марка грузавых аўтамабіляў аднайменнага акц.т-ва (г. Набярэжныя Чаўны, Татарстан). Выпускаюцца 2- і 3-восевыя мадэлі вял. грузападымальнасці: бартавыя, аўтасамазвалы, седлавыя цягачы; поўнапрывадныя 3-восевыя мадэлі, разлічаныя на работу ва ўмовах бездарожжа. Маюць дызельныя рухавікі магутнасцю да 242 кВт. Асаблівасць — кабіна размешчана над рухавіком.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МАНАЎ (Леанід Уладзіміравіч) (н. 20.6.1958, Мінск),
бел. жывапісец. Сын У.К.Гоманава. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1982). З 1989 выкладае ў Мінскім маст. вучылішчы. Сярод твораў: тэматычныя карціны «Пралескі» (1985), «Чайная на ферме», «Смутак» (1986), «Пастух» (1987), «Праз стагоддзі. Ф.Скарына» (1990); партрэт даяркі С.М.Сузько (1978); пейзажы «Стары Мазыр» (1978), «Від горада Сянно» (1990), «Бездарожжа» (1992), «Маўчанне птушак» (1995), нацюрморт з гармонікам (1989) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЭРАСА́НІ,
самаходныя сані, што рухаюцца па снезе, лёдзе і вадзе з дапамогай сілы цягі паветранага вінта. Бываюць суцэльнаметалічныя і аэрасані-«амфібіі».
Суцэльнаметалічныя аэрасані маюць 3 або 4 лыжы і кіруюцца пярэднімі паваротнымі лыжамі; рухавік з паветр. вінтом размешчаны на карме. Аэрасані«амфібія» маюць 1 лодку-лыжу, што дазваляе рухацца па рыхлым снезе, вадзе, забалочанай мясцовасці і інш. Грузападымальнасць аэрасаней да 600 кг, далёкасць ходу да 500 км, скорасць да 100 км/гадз па снезе, да 80 км/гадз па вадзе. Выкарыстоўваюцца ва ўмовах бездарожжа Крайняй Поўначы для перавозкі грузаў, пошты, людзей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЯНЕ́ВІЦКІ БОЙ 1944.
Адбыўся паміж партыз. брыгадай імя В.Т.Варанянскага (камандзір В.В.Сямёнаў) і ням.-фаш. захопнікамі ў в. Касцяневічы Куранецкага р-на Вілейскай вобл. 31.1.1944 у Вял.Айч. вайну. Гарнізон у в. Касцяневічы (каля 140 гітлераўцаў, узброеных 2 мінамётамі, 10 кулямётамі, аўтаматамі) ахоўваў шашу Мінск—Даўгінава і падыходы да чыгункі Маладзечна—Полацк. 30.1.1944 партыз. атрады ў цяжкіх умовах бездарожжа зрабілі 37-кіламетровы марш з месца дыслакацыі да в. Касцяневічы. У выніку раптоўнасці налёту праціўнік не здолеў аказаць сур’ёзнага супраціўлення і гарнізон быў захоплены, знішчана шмат гітлераўцаў, захоплена зброя, боепрыпасы, абмундзіраванне і запасы харчавання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАКУ́ША,
1) сельскагаспадарчая прылада для веснавой перадпасяўной апрацоўкі зябліва. Бываюць брусковыя, цвіковыя, шлейф-В. Выраўноўваюць паверхню поля і ствараюць слой рыхлай дробнакамякаватай глебы.
2) Прыстасаванне для падбору сена і саломы з валкоў у копы і транспартавання іх да месца сціртавання. Сена з валкоў падбіраюць навяснымі грабельнымі валакушамі, копы сена ці саломы (па 10—15) транспартуюць прычапнымі бязрамнымі або рамачнымі валакушамі.
3) Палазовае прыстасаванне для перавозкі грузаў ва ўмовах бездарожжа — дзве доўгія, замацаваныя папярочкамі жэрдкі, адны канцы якіх служылі палазамі, другія аглоблямі. Былі валакушы і без аглобляў, каня ў іх запрагалі з дапамогай пастронкаў і ворчыка. Валакушы перавозілі бярвёны ў лесе, каменне з палёў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРАЧА́НСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1916,
наступальная аперацыя рас. войск 5, 1, 2 і 10-й армій 18—28 сак. ў раёне воз. Нарач у 1-ю сусв. вайну. На канферэнцыі дзяржаў Антанты ў Шантыйі (14.2.1916, Францыя) было дасягнута пагадненне пачаць наступленне супраць Германіі на Зах. фронце 1 ліп., а на Усх. (рас.) фронце — 15 чэрвеня. Аднак з-за цяжкага становішча франц. армій пад Вердэнам (гл.Вердэнская аперацыя 1916) рас. камандаванне па просьбе саюзнікаў вырашыла пачаць наступленне датэрмінова. Аперацыя праводзілася левым флангам Паўн. і правым флангам Зах. франтоў у раёне Дзвінск — воз. Нарач. Гал. ўдар наносіла 2-я рас. армія з мэтай прарваць фронт 2 групамі: 3 карпусы наступалі на Пн ад чыгункі Паставы—Свянцяны і 3 карпусы паміж азёрамі Нарач і Вішнеўскае. Часці 5-й арміі дзейнічалі ў раёне Дзвінска, 14-ы корпус 1-й арміі — у раёне Відзаў. 10-я армія вяла баі ў напрамку Крэва—Ашмяны. Войскі дзейнічалі ў час веснавога бездарожжа, разрознена, без агульнага ўзаемадзеяння. З-за недахопу цяжкай артылерыі і снарадаў да яе не было забяспечана падаўленне абароны праціўніка. У канцы сакавіка наступленне спынена з-за немагчымасці перамяшчэння войск у неспрыяльных умовах надвор’я. У выніку Н.а. рас. войскі атрымалі толькі мясц. поспех і панеслі вял. страты (толькі 2-я армія страціла каля 78,5 тыс. забітымі і параненымі). Аднак аперацыя аказала значную дапамогу саюзнікам, адцягнуўшы на сябе вял. частку войск праціўніка: 22—28 сак. наступленне немцаў на Вердэн аслабла, а потым спынілася.