БЕ́ЛЕНЬКІЯ,

удзельнікі рэв. руху, браты. Нарадзіліся ў в. Свержань Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл.

Яўхім Якаўлевіч (парт. псеўд. Сяргей; 1875—25.6.1967). Далучаўся да Бунда. З 1901 чл. іскраўскай групы ў Мінску. Адзін з заснавальнікаў Мінскай арг-цыі РСДРП. Удзельнічаў у стварэнні падп. друкарні Паўн.-Зах. к-та РСДРП. У снеж. 1905 чл. Мінскага кааліцыйнага савета па кіраўніцтве забастоўкай чыгуначнікаў. У 1906 сакратар Магілёўскага акр. к-та РСДРП, потым на парт. рабоце ў Кіеве, Екацярынаславе. У 1902 і 1904 арыштаваны, у 1907 сасланы ў Валагодскую губ. З 1909 у Пецярбургу. Удзельнік Лют. і Кастр. рэвалюцый 1917. У 1918—21 працаваў у ВСНГ, у 1922—39 у Наркамфіне СССР.

Абрам Якаўлевіч (1883—1941). Працаваў у Харкаве, быў чл. рабочага гуртка. У 1903 арыштаваны, зняволены ў харкаўскую турму, потым высланы ў Оршу. З 1904 у Францыі, уваходзіў у Парыжскую групу бальшавікоў. З 1917 у Расіі: заг. друкарні ЦК РСДРП у Петраградзе, удзельнік падрыхтоўкі Кастр. рэвалюцыі 1917. Са снеж. 1917 камісар ВЧК і супрацоўнік Аддзела па барацьбе са службовымі злачынствамі, памочнік Ф.Э.Дзяржынскага. У 1919—24 нач. аховы Леніна, чл. калегіі ВЧКАДПУ, потым у НКУС СССР. У 1937 рэпрэсіраваны, памёр у турме. Рэабілітаваны ў 1954.

Рыгор Якаўлевіч (парт. псеўд. Грыша, Бялінскі; 1885—1938). З 1899 у Мінску. У 1904 арганізатар і прапагандыст Мінскай групы РСДРП. З 1905 на парт. рабоце ў Вільні, з 1906 у Пецярбургу. У 1908 дэлегат 5-й (Агульнарасійскай) канфер. РСДРП у Парыжы. У 1903, 1907 і 1910 быў арыштаваны і сасланы. З 1912 у Францыі, у 1914—17 сакратар Парыжскай секцыі бальшавікоў. Дэлегат Бернскай канфер. РСДРП 1915. Удзельнік Кастр. рэвалюцыі 1917 у Маскве. Чл. ВЦВК і ЦВК СССР у 1919—27. З 1926 у Камінтэрне. У 1925—27 далучаўся да трацкісцкай апазіцыі, за што ў 1926 і выключаўся з партыі. У 1936—37 дырэктар Ін-та павышэння кваліфікацыі гаспадарнікаў і інж.-тэхн. работнікаў мясц. прам-сці ў Маскве. У 1937 рэпрэсіраваны, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956.

т. 3, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЖЭ́ЧНІКАЎ Іван Іванавіч

(25.9.1792, г. Каломна Маскоўскай вобл. — 8.7.1869),

рускі пісьменнік. Удзельнік Айч. вайны 1812 і замежных паходаў рус. арміі 1813—15. У 1820—37 (з перапынкамі) дырэктар навуч. устаноў Пензенскай, Казанскай, Цвярской губ. З 1843 віцэ-губернатар у Цверы, у 1853—54 — у Віцебску. У 1856—58 цэнзар у Пецярбургу. З 1858 у Маскве. Друкаваўся з 1807. Адзін з пачынальнікаў рус. гіст. рамана («Апошні Навік», ч. 1—4, 1831—33; рамантызаваная версія першых перамог Расіі ў Паўн. вайне 1700—21). Лепшы гіст. раман — «Ледзяны дом» (1835), у якім праўдзіва ўзнавіў эпоху царавання Ганны Іванаўны і «біронаўшчыны». Суровы каларыт часоў стварэння цэнтралізаванай Маскоўскай дзяржавы ў 15 ст. апісаў у рамане «Басурман» (1838). Пісаў вершаваныя трагедыі («Апрычнік», нап. 1842, забаронена цэнзурай, выд. 1859; паводле яе аднайм. опера П.Чайкоўскага), вадэвілі. Аўтар раманаў «Вядзьмар на Сухаравай вежы» (1840, незавершаны), «Няшмат гадоў таму» (ч. 1—4, 1862), «Унучка панцырнага баярына» (1868; напісаны па матэрыялах, сабраных ім у Віцебску, дзе з кансерватыўных пазіцый паказана паўстанне 1863—64), мемуарнай аповесці «Беленькія, чорненькія і шэранькія» (1856), нарысаў-успамінаў пра А.Пушкіна, В.Бялінскага, вайну 1812. У «Паходных запісках рускага афіцэра» (1820) акрамя сваіх ваен. уражанняў змясціў запісы пра бел. гарады. Эпісталярная спадчына часоў службы ў Віцебску адлюстроўвае спачувальнае стаўленне аўтара да бел. сялян.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—6. Можайск, 1994.

Літ.:

Петров С.М. Русский исторический роман XIX в. 2 изд. М., 1984. С. 95—142;

Воробьева Т. Лажечников в Витебске // Неман. 1970. № 9;

Симанович Д. Сквозь даль времен. Мн., 1984.

Л.В.Календа.

т. 9, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)