Бельканта 2/277; 5/178

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛЬКА́НТА (італьян. bel canto літар. цудоўныя спевы),

стыль вакальнага выканання, які вылучаецца лёгкасцю і прыгажосцю гучання, пявучасцю, дасканаласцю кантылены, вытанчанасцю і віртуознасцю каларатуры. Узнік у Італіі ў сувязі з развіццём у сярэдзіне 17 ст. нац. опернага мастацтва і вак. школы. Выразныя сродкі фарміраваліся на аснове фанет. асаблівасцяў італьян. мовы і традыцый нар. выканальніцтва. У працэсе развіцця ўзбагачаўся новымі тэхн. прыёмамі і эмацыянальнымі рысамі. Зрабіў вял. ўплыў на большасць еўрап. вак. школ, у т. л. на беларускую.

т. 3, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТЫСТЫ́НІ ((Battistini) Матыа) (27.2.1856, Рым — 7.11.1928),

італьянскі спявак (барытон), майстар бельканта. Спяваў на оперных сцэнах Італіі і інш. краін. Неаднаразова бываў у Расіі. Яго творчасць — адна з вяршыняў вак. мастацтва 19 ст. Выконваў гал. партыі ў операх італьян., інш. зах.-еўрап і рускіх кампазітараў («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага, «Дэман» А.​Рубінштэйна, «Руслан і Людміла» М.​Глінкі).

т. 2, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́НЦА (Lanza) Марыо. [сапр. Какоца

(Cocozza) Альфрэда; 31.1.1921, г. Філадэльфія, ЗША — 7.10.1959], амерыканскі спявак (тэнар); прадстаўнік школы бельканта. Па нацыянальнасці італьянец. Валодаў голасам рэдкай сілы і прыгажосці. Дэбютаваў у 1942 у партыі Фентана («Віндзорскія кумачкі» О.​Нікалаі) у пастаноўцы С.​Кусявіцкага на Танглвудскім фестывалі (каля г. Бостан). З 1946 гастраліраваў як канцэртны спявак, выступаў у опернай трупе Новага Арлеана. Сярод партый: Каварадосі, Пінкертон («Тоска», «Чыо-Чыо-сан» Дж.​Пучыні),

Альфрэд, Герцаг («Травіята», «Рыгалета» Дж.​Вердзі). Зняўся ў муз. фільмах «Вялікі Каруза», «Серэнада», «Улюбёнец Нью-Йорка» і інш.

М.Ланца.

т. 9, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́РЫЯ (італьянскае aria),

сольная вакальная кампазіцыя з інструментальным суправаджэннем у оперы, араторыі, кантаце, з сярэдзіны 19 стагоддзя і ў аперэце; радзей самастойны твор. Часам арыяй называюць інструментальную п’есу пявучага характару. Тэрмін вядомы з 15 стагоддзя. Да сярэдзіны 17 стагоддзя акрэсліліся характэрныя для італьянскай опернай Арыі тыпы мелодыкі (бельканта, каларатура), форма, віды, вызначылася драматургічная функцыя арыі як лірычнага цэнтра. Найбольшай жанравай разнастайнасці дасягнула ў сярэдзіне 19 стагоддзя. У сувязі з імкненнем да драматургічнай цэласнасці оперы з канца 19 стагоддзя арыя траціць вядучае значэнне, часам ператвараецца ў сцэну ці маналог. Разнавіднасці арыі — арыета, арыёза, каваціна і інш.

т. 2, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХІ́ПАВА (Ірына Канстанцінаўна) (н. 2.12.1925, Масква),

руская спявачка (мецца-сапрана). Нар. арт. СССР (1966). Герой Сац. Працы (1984). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1953), з 1976 выкладае ў ёй (з 1982 праф.). З 1954 салістка Свярдлоўскага т-ра оперы і балета, у 1956—88 — Вял. т-ра Расіі. Вядомая прадстаўніца рус. школы бельканта. Сярод партый: Кармэн («Кармэн» Ж.​Бізэ, спявала з М. дэль Монака), Амнерыс («Аіда» Дж.​Вердзі), Марфа («Хаваншчына» М.​Мусаргскага), Любаша («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава). Спявала ў Міланскім т-ры «Ла Скала» і інш. Старшыня цэнтр. праўлення Усерас. муз. т-ва (з 1986). Ленінская прэмія 1978.

Літ.:

Попов И.Е. И. Архипова: Творческий портрет. М., 1981.

І.К.Архіпава.

т. 1, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАБАЛЬЕ́ ((Caballe) Мантсерат) (н. 12.4.1933, г. Барселона, Іспанія),

іспанская спявачка (сапрана); буйнейшая прадстаўніца мастацтва бельканта. Вучылася ў Барселонскай кансерваторыі ў Э.​Кемені. З 1956 салістка оперных т-раў у Базелі, Брэмене, з 1965 у т-ры «Метраполітэн-опера». Спявае таксама ў т-рах «Ла Скала», «Ковент-Гардэн», «Гранд-Апера», Венскай дзярж. оперы і інш. Валодае моцным прыгожым голасам вял. дыяпазону. Выкананне адметнае экспрэсіяй, багаццем тэмбравай і дынамічнай нюансіроўкі. Сярод партый: Норма («Норма» В.​Беліні), Марыя Сцюарт (аднайм. опера Г.​Даніцэці), Манон («Манон Леско» Дж.​Пучыні) і інш. З яе імем звязана адраджэнне шэрагу опер Даніцэці, Беліні, Дж.​Расіні. Выступае ў канцэртах. У 1997 гастраліравала ў Мінску.

М.Кабалье.

т. 7, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗІ́НІ ((Masini) Анджэла) (28.11.1844, Тэра-дэль-Соле, Італія — 29.9.1926),

італьянскі спявак (тэнар); адзін з буйнейшых прадстаўнікоў стылю бельканта 19 ст. З 1867 выступаў на сцэнах буйнейшых т-раў Італіі і інш. еўрап. краін, у т. л. ў 1879—1903 у Італьян. оперы ў Пецярбургу. У 1905 пакінуў сцэну. Валодаў голасам прыгожага тэмбру, бліскучай каларатурнай тэхнікай. Сярод партый: граф Альмавіва («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Немарына, Джэнара («Любоўны напітак», «Лукрэцыя Борджа» Г.​Даніцэці), Радамес («Аіда» Дж.​Вердзі), Турыду («Сельскі гонар» П.​Масканьі), Лаэнгрын («Лаэнгрын» Р.​Вагнера), Фауст («Фауст» Ш.​Гуно), Ленскі («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага) і інш.

Літ.:

Лаури-Вольпи Дж. Вокальные параллели: Пер. с итал. Л., 1972.

т. 9, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́ЛЬСАН ((Nilsson) Біргіт) (н. 17.5.1918, Каруп, Швецыя),

шведская спявачка (драм. сапрана); прадстаўніца школы бельканта. Вучылася ў Стакгольме (1941—46). У 1948—51 салістка Каралеўскай оперы ў Стакгольме. У 1953—86 у т-рах «Ковент-Гардэн», «Ла Скала», «Метраполітэн-опера» і інш. Валодала надзвычай моцным голасам прыгожага тэмбру вял. дыяпазону, драм. выразнасцю. Вядомая выканальніца партый у операх Р.​Вагнера: Ізольда, Брунгільда, Эльза, Лізавета («Трыстан і Ізольда», «Пярсцёнак нібелунга», «Лаэнгрын», «Тангейзер). Інш. партыі; Агата («Вольны стралок» К.​М.​Вебера), Алена («Мефістофель» А.​Бойта), Аіда («Аіда» Дж.​Вердзі), Тоска, Турандот (аднайм. оперы Дж.​Пучыні), Саламея («Саламея» Р.​Штрауса), Донна Ганна («Дон Жуан» В.​А.​Моцарта), Урсула («Мастак Матыс» П.​Хіндэміта).

т. 11, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Б’ЁРЛІНГ ((Björling) Юхан Юнатан) (Юсі; 2.2.1911, Стура-Туна, лен Копарберг, Швецыя — 9.9.1960),

шведскі спявак (лірыка-драм. тэнар); адзін з буйнейшых спевакоў 20 ст., прадстаўнік бельканта. Вучыўся ў бацькі — Давіда Б’ёрлінга (тэнар), у кансерваторыі (1928—30) і Каралеўскай опернай школе (1930—31) у Стакгольме. У 1930—38 саліст Шведскай каралеўскай оперы, з 1938 спяваў у т-ры «Метраполітэн-опера» і інш. т-рах Амерыкі і Еўропы. Сярод партый: Фларэстан («Фідэліо» Л.​Бетховена), Герцаг, Альфрэд («Рыгалета», «Травіята» Дж.​Вердзі), Каніо («Паяцы» Р.​Леанкавала), Каварадосі («Тоска» Дж.​Пучыні), Ленскі («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Матс («Нявеста» Т.​Рангстрэма), Марцін Скарп («Фаналь» К.​Атэрберга). Выконваў швед. нар. песні і сольныя партыі ў араторыях пад кіраўніцтвам А.Тасканіні.

т. 3, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)