транс’еўрапейская чыг. магістраль Парыж—Страсбур (Францыя)—Штутгарт—Мюнхен (ФРГ)—Зальцбург—Вена (Аўстрыя)—Будапешт (Венгрыя)—Белград (Югаславія)—Салонікі (Грэцыя). Аб’ядноўвае чыг. сетку 6 краін. Агульная працягласць больш за 2,2 тыс.км. Стыкуецца з чыгункамі Бельгіі, Люксембурга, Швейцарыі, Італіі. Забяспечвае скразныя зносіны паміж партамі Паўночнага і Эгейскага мораў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ВА (Sava),
рака ў Славеніі, Харватыі, Босніі і Герцагавіне, Югаславіі, найб. мнагаводны прыток р. Дунай. Даўж. 940 км, пл. басейна каля 95 тыс.км². Вытокі ў Юлійскіх Альпах, сярэдняе і ніжняе цячэнне па паўд. ускраіне Сярэднедунайскай раўніны. Асн прытокі — Купа, Уна, Врбас, Босна, Дрына (справа); цякуць пераважна па Дынарскім нагор’і. Сярэдні расход вады ў вусці 1760 мус. Мнагаводная ў зімова-веснавы час. Суднаходная да г. Сісак (592 км). У даліне С. — гарады Любляна (Славенія), Заграб (Харватыя); у вусці — Белград (Югаславія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСО́НСТВА,
франкмасонства (франц. franc-maęn, літар. вольны муляр), вучэнне і практыка найбуйнейшага міжнар. тайнага т-ва элітарнага тыпу, якое аб’ядноўвае людзей розных нацыянальнасцей і веравызнанняў пад эгідай пошуку «сапраўдных шляхоў духоўнага аднаўлення грамадства». Асн. метад дзейнасці т-ва — спроба ўплываць на гіст. падзеі праз намаганні сваіх адэптаў у розных сферах грамадскай дзейнасці і вядучых дзярж. установах. Класічнае М. ўяўляла сабой рэліг.-этычны рух, удзельнікі якога імкнуліся стварыць тайную сусв. арг-цыю з мэтай аб’яднання чалавецтва ў братэрскім саюзе, незалежна ад яго нац., паліт., сац., рэліг. і інш. адрозненняў. Гіст. карані М. — у брацтвах «вольных муляраў» (буд. саюзах), што ўзніклі ў Германіі ў 12—13 ст. Вызначэнне «вольны» азначала апрацоўшчыка «вольных» парод каменю (мармур, вапняк). Т-вы «вольных муляраў» (цэхі, ложы) пашырыліся Ў Англіі, Італіі, Францыі. З канца 16 ст. ’англ. ложы пачалі прымаць у свае рады т.зв. «пабочных муляраў» — заможных адукаваных людзей, якія садзейнічалі адукацыі і маральнаму ўдасканаленню астатніх членаў лож. Уласна буд. т-вы зніклі ў пач. 18 ст., але брыт. «пабочныя муляры», захоўваючы знешнюю атрыбутыку дзейнасці апошніх, пачалі выкарыстоўваць ложы для абмеркавання праблем маральнага выхавання асобы і грамадства ў цэлым. У 1717 брыт. ложы ўтварылі Вял.брыт. ложу. Па яе даручэнні масон Дж.Андэрсан распрацаваў у 1721 «Кнігу канстытуцый» — першы сістэматызаваны зборнік прынцыпаў М., якія забаранялі масонам быць атэістамі і вальнадумцамі, падтрымліваць афіц. ўлады і прымаць ўдзел у паліт. рухах, замацоўвалі асн. іерархічныя ступені лож — вучань, падмайстар, майстар, уводзілі асобнае званне — наглядчык (сачыў за правільным выкананнем рытуалаў). Кожнага члена ложы звалі «братам», прымаліся асобы не маладзей за 25 гадоў і толькі пры згодзе ўсіх «братоў». Так званая Вял. ложа аб’ядноўвала майстроў і наглядчыкаў усіх лож краіны і ўзначальвалася Вял. майстрам. Рытуал выконваўся ў кожнай ложы з выкарыстаннем традыц. мулярскіх інструментаў (малаток, навугольнік, цыркуль) і адзення (пальчаткі, капялюш, фартух). У далейшым арганізац. іерархія М. ўскладнілася. Меліся ложы з 33 ступенямі (градусамі) і нават з 99. З 18 ст. М. пашырылася ў Францыі, Германіі, Швецыі, Расіі, ЗША і інш. краінах. Яго ідэйныя арыенціры (пошук эфектыўных метадаў матэрыяльнага і маральнага прагрэсу грамадства, знакаміты дэвіз масонаў: «свабода, роўнасць, братэрства», імкненне ўзвысіцца над класавымі, парт. супярэчнасцямі) былі прыцягальнымі для многіх дзярж. дзеячаў, пісьменнікаў, філосафаў розных краін. Пэўны антыклерыкалізм М. абумовіў варожасць Ватыкана да т-ва, многія папскія булы (у т. л. Льва XIII у 1884) абвяшчалі М. анафему.
У Беларусі і Літве масонскія ложы пачалі дзейнічаць з 2-й пал. 18 ст. як залежныя ад рас. і польскага М. У 1774 маёр рас. арміі Вердароўскі заснаваў у Полацку ложу «Талія». У Магілёве працавалі ложы «Да трох арлоў» (1770) і «Геркулес у калысцы» (1776). У 1781 у Вільні існавалі ложы «Дасканалае адзінства», «Руплівы літвін», «Добры пастыр», «Храм мудрасці», жаночая ложа «Дасканалая вернасць». У 1781 у Гродне засн. ложа «Шчаслівае вызваленне», у 1784 — пад той жа назвай ложа ў Нясвіжы. Пасля паўстання 1794 дзейнасць бел.-літ. лож прыпынілася і актывізавалася толькі ў 1810-я г. У гэты час узніклі масонскія ложы ў Вільні («Руплівы літвін», 1813; «Да храма мудрасці» і «Школа Сакрата», 1818; рус. ложа «Славянскі арол», 1819), у Мінску («Паўн. паходня», 1816, 200 чл. у 1822; «Гара Табар», 1818), Нясвіжы («Святыня спакою» і «Шчаслівае вызваленне», 1819), Слуцку («Уладзіслаў Ягайла»), Навагрудку («Вузел адзінства»), Гродне («Сябар чалавецтва»). Маладзёжныя т-вы філарэтаў, філаматаў і інш. структурай нагадвалі масонскія ложы. Кіраўнік філарэтаў Т.Зан быў членам віленскай ложы «Школа Сакрата». У 1822 усе масонскія ложы Рас. імперыі былі забаронены ўказам Аляксандра I. Яны пачалі аднаўляцца ў Маскве, Пецярбургу, Адэсе і інш. гарадах толькі з 1906—09. У Вільні ўзніклі ложы «Адзінства» (1910), «Літва» (1911), «Беларусь» (1914). Ёсць звесткі пра існаванне М. ў Віцебску і Мінску. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 і грамадз. вайны М. ў Расіі і Беларусі амаль спыніла дзейнасць. У сучасным свеце М. найб. пашырана ў Вялікабрытаніі, Францыі, ЗША. Агульная колькасць членаў лож складае, паводле розных звестак, ад 6 да 30 млн.чал. У Італіі, дзе ў 1981—82 адбыўся буйны паліт. скандал у сувязі з тайнымі «работамі» ложы «Прапаганда-2», у пач. 1990-х г. існавалі 582 ложы (16 700 чл.). Каля 400 лож у той час дзейнічала на Кубе. Кіраўніцтва дзейнасцю масонаў ажыццяўляецца на сходах (канферэнцыях) масонскіх лож свету, 1-ы з якіх адбыўся ў пач. 20 ст. ў Бруселі, пасля звычайна раз у 5 гадоў праводзяцца канферэнцыі. З канца 1980 — пач. 1990-х г. масоны аднавілі дзейнасць ва Усх. Еўропе (Будапешт, Белград, Прага, Варшава, Сафія), а таксама ў Расіі і некат. інш. рэспубліках б.СССР. У крас. 1991 дэлегацыя франц. масонаў стварыла ў Маскве брацтва «Паўночная зорка», у 1992 засн. роднасная ёй асацыяцыя «Свабодная Расія», а пазней — ложы «Паўночныя браты» і «Дзевяць муз», брацтвы «А.С.Пушкін» і «Мікалай Навікоў», а таксама асацыяцыі ў Санкт-Пецярбургу і Харкаве (Украіна). Куратарства дзейнасці вышэйназваных арг-цый ажыццяўляе парыжская ложа «Руская садружнасць», куды ўваходзяць 45 масонаў рас. паходжання. У сучасным М. вылучаецца 2 асн. плыні, якія прытрымліваюцца шатландскага або йоркскага рытуалу. Масоны імкнуцца да захавання таемнага характару сутнасці і метадаў сваіх «работ».
Літ.:
Дабранскі С. Масонскія лёжы ў Літве // Спадчына. 1997. № 1;
Ягож. Нарысы з гісторыі масонства ў Літве // Там жа. №3;
Замойский Л.П. За фасадом масонского храма: Взгляд на пробл. М., 1990;
Соловьев О.Ф. Масонство в мировой политике XX в. М., 1998;
Sawicki J.Z dziejów «Wielkiego Wschodu Litwy» // Przegląd wschodni. 1997. Z. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́РБІЯ (Србија),
Рэспубліка Сербія (Република Србија), рэспубліка ў складзе Саюзнай Рэспублікі Югаславіі. Займае большую ч краіны (88,4 тыс.км² са 102 тыс.км²) і канцэнтруе большую ч. насельніцтва (каля 10 млн.чал. з 10,7 млн.чал. у краіне, 2000). Сталіца — г.Бялград. У адм. адносінах падзяляецца на акругі і абшчыны. Сербы складаюць каля 70%, албанцы — каля 17% (пераважна ў б.аўт. краі Косава), венгры — каля 4% (пераважна ў б.аўт. краі Ваяводзіна) насельніцтва. Жывуць таксама румыны, харваты, чарнагорцы, цыганы і інш.Паўн.ч. знаходзіцца на паўд. ускраіне Сярэднедунайскай раўніны, у цэнтры і на Пд — Сербскае нагор’е, Усх.-Сербскія горы, частка Дынарскага нагор’я, катлавіны Косава Поле і Метохія. Найвыш. пункт (2764 м) на мяжы з Албаніяй, у хр. Карабі. Клімат умераны, кантынентальны. Ападкаў 500—800 мм за год, у гарах да 1000 мм. З карысных выкапняў ёсць мёдныя і свінцова-цынкавыя руды, каменны і буры вугаль, нафта і прыродны газ. Лясы, пераважна букавыя (займаюць каля 27% тэр.), захаваліся ў гарах. У гаспадарцы роля прам-сці і сельскай гаспадаркі прыкладна аднолькавая. У прам-сці найб. развітыя энергетычныя, горназдабыўная, металург. і маш.-буд. галіны. Энергетыка базіруецца на выкарыстанні бурага і каменнага вугалю. ГЭС Джэрдап на Дунаі (сумесная з Румыніяй), значныя ГЭС на рэках Дрына, Уласіна. Лім і інш. Вылучаюцца здабыча, выплаўка і пракат медзі і сурмы, здабыча свінцу і цынку. Чорная металургія прадстаўлена камбінатам у г. Смедарава. У хім. прам-сці значная вытв-сць сернай кіслаты і мінер. угнаенняў, выпуск штучных валокнаў і нафтахім. прадукцыі. Шматгаліновае машынабудаванне: электратэхніка і электроніка, вытв-сцьс.-г. машын, горнага абсталявання, грузавых і легкавых аўтамабіляў і інш. Развіты тэкст., гарбарна-абутковая, харч. і інш. галіны прам-сці. Гал.прамысл. цэнтры: Бялград, Нові-Сад, Ніш, Субаціца, Крагуевац, Прышціна. Сельская гаспадарка збожжава-жывёлагадоўчага кірунку. Вырошчваюць кукурузу, пшаніцу, жыта, цукр. буракі, каноплі, сланечнік, бульбу, гародніну. Садоўніцтва (найб. сліва) і вінаградарства. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней і авечак. Птушкагадоўля. Збожжавая гаспадарка найб. развіта ў раўнінных раёнах на Пн, жывёлагадоўля — у цэнтр. і паўд. горных раёнах. Транспарт. чыг. і аўтамабільны. Суднаходства па Дунаі і Саве.
Гісторыя. На тэр. сучаснай С. здаўна жылі ілірыйскія і фракійскія плямёны, моцна раманізаваныя ў выніку заваявання Стараж. Рымам (229 да н.э. — 106 н.э.). З 395 н.э. большая ч. гэтых зямель у складзе Візантыі. У 4—6 ст. на тэр. С. нападалі вестготы, гуны, авары. У 7 ст. сюды прыйшлі слав. плямёны, якія падпарадкавалі і асімілявалі мясц.насельніцтва. З 8 ст. пачала фарміравацца сербская народнасць і складваліся феад. адносіны. У 9 ст. сербы прынялі хрысціянства. У сярэдзіне 10 ст. ўзнікла Сербскае княства. У пач. 11 ст. С. падпарадкавана Візантыяй. У 2-й пал. 12 ст. тут узмацнілася княства Рашка, дзе вял. жупанам (князем) у 1168—96 быў Стэфан Нэманя (Няманя) — заснавальнік дынастыі Няманічаў. Пры ім вакол Рашкі склалася адзіная сербская феад. дзяржава (з 1217 каралеўства, з 1345—46 царства), дасягнута незалежнасць ад Візантыі. У 1219 абвешчана аўтакефалія (фактычная незалежнасць) сербскай правасл. царквы. Кароль (з 1346 цар) Стэфан Душан [1331—55] пашырыў сваю ўладу на амаль усе сербскія, македонскія, албанскія і ч.грэч. зямель. У 2-й пал. 14 ст. царства Няманічаў распалася. У выніку паражэння на Косавым Полі (1389) С. трапіла ў васальную залежнасць ад туркаў, у 1459 уключана ў Румелійскі эялет Асманскай імперыі. У 16—18 ст. сербы неаднаразова (1594, 1597—98, 1688—90, 1711) паўставалі супраць тур. няволі. У выніку сербскіх паўстанняў пачатку 19 стагоддзя (1804—13, 1815) пачалося аднаўленне сербскай дзяржаўнасці на чале з князем і скупшчынай (парламентам). Першым князем С. стаў Георгій Петравіч-Карагеоргій [1808—13], наступным — Мілаш Абрэнавіч [1815—39, 1858—60]. У далейшым на прастоле С. змяніліся прадстаўнікі дынастый Абрэнавічаў [1815—42, 1858—1903] і Карагеоргіевічаў [1842—58, 1903—18]. У 1830—33 пад дыпламат. націскам Расіі Турцыя афіцыйна дала статус аўт. княства Паўн. С. ў межах Бялградскага пашалыка. Пры кн. Міхаілу Абрэнавічу (1860—68) створана нац. армія, ліквідаваны тур.ваен. гарнізоны. У выніку сербска-чарнагорска-турэцкіх войнаў 1876—78 і перамогі Расіі ў рус.-тур. вайне 1877—78 С. паводле рашэння Берлінскага кангрэса 1878 атрымала незалежнасць і павялічыла сваю тэрыторыю. З 1882 С. — каралеўства. У выніку Балканскіх войнаў 1912—13 да С. далучаны паўн.ч.гіст. Македоніі (сучасная Рэспубліка Македонія) і б.ч. краю Косава са значным алб. насельніцтвам. Рэзка абвастрыліся адносіны з Аўстра-Венгрыяй, якая, скарыстаўшы Сараеўскае забойства, 28.7.1914 напала на С., што стала пачаткам 1-й сусв. вайны, у якой С. ўдзельнічала на баку Антанты. З 1915 С. акупіравана аўстра-герм. і балг. войскамі. Вызвалена восенню 1918.
1.12.1918 С. разам з інш. паўднёваслав. землямі ўтварыла адзіную дзяржаву — Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 Югаславія) на чале з дынастыяй Карагеоргіевічаў. Пасля скасавання манархіі ў 1945 С. (у сучасных межах) — Нар. рэспубліка ў складзе Федэратыўнай Нар. Рэспублікі Югаславіі, з 1963 — адна з сацыяліст. рэспублік у складзе Сацыяліст. Федэратыўнай Рэспублікі Югаславіі (СФРЮ). Па-за межамі С., у рэспубліках Боснія і Герцагавіна, Харватыя засталася значная колькасць сербаў. Пасля распаду СФРЮ (1991) С. (з 1991 сучасная назва) і Чарнагорыя ўтварылі 27.4.1992 новую федэрацыю — Саюзную Рэспубліку Югаславію. Гісторыю пасля 1918 таксама гл. ў арт.Югаславія.
Літ.:
История Югославии. Т. 1—2. М., 1963;
Јиричек К. Историја Срба. Кн. 1—2. Београд, 1980;
Историја српског народа. Кн. 1—2. Београд, 1981;
Раннефеодальные государства и народности: (южные и западные славяне VI—XII вв.). М., 1991;
Сербия: Вчера и сегодня. Белград, 1995;
Данченко С.И. Развитие сербской государственности и Россия, 1878—1903. М., 1996;
История южных и западных славян. Т. 1. Средние века и новое время. М., 1998.