БЕЛЬМАНДО́ ((Belmondo) Жан Поль) (н. 9.4.1933, г. Нёі-сюр-Сен, Францыя),

французскі акцёр. Вучыўся на курсах драм. мастацтва ў П.​Дзюкса і Р.​Жырара. Працаваў у парыжскіх т-рах. З 1956 у кіно. Глыбіня драм. даравання і здольнасць да пераўвасаблення найб. выявіліся ў фільмах «На апошнім дыханні», «Пісьмы паслушніцы», «Чачара», «Жанчына ёсць жанчына» (усе 1960), «Леон Марэн, свяшчэннік» (1961), «Шалёны П’еро» (1965), «Злодзей» (1967), «Славутыя любоўныя гісторыі», «Адвержаныя» (паводле В.​Гюго) і інш. Пазней пачаў здымацца пераважна ў прыгодніцкіх фільмах і баевіках («Сто тысяч долараў на сонцы», 1964; «Цудоўны», 1973; «Труп майго ворага», 1976; «Хто ёсць хто», 1979; «Прафесіянал» і «Ас з асаў», 1982; «Слава», 1984; «Вясёлы Вялікдзень», 1985). Выступае як прадзюсер («Ставіцкі», 1974, выканаў гал. ролю). Уладальнік кампаніі «Серыта-фільм». Аўтабіяграфія «30 гадоў і 25 фільмаў» (1963).

Ж.П.Бельмандо ў кінафільме «Славутыя любоўныя гісторыі».

т. 3, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Бельмандо Ж. П. 10/640

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

«НО́ВАЯ ХВА́ЛЯ»,

кірунак у франц. кіно на мяжы 1950—60-х г., які садзейнічаў абнаўленню стылістыкі кінарэжысуры і дэмакратызацыі кінамастацтва. Тэрмін узнік у франц. друку. Для рэжысёраў гэтага кірунку характэрны адмаўленне ад стварэння дарагіх камерцыйных фільмаў, імправізацыйныя метады здымкі, пераважна ў натуральным асяроддзі і рэальных інтэр’ерах, цікавасць да жыцця маладога пакалення, скептычнае стаўленне да традыц. маральных каштоўнасцей. У рэчышчы «Н.х.» працавалі Ф.​Труфо, К.​Шаброль, Л.​Маль, Ж.​Л.​Гадар, А.​Рэнэ, А.​Варда, А.​Аструк, Ж.​Франжу і інш., а таксама дакументалісты, якія абвясцілі лозунг «сінема-верытэ» («кіно-праўда», К.​Маркер, Ж.​Руш, Ф.​Рэйшэнбах і інш.). У сярэдзіне 1960-х г. выявілася слабасць «Н.х.», звязаная з аўтарскім эгацэнтрызмам, павярхоўнай трактоўкай драм. канфліктаў, празмерным захапленнем фармальнымі прыёмамі. Аднак дзякуючы «Н.х.» з’явілася свабодная і натуральная рэжысёрская манера, распрацаваны новыя сродкі экраннай выразнасці (рухомая камера), новыя прынцыпы мантажу (незакончанасць эпізодаў, несупадзенне адлюстравання і гуку), пашырыліся межы сінтэзу традыц. жанраў. Франц. кіно папоўнілася новымі акцёрамі (Ж.​П.​Бельмандо, Ж.​Маро, А.​Дэлон, Ж.​К.​Брыялі, Ж.​Л.​Трэнтыньян, К.​Дэнёў, А.​Карына), аператарамі (А.​Дэке, Р.​Кутар, Ж.​Раб’е, С.​В’ерні і інш.), кампазітарамі (М.​Легран, М.​Жар і інш.). Асобныя тэмы, матывы, маст. прыёмы «Н.х.» ўзбагацілі мову кіно і атрымалі пашырэнне ў розных кінематаграфіях.

Літ.:

Божович В. О «новой волне» во французском кино // Вопросы киноискусства. М., 1964. Вып. 8;

Жанкола Ж.П. Кино Франции. Пятая республика (1958—1978): Пер. с фр. М., 1984.

В.​Ф.​Нячай.

т. 11, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)