БЕ́РЫ,

нафтавае радовішча ў Саудаўскай Аравіі, адно з буйнейшых у свеце. На шэльфе, паўд. ч. на сушы. Уваходзіць у Персідскага заліва нафтагазаносны басейн. Адкрыта ў 1964, распрацоўка мацерыковай ч. з 1967, марской ч. з 1971. Пачатковыя прамысл. запасы нафты 1055 млн. т. Паклады на глыб. 2,2—2,3 км. Шчыльн. нафты 876 кг/м². Нафтаправод да порта Рас-Танура.

т. 3, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РЫ

(Berry, Berri),

гістарычная вобласць у цэнтр. ч. Францыі. Уключае дэпартаменты Шэр, Эндр, часткова Алье. Пл. 14,3 тыс. км². Нас. каля 600 тыс. чал. (1990). Гал. горад Бурж. Рэльеф узгорысты і нізкагорны. Клімат умераны. Ападкаў каля 800 мм за год. Развіта маш.-буд. (у т. л. с.-г.), авіябуд., харч., хім., тэкст. (шарсцяная), шкларобчая, керамічная прам-сць. Гал. прамысл. цэнтры Бурж, Шатару, В’ерзон, Ісудзён. У сельскай гаспадарцы пераважае вырошчванне збожжавых, садоўніцтва, вінаградарства. Гадуюць буйн. раг. жывёлу і авечак.

т. 3, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РЫ-БЕ́РЫ

(ад сінгальскага beri слабасць),

авітаміноз B1, полінеўрыт аліментарны, хвароба, якая характарызуецца пашкоджаннем перыферычных нерваў, сардэчна-сасудзістай сістэмы і ацёкамі ад недастатковага паступлення ў арганізм вітаміну B1 (тыяміну) ці парушэння яго абмену. Першасны B1-авітаміноз сустракаецца ў краінах Паўд. і Усх. Азіі, дзе насельніцтва харчуецца ў асн. паліраваным рысам, у якім мала тыяміну і інш. вітамінаў групы B. Другасны B1-авітаміноз бывае ад парушэння ўсмоктвання, засваення і абмену тыяміну пры хранічных хваробах тонкай кішкі (калі выключаны з ежы грубыя сарты хлеба, крупы, боб і інш.), пры паскораным разбурэнні ці павышаным выкарыстанні вітамінаў групы B (пры тырэатаксікозе, алкагалізме, цяжарнасці і кармленні грудзьмі, цяжкай фіз. працы, рабоце пры нізкай або высокай тэмпературы).

Адрозніваюць 3 формы хваробы. Сухая (атрафічная) форма з пераважным пашкоджаннем перыферычных нерваў (слабасць і парушэнні адчувальнасці пераважна ніжніх канечнасцяў, атрафія мышцаў), вострая (вільготная) з пераважным пашкоджаннем сардэчна-сасудзістай сістэмы (агульная слабасць, бяссонніца, галаўны боль, перабоі сэрца, ацёкі і інш.), дзіцячая (у асн. груднога ўзросту), калі маці хварэюць на гэтую хваробу і ў малацэ адсутнічае тыямін (адмаўленне дзіцяці ад грудзей, страта ў масе, агульны неспакой, цяжкае дыханне, асіпласць голасу). Лячэнне: вял. дозы тыяміну ўнутр і ў выглядзе ін’екцый.

Г.Г.Шанько.

т. 3, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВІТАМІНО́З B1, гл. Беры-беры.

т. 1, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРЖ

(Bourges),

горад у цэнтр. ч. Францыі. Адм. ц. дэпартамента Шэр і гал. горад гіст. вобл. Беры. 93 тыс. ж. (з прыгарадамі; 1990). Трансп. вузел, порт на канале Беры, які звязвае горад з р. Луара. Машынабудаванне (у т. л. авіябудаванне), каляровая металургія; ваен., інстр., гарбарная, хім. (у т. л. гумавая), лесапільная, папяровая, харч. прам-сць. Музеі. Арх. помнікі 12—17 ст.

т. 3, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВІТАМІНО́ЗЫ

(ад а... + вітаміны),

група захворванняў, якія развіваюцца пры працяглай адсутнасці вітамінаў у ежы, парушэнні іх засваення або прыгнечанні сінтэзу ў арганізме. Недахоп вітамінаў можа ўзнікнуць у зімова-вясновы перыяд, пры вял. фіз. нагрузках, інфекцыйна-вірусных захворваннях, з узростам. Пры працяглым недахопе або адсутнасці вітаміну С развіваецца цынга, B1беры-беры, D — рахіт, PP — пелагра. Часцей сустракаецца адначасовая недастатковасць некалькіх вітамінаў — поліавітаміноз. Прафілактычныя меры: ужыванне вітамінных прэпаратаў, вітамінізацыя ежы, правільнае захоўванне і кулінарная апрацоўка харч. прадуктаў.

т. 1, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)