Беніца (в., Маладзечанскі р-н) 3/80 (к.); 4/440

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́НІЦА,

вёска ў Беларусі, у Лебедзеўскім с/с Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. За 30 км ад г. Маладзечна, 113 км ад Мінска, 5 км ад чыг. раз’езда Заскавічы. 248 ж., 120 двароў (1995). У Беніцы базавая школа, бальніца. Помнікі архітэктуры 18 ст. — Троіцкі касцёл і брама; царква.

Вядома з 15 ст. як сяло Маркаўскай вол. Віленскага ваяв. З сярэдзіны 16 ст. сяло-маёнтак Ашмянскага пав. З 1554 належала Астравухам, з 1576 — Валовічам, з 1634 — Коцелам (Катлам). У 1701 засн. Беніцкі кляштар бернардзінцаў, быў сядзібны дом з б-кай, архівам, маст. галерэяй, лямусам. У 19 — пач. 20 ст. мястэчка, цэнтр воласці. З 1813 дзейнічала школа, з 1862 — нар. вучылішча. У 1886 пабудавана царква. У 1921—39 у Польшчы, цэнтр гміны Віленскага ваяв. У 1940—59 цэнтр сельсавета.

т. 3, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́НІЦКІ КЛЯШТА́Р БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ.

Існаваў у в. Беніца (Маладзечанскі р-н Мінскай вобл.) у 1701—1850-я г. Засн. ў 1701 трокскім кашталянам М.​К.​Коцелам (яго нашчадкі валодалі Беніцай да 1810). Мураваны Троіцкі касцёл асвячоны ў 1704 віленскім біскупам К.К.Бжастоўскім. Спачатку кляштар быў драўляным, але «найвыгаднейшым», як паведамляюць бернардзінскія гісторыкі. Пазней пабудаваны мураваны корпус. Першым гвардыянам (настаяцелем) быў К.​Коцел. Пры касцёле існавала брацтва Бязгрэшнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Прыкладна ў 1780—1842 пры касцёле працавала школа. У 1850-я г. кляштар скасаваны, у канцы 19 ст. жылы будынак разбураны ўласнікам Беніцы. Касцёл у 1866 перароблены на царкву, у 1919 вернуты католікам, каля 1945 закрыты. Касцёл аднанефавы, крыжова-купальны з двухвежавым гал. фасадам; неф завершаны пяціграннай апсідай, перакрыты скляпеннем з распалубкамі. Захаваліся рэшткі алтароў і стукавых надмагілляў. У сутарэннях былі пахаваны Коцелы і Швыкоўскія.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 3, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАДЗЕ́ЧАНСКІ БОЙ 1812 Адбыўся ў вайну 1812 пры вызваленні г. Маладзечна рус. войскамі ад французаў 4—5 снежня. Пасля пераправы цераз р. Бярэзіна 26—28 ліст. Напалеон з ген. штабам і гвардыяй адступіў у напрамку Зембін—Плешчаніцы і 3 снеж. прыбыў у Маладзечна. Рус. войскі наступалі на Маладзечна з Пн праз Вілейку (авангард войск ген.-маёра П.​В.​Галянішчава-Кутузава) і з У (атрады войск ген. М.​І.​Платава і Я.​І.​Чапліца). 4 снеж. Напалеон адступіў у в. Беніца (Маладзечанскі р-н). 4 снеж. Платаў і Чапліц адцяснілі французаў у Маладзечна, дзе яны замацаваліся і ўзарвалі мост цераз р. Уша. У гэты час на дапамогу рус. войскам падышлі асн. сілы Дунайскай арміі П.​В.​Чычагова і войска ген. А.​П.​Ярмолава. Раніцай 5 снеж. яны ўварваліся ў горад і акружылі частку франц. ар’ергарда, якая здалася. 5 снеж. Напалеон прыбыў у Смаргонь, дзе перадаў камандаванне арміяй маршалу І.Мюрату, а сам накіраваўся ў Парыж. У гонар перамогі ў Маладзечне ў 1977 пастаўлены помнік.

Ш.​І.​Бекцінееў.

т. 9, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАДЗЕ́ЧАНСКІ РАЁН.

На ПнЗ Мінскай вобл. Утвораны 15.1.1940. Пл. 1,4 тыс. км². Нас. 49,2 тыс. чал. (1998, без г. Маладзечна), гарадскога 11,8%. Сярэдняя шчыльн. 35 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Маладзечна. Уключае: г.п. Радашковічы, 278 сельскіх населеных пунктаў, Радашковіцкі пасялковы Савет і 14 сельсаветаў: Аляхновіцкі, Гарадзілаўскі, Гарадоцкі, Граніцкі, Красненскі, Лебедзеўскі, Маркаўскі, Мясоцкі, Палачанскі, Радашковіцкі, Хажоўскі, Хоўхлаўскі, Цюрлёўскі, Чысцінскі.

Большую частку тэр. раёна займаюць Ашмянскае ўзвышша і Мінскае ўзвышша, паўн. ч. ў межах Нарачана-Вілейскай нізіны. Паверхня ўзгорыста-раўнінная, месцамі градавы рэльеф. Агульны нахіл на ПнЗ. Пераважныя выш. 150—300 м, найвыш. пункт 320 м (каля в. Дубрава Аляхновіцкага с/с). Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіровая сумесь, буд. пяскі, гліны, мінер. вада. Сярэдняя т-ра студз. -6,4 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 602 мм за год. Вегетац. перыяд 189 сут. Найб. рэкі: Бярэзіна (бас. р. Нёман), Уша з прытокамі Цна, Гадзея, Тур’я; Рыбчанка, Вілія. Васькаўскае вадасховішча. На У галоўны канал Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя (57,6%), тарфяна-балотныя (18,1%) і дзярнова-падзолістыя забалочаныя (14,4%). Пад лесам 33% тэрыторыі Лясы хваёвыя, яловыя, бярозавыя, альховыя і інш., ​1/4 з іх — штучныя насаджэнні. Найб. лясістасць на Пн, дзе вылучаецца вял. лясны масіў Ярэўская пушча. Балоты займаюць 18,4 тыс. га. Найб. балотныя масівы Бярэзінскае балота і Масцішча. Заказнікі мясц. значэння: бат. Арніка горная, біял. Бортнік. Помнікі прыроды мясц. значэння: хвойнік з возерам у Красненскім лясніцтве каля в. Раёўка, хвоя веймутава і звычайная ў Маладзечанскім лясніцтве; паркі — Беразінскае, Маліноўшчына (з алеяй хвоі веймутавай), Якімоўшчына.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 75,6 тыс. га, з іх асушаных 16,7 тыс. га. На 1.1.1999 у раёне 18 калгасаў, 39 фермерскіх гаспадарак, зверагаспадарка, Маладзечанская птушкафабрыка, адкрытае акц. т-ва «Маладзечанская аграхімія», рыбгас «Ізабеліна». Асн. кірункі сельскай гаспадаркі: мяса-малочная жывёлагадоўля, развітая збожжавая гаспадарка, бульбаводства, ільнаводства. Вырошчваюць кармавыя культуры, агародніну. Прадпрыемствы лёгкай, харч., буд. матэрыялаў, паліўнай, першаснай апрацоўкі лёну і цэлюлозна-папяровай прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Мінск—Вільнюс, Ліда—Полацк, аўтадарогі Мінск—Вільнюс, Маладзечна—Вілейка—Мядзел, Маладзечна—Валожын. У раёне 17 сярэдніх, 14 базавых, 6 пач., 6 муз., маст. школы, 2 ПТВ, дом дзіцячай творчасці, дзіцяча-юнацкі клуб фіз. падрыхтоўкі, 28 дашкольных устаноў, 31 дом культуры, 6 клубаў, 43 б-кі, 7 бальніц, 2 паліклінікі, 9 амбулаторый, 27 фельч.-ак. пунктаў, санаторый «Сасновы Бор». Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка» з філіялам літ. музея Я.​Купалы ў в. Вязынка, філіял літ. музея М.​Багдановіча ў в. Ракуцёўшчына, літ.-краязнаўчыя музеі ў в. Гарадок і в. Плябань. Арх. помнікі: Троіцкі касцёл і брама (1701—04) і царква (1886) у в. Беніца; Феадосьеўская царква (1866) у в. Гарадзілава; вадзяны млын (канец 19 — пач. 20 ст.) і царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Гарадок; Петрапаўлаўская царква (1871) у в. Груздава; касцёл (1912) і Пакроўская царква (1889) у в. Краснае; капліца (пач. 20 ст.) і Крыжаўзвіжанская царква (1869) у в. Лебедзева; сядзіба (2-я пал. 19 ст.) у в. Маліноўшчына; царква (1860) у в. Маркава; сядзібны дом (пач. 20 ст.) у в. Мясата; касцёл Роха (канец 18 ст.) і царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Палачаны; касцёл (пач. 20 ст.) у в. Плябань; капліца (1935) у в. Раёўка; капліца і касцёл Дзевы Марыі (2-я пал. 18 ст.) у в. Хоўхлава; сядзіба (канец 19 ст.) у в. Яхімоўшчына. Выдаецца «Маладзечанская газета».

Г.​С.​Смалякоў.

т. 9, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)