Белавокі нырэц 2/205

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Нырэц белавокі 7/544 (іл.)

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАВО́КІ НЫРЭ́Ц (Aythya nyroca),

птушка сямейства качыных атр. гусепадобных. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі бывае на пралёце, гняздуецца рэдка ў паўд. ч. рэспублікі. Жыве на вадаёмах з зараснікамі. Нар. назва чарнушка.

Маса да 650 г. Апярэнне зверху рыжавата-карычневае, спіна і надхвосце амаль чорныя. Бруха, падхвосце і люстэрка на крылах белыя. Радужына вока ў самца белая або шаравата-белая (адсюль назва). Дзюба сінявата-чорная. Корміцца расліннасцю, малюскамі, ракападобнымі, лічынкамі водных насякомых. Аб’ект палявання.

Белавокі нырэц: 1 — самец; 2 — самка.

т. 2, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЫРЦЫ́,

вадаплаўныя птушкі сям. качыных атр. гусепадобных. 2 роды (Aythya i Netta), 15 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных шыротах Еўразіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі 5 відаў: Н. белавокі (A. nuroca, нар. назва чарнушка), Н. чырвонагаловы, або блакітная чэрнець (A. ferina; нар. назвы: жылец, сівак, сіваплечая чэрнь, сівая чэрнь), Н. чырвананосы (N. rufina), чэрнець марская (A. marila; нар. назва плясоўка) і чэрнець чубатая (A. fuligula; нар. назвы: хахлач, хахлаты нырок). Н. чырвананосы і чэрнець марская — рэдкія пралётныя віды. Астатнія віды гняздуюцца, жывуць на вадаёмах у зарасніках трыснягу, асакі.

Самы вял. Н. чырвананосы (даўж. да 60 см, маса да 1,5 кг). Дзюба доўгая, пляскатая. Усе Н. на заднім пальцы маюць шырокую скурыстую перапонку. Здабываюць корм (раслінны і жывёльны), ныраючы на глыб. да 4 м (адсюль назва). Аб’екты палявання. Гл. таксама Чэрнеці.

Нырцы: 1 — нырок чырвананосы; 2 — чэрнець чубатая (а — самец, б — самка).

т. 11, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУСЕПАДО́БНЫЯ, пласціністадзюбыя (Anserformes),

атрад вадаплаўных птушак. 2 сям.: паламедэі (Anhimidae, 2 роды, 3 віды; жывуць у Паўд. Амерыцы па ўзбярэжжах мелкаводных вадаёмаў) і качыныя (43 роды, 147 відаў, пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды). У сям. качыных 3 падсям.: паўлапчатыя гусі, гусіныя (лебедзі, казаркі, гусі, дрэвавыя качкі) і качыныя (крахалі, пяганкі, качкі). У Чырв. кнізе МСАП 15 відаў гусепадобных. На Беларусі 30 відаў з сям. качыных, з іх 14 відаў гняздуюцца, 11 пралётных, 5 выпадкова залётных. У Чырв. кнігу занесена 8 відаў: белавокі нырэц, свіязь, шылахвостка, вялікі і даўгадзюбы крахалі, звычайны гогаль (гл. Гогаль), лебедзь-шыпун, чырвонаваллёвая казарка.

Даўж. цела гусепадобных 38—180 см, маса ад 300 г (чырок-траскунок) да 13 і больш кг (лебедзь-шыпун). Цела ўкрыта густым пухам і пер’ем і змазваецца сакрэтам копчыкавай залозы. Афарбоўка разнастайная, розная ў самцоў і самак. Шыя доўгая, ногі кароткія, з плавальнай перапонкай. Дзюба падоўжаная, плоская. Большасць відаў — манагамы. Гняздуюцца парамі. Гнёзды каля вады на беразе або на вадзе сярод расліннасці, зрэдку ў дуплах дрэў і інш. Нясуць 2—15 яец. Вывадкавыя птушкі. Корм раслінны і жывёльны. Многія — аб’екты палявання, птушкагадоўлі. Гл. таксама Гусі свойскія.

Л.​В.​Кірыленка.

т. 5, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ДКІЯ І ЗНІКА́ЮЧЫЯ ВІ́ДЫ,

жывёлы і расліны, якія сустракаюцца ў невялікай колькасці, на абмежаванай плошчы і якім пагражае небяспека вымірання. Уключаюцца ў Міжнар, або нац. Чырвоныя кнігі, з’яўляюцца ахоўнымі жывёламі і ахоўнымі раслінамі. Для аховы і ўзнаўлення папуляцый Р. і з.в. выдзяляюцца прыродныя тэр. з розным рэжымам аховы — запаведнікі, нац. паркі, заказнікі і г.д., прымаюцца заканадаўчыя акты на нац. і міжурадавых узроўнях, заключаюцца міжнар. пагадненні.

Паводле класіфікацыі, прапанаванай у Чырв кнізе МСАП, усе Р. і з.в. для вызначэння стану папуляцыі і аховы падзелены на 5 катэгорый: 1-я — знаходзяцца пад пагрозай знікнення і выратаванне іх немагчыма без ажыццяўлення спец. мер; 2-я — колькасць адносна высокая, але хутка скарачаецца; 3-я — колькасць стабільная, але невысокая, могуць знікнуць пры неспрыяльных зменах асяроддзя; 4-я — колькасць і стан не вызначаны; 5-я — адноўленыя, але не падлягаюць прамысл, выкарыстанню, за папуляцыямі неабходны пастаянны кантроль.

На Беларусі пад уплывам антрапагенных фактараў за апошнія 100—150 гадоў зніклі шматлікія расліны і жывёлы, у т. л. ядрушка духмяная, рабчык рускі, адоніс вясновы, шпажнік балотны, лён жоўты, сярэднееўрап. лясны кот, хахуля, ружовы пелікан, коўпіца, стрэпет, бялуга, балт. і рус. асятры, кумжа, ласось, сіг і інш. У Чырвоную кнігу Беларусі (выд. ў 1993) уключаны 182 віды жывёл, 180 — раслін, 17 — грыбоў, 17 — лішайнікаў. Вял. колькасць Р. і з.в. жывёл Беларусі (асабліва птушак) маюць міжнар, і еўрап. ахоўны статус, занесены ў Чырв. кнігу МСАП, у т. л. белавежскі зубр, сапсан, вяртлявая чарацянка, белавокі нырок.

В.​І.​Кіцікаў.

т. 13, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)