БЕЛЬМАНДО́
(Belmondo) Жан Поль (н. 9.4.1933, г. Нёі-сюр-Сен, Францыя),
французскі акцёр. Вучыўся на курсах драм. мастацтва ў П.Дзюкса і Р.Жырара. Працаваў у парыжскіх т-рах. З 1956 у кіно. Глыбіня драм. даравання і здольнасць да пераўвасаблення найб. выявіліся ў фільмах «На апошнім дыханні», «Пісьмы паслушніцы», «Чачара», «Жанчына ёсць жанчына» (усе 1960), «Леон Марэн, свяшчэннік» (1961), «Шалёны П’еро» (1965), «Злодзей» (1967), «Славутыя любоўныя гісторыі», «Адвержаныя» (паводле В.Гюго) і інш. Пазней пачаў здымацца пераважна ў прыгодніцкіх фільмах і баевіках («Сто тысяч долараў на сонцы», 1964; «Цудоўны», 1973; «Труп майго ворага», 1976; «Хто ёсць хто», 1979; «Прафесіянал» і «Ас з асаў», 1982; «Слава», 1984; «Вясёлы Вялікдзень», 1985). Выступае як прадзюсер («Ставіцкі», 1974, выканаў гал. ролю). Уладальнік кампаніі «Серыта-фільм». Аўтабіяграфія «30 гадоў і 25 фільмаў» (1963).
т. 3, с. 90
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)