«БЕЛВА́Р»,

гл. Беларускае вытворчае аб’яднанне радыётэхнікі.

т. 3, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ РАДЫЁТЭ́ХНІКІ,

«БелВАР». Створана ў 1992 на базе Мінскага прыладабуд. аб’яднання. З 1940 у Мінску быў пушчаны радыёзавод на базе з-да «Дрэваапрацоўшчык» (працаваў з 1907). Выпускаў радыёпрыёмнікі «КІМ». У Вял. Айч. вайну разбураны, адноўлены ў 1944. У 1950-я г. асвоіў выпуск радыёвымяральных прылад, перайменаваны ў Мінскі прыладабуд. з-д. У 1960-я г. выпускаў тэлевізары «Нёман» і «Зорка». З 1971 Мінскае прыладабуд. аб’яднанне, з 1992 «БелВАР». Вырабляе каля 200 найменняў прылад. Асн. прадукцыя (1995): складаныя радыёвымяральныя прылады (асцылографы, вальтметры, мультыметры, СВЧ-прыёмнікі), сістэмы тэлекамунікацый, мед. тэхніка, дазіметры і электрабыт. прылады.

М.М.Ярохаў.

т. 2, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ПРЫБОРАБУДАЎНІ́ЧЫ ЗАВО́Д.

Засн. ў 1907 як лесапільны з-д. З 1921 механасталярны з-д «Дрэваапрацоўшчык», у 1939—40 радыёзавод. У Вял. Айч. вайну часткова разбураны, аднавіў працу ў 1944. Вырабляў прадметы першай неабходнасці, з 1946 выпускаў радыёпрыёмнікі. З 1960 пачаў серыйны выпуск тэлевізара «Нёман», з 1965 — «Зорка». У 1971 вытв-сць тэлевізараў перададзена Мінскаму радыёзаводу (гл. Мінскае прадпрыемства «Завод Гарызонт»), З 1971 галаўное прадпрыемства Мінскага вытв.-тэхн. прыборабуд. аб’яднання (дзярж. прадпрыемства «БЕЛВАР», гл. Беларускае вытворчае аб’яднанне радыётэхнікі), з 1997 адкрытае акц. т-ва. Асн. прадукцыя (1999): электрарадыёвымяральныя прыборы, тэлекамунікацыйныя вырабы, дазіметры і мед. апараты, складаныя быт. электрапрыборы, электраінструменты, акумулятары.

т. 10, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУК’ЯНО́ВІЧ (Трыфан Андрэевіч) (1919, в. Рэпішча Лагойскага р-на Мінскай вобл. — 30.4.1945),

удзельнік Вял. Айч. вайны. З 1939 працаваў слесарам на Мінскім радыёзаводзе. На фронце з 1941. Удзельнік Сталінградскай бітвы, баёў на Сандамірскім плацдарме, штурму Берліна. 25.4.1945 старшы сяржант Л. пры выратаванні нямецкай дзяўчынкі смяротна паранены. Пра гэта ў крас. 1945 расказаў пісьменнік Б.Палявой у газ. «Правда» і ў арт. «Помнім імя тваё...» у газ. «Комсомольская правда» (1.4.1976). Высакародны гуманны ўчынак Л., які ў час вайны страціў жонку і дваіх дзяцей, маці і бацьку, пакладзены ў аснову кампазіцыі помніка-ансамбля воінам Сав. Арміі, якія загінулі ў барацьбе з фашызмам, у Трэптаў-парку ў Берліне (скульпт. Я.Вучэціч, арх. Я.Белапольскі). На месцы самаахвярнага подзвігу Л. ў Берліне (на Эльзенштрасе) устаноўлены мемарыяльны знак. У Мінску на будынку вытв. аб’яднання «Белвар» (праспект Ф.Скарыны, дом № 58) устаноўлена мемар. дошка з гарэльефамі воіна і выратаванай ім дзяўчынкі (скульпт. З.Азгур, арх. Ю.Казакоў).

Літ.:

Сафонов М.И. Ссмнадцать штурмовых дней. Саратов, 1985. С. 97—104.

т. 9, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)