тэхналагічны працэс атрымання зліткаў-загатовак з металаў ці сплаваў, заснаваны на бесперапынным руху металу адносна зон заліўкі і крышталізацыі. Робяць на машынах бесперапыннага ліцця. Упершыню выкарыстана ў каляровай металургіі, потым для разліўкі сталі.
Бесперапыннае ліццё сталі: а — схема ліцця; б — устаноўка для разліўкі з прамой вертыкальнай шахтай ахаладжальніка; в — з выгнутай шахтай; 1 — шахта ахаладжальніка; 2 — водаахаладжальны крышталізатар; 3 — залівачны коўш; 4 — стопар для закрыцця адтуліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУГААБАРО́Т КАПІТА́ЛУ,
рух капіталу праз сферы вытв-сці і абарачэння, што забяспечвае вытв-сць прыбавачнай вартасці і ўзнаўленне капіталу. У гэтым працэсе капітал паслядоўна праходзіць праз 3 формы — грашовы капітал, таварны капітал, вытворчы, якія ўяўляюць сабой формы (часткі) прамысловага капіталу; кожная з іх мае свой кругаабарот і выконвае пэўныя эканам. функцыі. Бесперапыннае паўтарэнне К.к. ўтварае абарот капіталу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЗЗЛІ́ТКАВАЯ ПРАКА́ТКА,
атрыманне металічных пруткоў, загатовак, лістоў ці стужак з вадкага металу, які заліваецца ў зазор паміж гарыз. валкамі, што круцяцца ў розныя бакі. Пры бяззліткавай пракатцы ў адным працэсе спалучаюцца ліццё, крышталізацыя і дэфармацыя металу. Найбольш пашырана бяззліткавая пракатка сталі (гл.Бесперапыннае ліццё металаў і сплаваў).
Схемы бяззліткавай пракаткі: а — пры падачы металу збоку; б — пры падачы металу знізу; 1 — размеркавальная вапна; 2 — міжвалковая прастора (крышталізатар); 3 — валок; 4 — паласа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕСАЎПАРАДКАВА́ННЕ,
сістэма мерапрыемстваў па арганізацыі ляснога фонду і рацыянальным лесакарыстанні, На Беларусі пачата ў 1921. Уключае: арганізацыю тэрыторый лесагасп. прадпрыемства; вызначэнне лясных рэсурсаў, катэгорый ахоўных лясоў; праектаванне лесагасп., лесааднаўленчых, лесамеліярац. і інш. работ. Праводзіцца Бел. лесаўпарадкавальным ВА «Белдзяржлес» кожныя 10 гадоў (у 1945—96—5 разоў). З канца 1990-х г. — т.зв.бесперапыннае Л. (змяненні ў стане ляснога фонду фіксуюцца штогод). Адначасова з Л. могуць весціся глебава-тыпалагічныя абследаванні і паляўніцтваўпарадкаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДПА́Л,
1) тэрмічная апрацоўка металаў і сплаваў, якая ўключае награванне металаў ці сплаваў да пэўнай т-ры, вытрымку, павольнае (бесперапыннае ці ступеньчатае) ахаладжэнне і паляпшае іх якасць пры далейшай апрацоўцы і эксплуатацыі. Пры абпале адбываюцца працэсы адпачыну металу, гомагенізацыі, рэкрышталізацыі, рэлаксацыі, перыкрышталізацыі, графітызацыі, сфераідызацыі, якія прыводзяць да паляпшэння структуры, аднароднасці, фіз.-мех. і эл.-магн. уласцівасцяў, зняцця ўнутраных напружанняў, прыдання надання мяккасці і пластычнасці металам і сплавам. Адпал павялічвае вязкасць матэрыялаў.
2) Тэрмічная апрацоўка шкла пры t 400—600 °C у спец. печах для зняцця ўнутраных напружанняў (гл. ў арт.Шкло).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРДО́Н (франц. bourdon літар. густы бас),
1) бесперапыннае гучанне аднаго або некалькіх басовых гукаў нязменнай вышыні. Спалучэнне мелодыі з бурдонам — адна са стараж. формаў шматгалосся, уласцівая і бел. песеннаму і інстр. фальклору. Элементы бурдону захоўваюцца ў каляндарных і вясельных песнях некаторых раёнаў Палесся. У інстр. музыцы ўзнікае пры выкананні на варгане, дудзе, цытры, колавай ліры, скрыпцы, балалайцы і інш., што абумоўлена іх канструкцыяй — наяўнасцю адкрытых струн, бурдонных трубак і інш. Сустракаецца ў творчасці прафес. кампазітараў (арганны пункт).
2) Арганны рэгістр лабіяльнай групы сям’і флейтавых. Трубы метал., закрытыя з аднаго канца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНАЗДЫ́МКА,
бесперапыннае фатаграфаванне на кінаплёнку шэрагу паслядоўных кадраў, якія адлюстроўваюць фазы руху аб’екта ці змены яго стану; этап стварэння кінафільма. Выконваецца з дапамогай кіназдымачнага апарата.
Бывае К. сінхронная (робіцца адначасова з гуказапісам) і нямая (без гуказапісу, з наступным агучваннем ці пад папярэдне запісаную фанаграму). Адрозніваюць К. пакадравую, запаволеную (менш як 24 кадры за секунду), нармальную (24—25), паскораную (да 120—150), скарасную (750—10 000) і высокаскарасную (больш за 10 000). Да спец. відаў К. адносяць падводную, камбінаваную, мікра-, рэнтгена-, стэрэакіназдымку, здымку ў інфрачырвоных і ультрафіялетавых прамянях. Паводле пазіцыі кіназдымачнай камеры адрозніваюць К. статычную, дынамічную і панарамную, паводле месца выканання — натурную і павільённую (гл.Кінастудыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕСПЕРАПЫ́ННАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,
сукупнасць тэхнал. працэсаў, злучаных у адзіны вытв. паток, што забяспечвае бесперапыннае пераўтварэнне зыходнай сыравіны ў гатовы прадукт. Тэхнал. працэсы ў бесперапыннай вытворчасці арганізуюцца ў межах вытв. ліній, участкаў, цэхаў ці ўсяго прадпрыемства. Пашырана ў галінах прам-сці, якія ажыццяўляюць масавы выпуск прадукцыі на аснове спалучэння асобных дэталяў (камплектуючых) у адзінае цэлае (швейная, абутковая, гадзіннікавая прам-сць), а таксама ў галінах, на якіх бесперапыннасць вытв. працэсу абумоўлена характарам тэхналогіі (энергетыка, металургія). Апошнія працуюць кругласутачна, без спынення ў выхадныя і святочныя дні, а рамонт абсталявання ажыццяўляецца ў час работы ці з выкарыстаннем рэзервовых апаратаў і агрэгатаў. Для бесперапыннай вытворчасці характэрны высокі ўзровень механізацыі і аўтаматызацыі вытв-сці. Яна, як правіла, скарачае час вытв-сці прадукцыі, забяспечвае больш поўнае выкарыстанне асн. фондаў, паскарае абарачальнасць абаротных сродкаў, спрыяе росту прадукцыйнасці працы. Найб. эфект дае ў паточнай вытворчасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕРЫСТЭ́МА (ад грэч. meristos што дзеліцца),
1) утваральная тканка раслін, што доўга захоўвае здольнасць да дзялення і ўтварэння новых клетак, адрозніваецца высокай метабалічнай актыўнасцю. Адны клеткі М. (ініцыяльныя) затрымліваюцца на эмбрыянальнай фазе развіцця і забяспечваюць бесперапыннае нарастанне масы расліны, інш. паступова дыферэнцыруюцца і ўтвараюць пастаянныя тканкі (покрыўныя, праводныя, мех., асн. і інш.). У вышэйшых раслін М. ўзнікае з прамерыстэмы зародка насення і ў далейшым знаходзіцца ў конусах нарастання парастка і кораня, якія неабмежавана растуць сваімі верхавінкамі на працягу жыцця расліны. У працэсе росту часткова захоўваецца ў каранях (перыцыкл), у вузлах парасткаў. Уставачная (інтэркалярная) М. часова захоўваецца ў пупышках, міжвузеллях (асабліва доўга ў злакаў), у аснове чаранка і краявой пласціны ліста (маргінальная М.). Другасныя М. (напр., фелаген, што ўтварае корак, раневая — калус і інш.) узнікаюць у пастаянных тканках.
2) Неспецыфічныя клеткі жывёлы, здольныя да дыферэнцыроўкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЦЦЁ,
працэс атрымання вырабаў (адлівак) з расплаўленых матэрыялаў (металаў, горных парод, керамічных матэрыялаў, пластмас і інш.), залітых у ліцейную форму і пасля зацвердзявання апрацаваных. Адзін з найб.эканам. спосабаў вырабу дэталей і загатовак складанай формы і розных памераў. У ліцейнай вытворчасці выкарыстоўваюць больш за 50 разнавіднасцей Л., у т. л.бесперапыннае ліццё, вакуумнае ліццё, каменнае ліццё.
Л. у какіль атрымліваюць фасонныя шчыльныя адліўкі з дакладнымі памерамі, меншымі прыпускамі на мех. апрацоўку (з чыгуну, сталі, алюмінію, магніевых і інш. сплаваў). Л. ў абалонкавыя формы (разавыя, зробленыя з сумесі кварцавага пяску і фенола-фармальдэгіднай смалы) дае адліўкі з шчыльнай аднароднай дробназярністай структурай і высокімі мех. якасцямі, з гладкай паверхняй. Эфектыўнае ў буйнасерыйнай вытв-сці пры вырабе адлівак масай да 100 кг. Л. па выплаўляльных мадэлях робіцца ў нераздымных абалонках з дробназярністага вогнетрывалага матэрыялу. Рабочая поласць утвараецца пасля выплаўлення з абалонкі патрэбнай мадэлі (з парафіну, стэарыну і інш.) Дае складаныя адліўкі з высокай (прэцызійнай) дакладнасцю. Л. пад ціскам вядуць у прэс-формы, якія запаўняюць металам або пластмасай (тэрмапластам, рэактапластам) і гумавымі сумесямі з вял. скорасцю пад высокім ціскам. Пасля астывання, зацвердзявання або вулканізацыі матэрыял набывае канфігурацыю ўнутр. поласці. Дае складаныя вырабы з высокай дакладнасцю. Спосаб высокапрадукцыйны.
На Беларусі даследаванні ў галіне Л. металаў вядуцца з 1950-х г. у Фіз.-тэхн. ін-це Нац.АН, БПА, ліцейнай вытворчасці Беларускім навукова-даследчым канструктарска-тэхналагічным інстытуце, Гомельскім тэхн. ун-це і інш. Распрацаваны новыя спосабы Л. (намарожваннем, Л. у какіль з штучным паветраным зазорам, Л. на вярчальныя валкі-крышталізатары, бесперапыннае цэнтрабежнае Л. і інш.), адпаведныя машыны, абсталяванне, сродкі аўтаматызацыі вытв. працэсаў і інш.
Д.М.Кукуй.
Схема ліцця бесперапынным намарожваннем: 1 — літніковая сістэма; 2 — водаахаладжальны крышталізатар; 3 — гатовая адліўка, якая няспынна выцягваецца з астываючага і цвярдзеючага металу.Да арт.Ліццё. А — ліццё ў какіль: 1 — какіль; 2 — стрыжань; 3 — метал; 4 — адліўка. Б — дакладнае ліццё па выплаўляльных мадэлях: 1 — васковая мадэль; 2 — нанясенне на мадэль слоя керамічнага парашку; 3 — зафармоўванне мадэлі ў апоку; 4 — заліўка металу, які расплаўляе воск і займае яго месца; 5 — ачыстка гатовай адліўкі.