Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ РАДЫЁТЭ́ХНІКІ,
«БелВАР». Створана ў 1992 на базе Мінскага прыладабуд. аб’яднання. З 1940 у Мінску быў пушчаны радыёзавод на базе з-да «Дрэваапрацоўшчык» (працаваў з 1907). Выпускаў радыёпрыёмнікі «КІМ». У Вял. Айч. вайну разбураны, адноўлены ў 1944. У 1950-я г. асвоіў выпуск радыёвымяральных прылад, перайменаваны ў Мінскі прыладабуд. з-д. У 1960-я г. выпускаў тэлевізары «Нёман» і «Зорка». З 1971 Мінскае прыладабуд. аб’яднанне, з 1992 «БелВАР». Вырабляе каля 200 найменняў прылад. Асн. прадукцыя (1995): складаныя радыёвымяральныя прылады (асцылографы, вальтметры, мультыметры, СВЧ-прыёмнікі), сістэмы тэлекамунікацый, мед. тэхніка, дазіметры і электрабыт. прылады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ПРЫБОРАБУДАЎНІ́ЧЫ ЗАВО́Д.
Засн. ў 1907 як лесапільны з-д. З 1921 механасталярны з-д «Дрэваапрацоўшчык», у 1939—40 радыёзавод. У Вял.Айч. вайну часткова разбураны, аднавіў працу ў 1944. Вырабляў прадметы першай неабходнасці, з 1946 выпускаў радыёпрыёмнікі. З 1960 пачаў серыйны выпуск тэлевізара «Нёман», з 1965 — «Зорка». У 1971 вытв-сць тэлевізараў перададзена Мінскаму радыёзаводу (гл.Мінскае прадпрыемства «Завод Гарызонт»), З 1971 галаўное прадпрыемства Мінскага вытв.-тэхн. прыборабуд. аб’яднання (дзярж. прадпрыемства «БЕЛВАР», гл.Беларускае вытворчае аб’яднанне радыётэхнікі), з 1997 адкрытае акц.т-ва. Асн. прадукцыя (1999): электрарадыёвымяральныя прыборы, тэлекамунікацыйныя вырабы, дазіметры і мед. апараты, складаныя быт. электрапрыборы, электраінструменты, акумулятары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУК’ЯНО́ВІЧ (Трыфан Андрэевіч) (1919, в. Рэпішча Лагойскага р-на Мінскай вобл. — 30.4.1945),
удзельнік Вял.Айч. вайны. З 1939 працаваў слесарам на Мінскім радыёзаводзе. На фронце з 1941. Удзельнік Сталінградскай бітвы, баёў на Сандамірскім плацдарме, штурму Берліна. 25.4.1945 старшы сяржант Л. пры выратаванні нямецкай дзяўчынкі смяротна паранены. Пра гэта ў крас. 1945 расказаў пісьменнік Б.Палявой у газ. «Правда» і ў арт. «Помнім імя тваё...» у газ. «Комсомольская правда» (1.4.1976). Высакародны гуманны ўчынак Л., які ў час вайны страціў жонку і дваіх дзяцей, маці і бацьку, пакладзены ў аснову кампазіцыі помніка-ансамбля воінам Сав. Арміі, якія загінулі ў барацьбе з фашызмам, у Трэптаў-парку ў Берліне (скульпт. Я.Вучэціч, арх. Я.Белапольскі). На месцы самаахвярнага подзвігу Л. ў Берліне (на Эльзенштрасе) устаноўлены мемарыяльны знак. У Мінску на будынку вытв. аб’яднання «Белвар» (праспект Ф.Скарыны, дом № 58) устаноўлена мемар. дошка з гарэльефамі воіна і выратаванай ім дзяўчынкі (скульпт. З.Азгур, арх. Ю.Казакоў).
Літ.:
Сафонов М.И. Семнадцать штурмовых дней. Саратов, 1985. С. 97—104.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАШЫНАБУДАВА́ННЕ ДЛЯ ЛЁГКАЙ І ХАРЧО́ВАЙ ПРАМЫСЛО́ВАСЦІ І БЫТАВЫ́Х ПРЫЛА́Д,
галіна машынабудавання і металаапрацоўкі, якая вырабляе абсталяванне для лёгкай і харч. прам-сці, прадпрыемстваў гандлю і грамадскага харчавання, а таксама быт. прылады (халадзільнікі і пральныя машыны, электрапыласосы, швейныя машыны, электрапрасы, электраміксеры, электрасокавыціскалкі і інш.). Найб. развіццё вытв-сцьбыт. прылад атрымала ў ЗША, Японіі, Францыі, Італіі, Вялікабрытаніі на спецыялізаваных буйных прадпрыемствах.
На Беларусі гэта галіна прам-сці пачала развівацца ў 19 — пач. 20 ст. на металургічных і машынабудаўнічых з-дах, пераважна ў Мінску, якія выраблялі абсталяванне для бровараў, вінакурняў, мукамольнай і крухмала-патачнай прам-сці. У час індустрыялізацыі мінскі з-д «Энергія» асвоіў вытв-сць некаторых станкоў для тэкст. і абутковай прам-сці. У пасляваенны перыяд на базе прадпрыемстваў мясц. прам-сці і рамонтных майстэрняў створаны спецыялізаваныя з-ды: у Оршы швейных машын (1952, з 1968 з-д лёгкага машынабудавання), у Мінску быт. халадзільнікаў (1959), у Баранавічах гандл. машынабудавання (машыны для перапрацоўкі мяса, цеста і агародніны; 1964), у Гродне па вырабе пасудамыйных машын (1963).
У 1997 вытв-сцю абсталявання і запасных частак для лёгкай прам-сці было занята 52 прадпрыемствы і толькі адно з іх спецыялізаванае — ВА «Прамшвеймаш» у Оршы. Большая ч. яго выраблялася на прадпрыемствах лёгкай прам-сці ў Мінску, Баранавічах, Брэсце, Віцебску, Гомелі, Гродне, Лідзе і некаторая ч. прадукцыі на ВА «Мінскі трактарны завод» і Мінскім мех. з-дзе імя Вавілава, а таксама ВА «Прамшвеймаш» у г. Орша. Па вырабе абсталявання для гандлю і грамадскага харчавання працуюць спецыялізаваныя прадпрыемствы: Беларускае вытворчае аб’яднанне гандлёвага машынабудавання «Беларусьгандальмаш» у Баранавічах, навук.вытв. прадпрыемства «Тэхнамаш» у Брэсце, з-ды: гандл. машынабудавання ў Гродне, «Прадмаш» у Мінску. Некаторая ч. абсталявання для гэтай галіны выпускаецца на інш. машынабуд. з-дах. У 1997 выпушчана абсталявання і запчастак на 230,5 млрд.руб. (машыны для перапрацоўкі мяса, агародніны, бульбы; халадзільныя камеры, шафы, гандл. прылаўкі, універсальныя пасудамыйныя машыны, машыны для прыгатавання паўфабрыкатаў).
У 1997 выпушчана (тыс.шт.): халадзільнікаў 722, маразільнікаў 73, пральных машын 88,2, электрапыласосаў 4,1, печаў ЗВЧ 0,3, электрапрасаў 274, швейных машын 14,2, электраміксераў 46,2, электрасокавыціскалак 112,7. Найб. прадпрыемствы па выпуску быт. прылад: акц.т-ва«Атлант» у Мінску (па выпуску халадзільнікаў і маразільнікаў), Беларускае вытворчае аб’яднанне радыётэхнікі «Белвар» у Мінску (электрабытавыя прылады), акц.т-ва«Брэстгазаапарат» (газавыя пліты, быт. паветраачышчальнікі), Брэсцкі электрамеханічны завод, Гомельскі завод «Электраапаратура», Мінскі завод «Тэрмапласт» (электраміксеры), Авіяц. рамонтнае прадпрыемства ў Баранавічах (пыласосы), пральныя машыны выпускаюцца ў Мінску і Магілёве.
П.І.Рогач.
Да арт.Машынабудаванне для лёгкай і харчовай прамысловасці і бытавых прылад. Галоўны канвеер на Брэсцкім заводзе газавай апаратуры.