БЕ́ЗДНАЎСКАЕ ВЫСТУПЛЕ́ННЕ 1861,

выступленне сялян Казанскай губ. Расіі ў адказ на сялянскую рэформу 1861.

Пачалося ў в. Бездна Спаскага пав. пад кіраўніцтвам селяніна А.​Пятрова (А.​П.​Сідарава), які абвясціў сялянам, што ўся зямля належыць ім і што яны не павінны больш працаваць на паноў. Хваляванні ахапілі больш як 75 вёсак. Каля 10 тыс. чалавек адмовіліся адбываць паншчыну, выконваць распараджэнні адміністрацыі, забіралі панскае збожжа. 12 крас. ў Бездну прыбыў карны атрад і пачаў страляць у натоўп сялян. Было забіта і паранена больш за 350 чал., многія арыштаваны, пакараны розгамі. Пятрова расстралялі. Расправа над удзельнікамі Безднаўскага выступлення выклікала пратэст дэмакр. колаў у Расіі і за мяжою.

т. 2, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЮІСМА́НС ((Huysmans) Жарыс Карл) (Жорж Шарль; 5.2.1848, Парыж — 12.5.1907),

французскі пісьменнік. У 1874 дэбютаваў зб. вершаў у прозе «Ваза з вострымі прыправамі», вытрыманым у дэкадэнцкай стылістыцы. З цягам часу стаў адным з буйнейшых прадстаўнікоў натуралізму (раманы «Марта. Гісторыя дзяўчыны», 1876, «Сёстры Ватар», 1879, «Каля хатняга ачага», 1881, «Па плыні», 1882). У пач. 1880-х г. парваў з натуралізмам і стварыў свой найб. значны раман — «Наадварот» (1884) — маст. маніфест ідэй дэкадэнцтва. Аўтар раманаў «Там, унізе» (1891), «У дарозе» (1895), «Сабор» (1898), шматлікіх артыкулаў (зб. «Сучаснае мастацтва», 1883), напісаных ў рэчышчы дэкадэнцкай паэтыкі.

Тв.:

Рус. пер. — Наоборот. М., 1990;

Марта: История падшей. СПб., 1991;

Там внизу, или Бездна. М., 1993.

К.​М.​Міхееў.

т. 5, с. 554

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́ДБЕРЫ ((Bradbury) Рэй Дуглас) (н. 22.8.1920, Уокеган, штат Ілінойс, ЗША),

амерыканскі пісьменнік-фантаст. Першы зб. фантаст. апавяданняў «Змрочны карнавал» (1947). Аўтар рамана-антыутопіі «451° па Фарэнгейту», філас.-прыгодніцкага рамана-прытчы «Набліжаецца бяда» (1962), дэтэктыва-стылізацыі пад прозу Д.​Хэмета і Р.​Чандлера «Смерць — лёс адзінокіх» (1985), рамана «Могільнік лунацікаў» (1990), прасякнутага міфал. матывамі, аўтабіягр. аповесці «Віно з дзьмухаўцоў» (1957), зб-каў апавяд. «Размаляваны чалавек» (1951), «Залатыя яблыкі Сонца» (1953), «Сродак ад меланхоліі» (1959), «Глыбока за поўнач» (1976) і інш., цыкла апавяд. «Марсіянскія хронікі» (1950), п’ес, кніг для дзяцей, радыё-, тэле- і кінасцэнарыяў. Асн. тэмы твораў — небяспека механізацыі і рабатызацыі грамадства, рост бездухоўнасці і уніфікацыі людзей; суаднесенасць рэальна-зямнога і касмічнага, часу і гісторыі, вайны і міру.

Тв.:

Бел. пер. — Пра вандроўкі вечныя і пра Зямлю // Замежная фантастыка. Мн., 1990;

рус. пер. — Рассказы. М., 1975;

Память человечества. М., 1982;

Холодный ветер, тёплый ветер. М., 1983;

О скитаньях вечных и о Земле. М., 1988;

Фантастика Рея Брэдбери М., 1992;

Чикагская бездна. М., 1993.

Е.​Л.​Лявонава.

т. 3, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)