел эканам. навукі, які даследуе буйнамаштабныя з’явы і працэсы эканомікі краіны, яе гаспадаркі як адзінае цэлае. Аб’ектамі даследавання М. з’яўляюцца зводныя абагульняльныя паказчыкі па гаспадарцы — нац. багацце, валавы нац. і валавы ўнутр. прадукт, нац. даход, сумарныя дзярж. і прыватныя інвестыцыі, агульная колькасць грошай у абарачэнні; вывучае таксама сярэднія па краіне паказчыкі (напр., сярэднія даходы, заработная плата, узровень інфляцыі, беспрацоўе, занятасць), абагульняльныя паказчыкі росту, тэмпы павелічэння або зніжэння велічынь, што характарызуюць эканоміку краіны і эканам. працэсы. Асноўнае кола паказчыкаў сучаснага макраэканамічнага аналізу склалася пад уплывам Дж.М.Кейнс. Гл. таксама Мікраэканоміка.

І.​Р.​Залатагораў.

т. 9, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРА́НАВІЦКІ АДЗІНАФРАНТАВЫ́ МІ́ТЫНГ ПРАЦО́ЎНЫХ 1936 у Заходняй Беларусі.

Адбыўся ў лют. 1936 пад кіраўніцтвам адзінафрантавога к-та, у які ўваходзілі прадстаўнікі гар. арг-цый КПЗБ, ППС, Бунда, «Паалей Цыёна». Удзельнічала 5 тыс. працоўных г. Баранавічы і сялян навакольных вёсак. На мітынгу прадстаўнікі розных паліт. партый гаварылі пра нац. прыгнёт, беспрацоўе, перапоўненыя палітвязнямі турмы, размах забастовачнай барацьбы ў Зах. Беларусі, заклікалі аб’яднацца ў нар. фронт для сумеснай барацьбы супраць наступу рэакцыі і пагрозы новай сусв. вайны. Абвяшчаліся заклікі: «Далоў вайну!», «Мы хочам міру!», «Вызваліць з турмаў палітзняволеных!» і інш. Удзельнікі мітынгу прынялі рэзалюцыю пратэсту супраць рэакцыйнай унутр. і знешняй палітыкі ўрада Польшчы, выказаліся за аб’яднанне працоўных у нар. фронт для барацьбы супраць фашызму і вайны.

І.​Ф.​Дзяшко.

т. 2, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУСВЕ́ТНЫЯ ФЕСТЫВА́ЛІ МО́ЛАДЗІ І СТУДЭ́НТАЎ,

традыцыйныя масавыя міжнар. святы прадстаўнікоў дэмакр. моладзі і студэнтаў, накіраваныя на развіццё дружбы і ўзаемаразумення паміж моладдзю і народамі розных краін, на ўмацаванне міру. Асн. арганізатар — Сусветная федэрацыя дэмакратычнай моладзі. Праграмы фестываляў разнастайныя: сустрэчы дэлегацый, семінары, дыспуты, маніфестацыі, спарт. спаборніцтвы, маст. конкурсы, выстаўкі і інш. У 1947—2001 адбылося 15 фестываляў: у Празе (1947), Будапешце (1949), Берліне (1951), Бухарэсце (1953), Варшаве (1955), Маскве (1957), Вене (1959), Хельсінкі (1962), Сафіі (1968), Берліне (1973), Гаване (1978), Маскве (1985), Пхеньяне (1989), Гаване (1997), Алжыры (2001). Алжырскі фестываль 2001 праходзіў пад лозунгам «За ўсеагульную салідарнасць, мір і дружбу»; абмяркоўваліся найважн. сусв. праблемы (наступ неалібералізму і глабалізму, расавая дыскрымінацыя, рэліг. фундаменталізм, маладзёжнае беспрацоўе і адукацыя і інш.), ставіліся пытанні аб узмацненні антыімперыяліст. барацьбы і міжнар. салідарнасці моладзі. Моладзь Беларусі ўдзельнічала ва ўсіх С.ф.м. і с., акрамя Алжырскага.

М.​Г.​Нікіцін.

т. 15, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЦАЎЛАДКАВА́ННЕ,

сістэма арганізацыйных, эканам. і прававых мер, накіраваных на забеспячэнне прац. занятасці насельніцтва У шырокім сэнсе П. аб’ядноўвае ўсе формы прац. дзейнасці, у т. л. прадпрымальніцтва, індывід. прац. дзейнасць і да т.п. У вузкім сэнсе пад П. разумеецца працэс пошуку адпаведнай работы і ўладкаванне на ёй, а таксама працэс прафес. падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі грамадзян для атрымання наяўных прац. месцаў. У забеспячэнні занятасці насельніцтва ўдзельнічаюць агульныя і спец. дзярж. органы. Агульнае кіраванне П. у Рэспубліцы Беларусь ускладзена на Мін-ва працы, якое нясе адказнасць за распрацоўку і рэалізацыю дзярж. палітыкі ў галіне працы і занятасці. Спец. органам П. з’яўляецца дзярж. служба занятасці, у якую ўваходзяць Гал. ўпраўленне дзярж. службы Мін-ва працы, абл. ўпраўленні службаў занятасці, гар. і раённыя цэнтры занятасці, інфарм. цэнтры, цэнтры па прафес. падрыхтоўцы, павышэнні кваліфікацыі і перападрыхтоўцы беспрацоўных (гл. Беспрацоўе), іх філіялы і аддзяленні. Дзярж. служба занятасці з’яўляецца пасрэднікам паміж беспрацоўнымі і наймальнікамі. Падставай узнікнення праваадносін паміж імі з’яўляецца рашэнне службы занятасці аб прызнанні грамадзяніна беспрацоўным. Прававое рэгуляванне адносін, звязаных з П., ажыццяўляецца законам «Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь» ад 30.12.1991 і інш. нарматыўнымі актамі.

А.​В.​Моціна.

т. 13, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕЙНСІЯ́НСТВА,

тэорыя дзярж. рэгулявання эканомікі. Асн. палажэнні сфармуляваны Дж.М.Кейнсам у кн. «Агульная тэорыя занятасці, працэнта і грошай» (1936). К. даследуе колькасныя сувязі такіх макраэканам. велічынь, як капіталаўкладанні і нац. даход, інвестыцыі і занятасць насельніцтва, нац. даход, спажыванне і зберажэнне, сукупная колькасць грошай у абарачэнні, узровень цэн, заработная плата, прыбытак і працэнт і інш. У К. аналізуюцца не столькі індывід. паводзіны ўдзельнікаў эканам. працэсу, колькі суадносіны паміж сукупным попытам і прапанаваннем. Кейнс сцвярджаў, што з прычын псіхал. схільнасці людзей да зберажэння, спажыванне расце больш павольна, чым даходы. Павелічэнне нац. даходу вядзе не да росту попыту, а да росту зберажэнняў. Калі рост зберажэнняў не кампенсуецца ростам інвестыцый, даход зніжаецца і ўзмацняецца беспрацоўе. Кейнс выказаў таксама ідэю эканам. раўнавагі рыначнай сістэмы ва ўмовах няпоўнай занятасці і сцвярджаў, што ў канкурэнтнай эканоміцы не існуе механізма, які б гарантаваў поўную занятасць. Каб пазбегнуць масавага беспрацоўя, ён лічыў неабходным умяшанне дзяржавы, якая, на яго думку, павінна стымуляваць попыт на тавары шляхам фінансавання інвестыцый з бюджэту і такім чынам уздзейнічаць на рост вытворчасці. К. зрабіла значны ўплыў на эканам. палітыку краін з развітой рыначнай гаспадаркай. Сярод вядучых прадстаўнікоў К.​Л.​Клейн, Ф.​Мадыльяні, П.​Сэмуэльсан, Дж.​Тобін і інш. Шэраг палажэнняў К. былі скарэкціраваны і развіты ў неакейнсіянстве.

Літ.:

Эклунд К. Эффективная экономика — Шведская модель: Пер. со швед. М., 1991.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 8, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)