БЕЛЬКА́НТА
(італьян. bel canto літар. цудоўныя спевы),
стыль вакальнага выканання, які вылучаецца лёгкасцю і прыгажосцю гучання, пявучасцю, дасканаласцю кантылены, вытанчанасцю і віртуознасцю каларатуры. Узнік у Італіі ў сувязі з развіццём у сярэдзіне 17 ст. нац. опернага мастацтва і вак. школы. Выразныя сродкі фарміраваліся на аснове фанет. асаблівасцяў італьян. мовы і традыцый нар. выканальніцтва. У працэсе развіцця ўзбагачаўся новымі тэхн. прыёмамі і эмацыянальнымі рысамі. Зрабіў вял. ўплыў на большасць еўрап. вак. школ, у т. л. на беларускую.
т. 3, с. 90
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)