СЕ́РБІЯ (Србија),

Рэспубліка Сербія (Република Србија), рэспубліка ў складзе Саюзнай Рэспублікі Югаславіі. Займае большую ч краіны (88,4 тыс. км² са 102 тыс. км²) і канцэнтруе большую ч. насельніцтва (каля 10 млн. чал. з 10,7 млн. чал. у краіне, 2000). Сталіца — г. Бялград. У адм. адносінах падзяляецца на акругі і абшчыны. Сербы складаюць каля 70%, албанцы — каля 17% (пераважна ў б. аўт. краі Косава), венгры — каля 4% (пераважна ў б. аўт. краі Ваяводзіна) насельніцтва. Жывуць таксама румыны, харваты, чарнагорцы, цыганы і інш. Паўн. ч. знаходзіцца на паўд. ускраіне Сярэднедунайскай раўніны, у цэнтры і на Пд — Сербскае нагор’е, Усх.-Сербскія горы, частка Дынарскага нагор’я, катлавіны Косава Поле і Метохія. Найвыш. пункт (2764 м) на мяжы з Албаніяй, у хр. Карабі. Клімат умераны, кантынентальны. Ападкаў 500—800 мм за год, у гарах да 1000 мм. З карысных выкапняў ёсць мёдныя і свінцова-цынкавыя руды, каменны і буры вугаль, нафта і прыродны газ. Лясы, пераважна букавыя (займаюць каля 27% тэр.), захаваліся ў гарах. У гаспадарцы роля прам-сці і сельскай гаспадаркі прыкладна аднолькавая. У прам-сці найб. развітыя энергетычныя, горназдабыўная, металург. і маш.-буд. галіны. Энергетыка базіруецца на выкарыстанні бурага і каменнага вугалю. ГЭС Джэрдап на Дунаі (сумесная з Румыніяй), значныя ГЭС на рэках Дрына, Уласіна. Лім і інш. Вылучаюцца здабыча, выплаўка і пракат медзі і сурмы, здабыча свінцу і цынку. Чорная металургія прадстаўлена камбінатам у г. Смедарава. У хім. прам-сці значная вытв-сць сернай кіслаты і мінер. угнаенняў, выпуск штучных валокнаў і нафтахім. прадукцыі. Шматгаліновае машынабудаванне: электратэхніка і электроніка, вытв-сць с.-г. машын, горнага абсталявання, грузавых і легкавых аўтамабіляў і інш. Развіты тэкст., гарбарна-абутковая, харч. і інш. галіны прам-сці. Гал. прамысл. цэнтры: Бялград, Нові-Сад, Ніш, Субаціца, Крагуевац, Прышціна. Сельская гаспадарка збожжава-жывёлагадоўчага кірунку. Вырошчваюць кукурузу, пшаніцу, жыта, цукр. буракі, каноплі, сланечнік, бульбу, гародніну. Садоўніцтва (найб. сліва) і вінаградарства. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней і авечак. Птушкагадоўля. Збожжавая гаспадарка найб. развіта ў раўнінных раёнах на Пн, жывёлагадоўля — у цэнтр. і паўд. горных раёнах. Транспарт. чыг. і аўтамабільны. Суднаходства па Дунаі і Саве.

Гісторыя. На тэр. сучаснай С. здаўна жылі ілірыйскія і фракійскія плямёны, моцна раманізаваныя ў выніку заваявання Стараж. Рымам (229 да н.э. — 106 н.э.). З 395 н.э. большая ч. гэтых зямель у складзе Візантыі. У 4—6 ст. на тэр. С. нападалі вестготы, гуны, авары. У 7 ст. сюды прыйшлі слав. плямёны, якія падпарадкавалі і асімілявалі мясц.насельніцтва. З 8 ст. пачала фарміравацца сербская народнасць і складваліся феад. адносіны. У 9 ст. сербы прынялі хрысціянства. У сярэдзіне 10 ст. ўзнікла Сербскае княства. У пач. 11 ст. С. падпарадкавана Візантыяй. У 2-й пал. 12 ст. тут узмацнілася княства Рашка, дзе вял. жупанам (князем) у 1168—96 быў Стэфан Нэманя (Няманя) — заснавальнік дынастыі Няманічаў. Пры ім вакол Рашкі склалася адзіная сербская феад. дзяржава (з 1217 каралеўства, з 1345—46 царства), дасягнута незалежнасць ад Візантыі. У 1219 абвешчана аўтакефалія (фактычная незалежнасць) сербскай правасл. царквы. Кароль (з 1346 цар) Стэфан Душан [1331—55] пашырыў сваю ўладу на амаль усе сербскія, македонскія, албанскія і ч. грэч. зямель. У 2-й пал. 14 ст. царства Няманічаў распалася. У выніку паражэння на Косавым Полі (1389) С. трапіла ў васальную залежнасць ад туркаў, у 1459 уключана ў Румелійскі эялет Асманскай імперыі. У 16—18 ст. сербы неаднаразова (1594, 1597—98, 1688—90, 1711) паўставалі супраць тур. няволі. У выніку сербскіх паўстанняў пачатку 19 стагоддзя (1804—13, 1815) пачалося аднаўленне сербскай дзяржаўнасці на чале з князем і скупшчынай (парламентам). Першым князем С. стаў Георгій Петравіч-Карагеоргій [1808—13], наступным — Мілаш Абрэнавіч [1815—39, 1858—60]. У далейшым на прастоле С. змяніліся прадстаўнікі дынастый Абрэнавічаў [1815—42, 1858—1903] і Карагеоргіевічаў [1842—58, 1903—18]. У 1830—33 пад дыпламат. націскам Расіі Турцыя афіцыйна дала статус аўт. княства Паўн. С. ў межах Бялградскага пашалыка. Пры кн. Міхаілу Абрэнавічу (1860—68) створана нац. армія, ліквідаваны тур. ваен. гарнізоны. У выніку сербска-чарнагорска-турэцкіх войнаў 1876—78 і перамогі Расіі ў рус.-тур. вайне 1877—78 С. паводле рашэння Берлінскага кангрэса 1878 атрымала незалежнасць і павялічыла сваю тэрыторыю. З 1882 С. — каралеўства. У выніку Балканскіх войнаў 1912—13 да С. далучаны паўн. ч. гіст. Македоніі (сучасная Рэспубліка Македонія) і б.ч. краю Косава са значным алб. насельніцтвам. Рэзка абвастрыліся адносіны з Аўстра-Венгрыяй, якая, скарыстаўшы Сараеўскае забойства, 28.7.1914 напала на С., што стала пачаткам 1-й сусв. вайны, у якой С. ўдзельнічала на баку Антанты. З 1915 С. акупіравана аўстра-герм. і балг. войскамі. Вызвалена восенню 1918.

1.12.1918 С. разам з інш. паўднёваслав. землямі ўтварыла адзіную дзяржаву — Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 Югаславія) на чале з дынастыяй Карагеоргіевічаў. Пасля скасавання манархіі ў 1945 С. (у сучасных межах) — Нар. рэспубліка ў складзе Федэратыўнай Нар. Рэспублікі Югаславіі, з 1963 — адна з сацыяліст. рэспублік у складзе Сацыяліст. Федэратыўнай Рэспублікі Югаславіі (СФРЮ). Па-за межамі С., у рэспубліках Боснія і Герцагавіна, Харватыя засталася значная колькасць сербаў. Пасля распаду СФРЮ (1991) С. (з 1991 сучасная назва) і Чарнагорыя ўтварылі 27.4.1992 новую федэрацыю — Саюзную Рэспубліку Югаславію. Гісторыю пасля 1918 таксама гл. ў арт. Югаславія.

Літ.:

История Югославии. Т. 1—2. М., 1963;

Јиричек К. Историја Срба. Кн. 1—2. Београд, 1980;

Историја српског народа. Кн. 1—2. Београд, 1981;

Раннефеодальные государства и народности: (южные и западные славяне VI—XII вв.). М., 1991;

Сербия: Вчера и сегодня. Белград, 1995;

Данченко С.И. Развитие сербской государственности и Россия, 1878—1903. М., 1996;

История южных и западных славян. Т. 1. Средние века и новое время. М., 1998.

В.​А.​Сімакова (гісторыя).

т. 14, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)