БА́ЦЮШКАЎ (Пампей Мікалаевіч) (26.6.1811, маёнтак Данілаўскае Валагодскай губ. — 1.4.1892),

рускі гісторык, дзярж. і грамадскі дзеяч, выдавец.

Брат паэта К.М.Бацюшкава. Скончыў афіцэрскае вучылішча ў Пецярбургу (1831), да 1840 служыў у арміі. З 1850 віцэ-губернатар у Коўне. У 1856—67 віцэ-дырэктар дэпартамента духоўных спраў іншаземных веравызнанняў. У 1868—69 папячыцель Віленскай навуч. акругі. З 1869 член савета міністра нар. асветы. Паводле паліт. поглядаў славянафіл. Адзін з праваднікоў палітыкі русіфікацыі на Беларусі, Украіне і ў Літве. Выдаў «Атлас народанасельніцтва Заходнярускага краю паводле веравызнанняў» (1863), серыю альбомаў «Помнікі рускай даўніны ў заходніх губернях імперыі» (вып. 1—8, 1868—85), манаграфіі прафесараў Кіеўскай духоўнай акадэміі М.​І.​Пятрова, М.​І.​Гарадзецкага і І.​І.​Малышэўскага «Холмская Русь» (1887), «Валынь» (1888), «Беларусь і Літва» (1890).

т. 2, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЦЮШКАЎ (Канстанцін Мікалаевіч) (29.5.1787, г. Волагда, Расія — 19.7.1855),

рускі паэт; прадстаўнік анакрэантычнага кірунку ў рус. лірыцы. Адукацыю атрымаў у прыватных пансіёнах у Пецярбургу. Быў на чыноўніцкай і ваеннай службе, пазней — у рус. дыпламат. місіі ў Італіі. Удзельнік літ. гуртка «Арзамас». У вершах «Вясёлы час», «Вакханка», «Мае Пенаты» і інш. услаўляў радасць быцця, сяброўства, каханне, духоўную свабоду асобы. У аснове элегій «На руінах замка ў Швецыі», «Пераход праз Рэйн» уражанні вайны 1812. Ідэйны і душэўны крызіс абумовіў змрочна-меланхалічны тон лірыкі, узмацненне рэліг. настрояў, матывы нераздзеленага кахання, абвастрыў тэму трагічнага лёсу паэта (элегіі «Да сябра», «Надзея», «Мой геній», «Разлука», «Паміраючы Тас» і інш.). У вершаванай казцы «Вандроўнік і дамасед» (1815) стварыў карціну дысгармоніі жыцця. Аўтар цыклаў анталагічных вершаў, нарысаў і артыкулаў пра л-ру і мастацтва. У 1917 выйшаў зб. «Спробы ў вершах і прозе» (ч. 1—2).

Тв.:

Соч. Т. 1—2. М., 1989.

Літ.:

Фридман Н.В. Проза Батюшкова. М., 1965;

Яго ж. Поэзия Батюшкова. М., 1971;

Коровин В.И. «И жил так точно, как писал...» (К.​Н.​Батюшков: К 200-летию со дня рождения). М., 1987;

Кошелев В.А. Константин Батюшков: Странствия и страсти. М., 1987.

К.М.Бацюшкаў.

т. 2, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Бацюшкаў П. 3/582

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Бацюшкаў К. М. 1/309, 430; 4/31; 8/637; 9/91; 10/243

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

«АРЗАМА́С»,

літаратурны гурток у Пецярбургу ў 1815—18. Удзельнікі В.​Жукоўскі, К.​Бацюшкаў, П.​Вяземскі, В.​Пушкін, А.​Пушкін, А.​Тургенеў і інш. «Арзамасцы» былі прыхільнікамі моўнай рэформы М.​Карамзіна (выступалі за набліжэнне паэт. мовы да народнай), імкнуліся да стварэння новых маст. формаў у л-ры, адмаўлялі састарэлыя каноны класіцызму. Выступалі з крытыкай дзейнасці прыхільнікаў «Гуртка аматараў рускага слова».

т. 1, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАКРЭАНТЫ́ЧНАЯ ПАЭ́ЗІЯ,

лёгкая жыццярадасная лірыка, пазбаўленая суму і глыбокіх перажыванняў. Назва ад імя стараж.-грэч. паэта Анакрэонта, асн. матывамі песень якога былі каханне, бестурботная весялосць, віно. Анакрэантычныя вершы ў Францыі пісалі А.​Шэнье, Вальтэр, П.​Беранжэ; у Германіі — І.​Глейм, Г.​Лесінг; у Расіі — М.​Ламаносаў, Г.​Дзяржавін, К.​Бацюшкаў, А.​Пушкін і інш. У бел. паэзіі матывы анакрэатычнай паэзіі ў лірыцы М.​Багдановіча.

т. 1, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНА-ЗАХО́ДНІ АДДЗЕ́Л РУ́СКАГА ГЕАГРАФІ́ЧНАГА ТАВАРЫ́СТВА, Паўночна-Заходні аддзел імператарскага Рускага геаграфічнага таварыства. Існаваў у 1867—1915 у Вільні як тэр. філіял Рус. геагр. т-ва. Узначальваў яго папячыцель Віленскай навуч. акругі; першы кіраўнік І.​П.​Карнілаў, члены — вайскоўцы, чыноўнікі, духавенства. Паводле палажэння ад 2.7.1867 павінен быў займацца вывучэннем 6 губерняў Паўн.-Зах. краю, пераважна ў галіне археаграфіі, археалогіі, этнаграфіі, статыстыкі. Меў секцыі: фіз.-матэм., этнаграфіі, археалогіі і археаграфіі, статыстыкі. Секцыя этнаграфіі выпусціла праграму па збіранні этнагр. і фалькл. матэрыялаў (паўтарала праграму Рус. геагр. т-ва без уліку нац. асаблівасцей нар. творчасці беларусаў). У выніку актывізацыі дзейнасці настаўнікаў сабраны запісы розных фалькл. жанраў, апісанні нар. календара і абрадаў, стану сельскай гаспадаркі, промыслаў, побыту і інш. Секцыя археалогіі і археаграфіі падрыхтавала і выдала шэраг апісанняў архіваў, у т. л. архіва віленскага ген.-губернатара М.​В.​Рапніна (1783—84). Да 1876 работа аддзела фактычна прыпынілася. У 1910 па ініцыятыве папячыцеля Віленскай навуч. акругі д-ра астраноміі Р.​В.​Лявіцкага віленскі губернатар Дз.​М.​Любімаў аднавіў дзейнасць аддзела. Яго старшынёй стаў Лявіцкі, кіраўніком спраў — Дз.І.Даўгяла; у кіраўніцтва ўвайшлі мясц. этнографы, фалькларысты, гісторыкі, археолагі, археографы, біёлагі і географы. На канец 1911 аддзел яднаў больш за 300 чал., пераважна сельскіх настаўнікаў, чыноўнікаў; створаны 4 секцыі: геаграфіі і статыстыкі, этнаграфіі і археалогіі, археаграфіі, гісторыі. У 1910—12 праведзены навук. экспедыцыі ў розныя рэгіёны Беларусі. У 1910—14 выдаваліся «Записки Северо-Западного отдела Русского географического общества». У 1910 па ініцыятыве аддзела выдадзены шэраг кніг па гісторыі Беларусі, у т. л. «Нарыс гісторыі Літоўска-Рускай дзяржавы да Люблінскай уніі ўключна» М.​К.​Любаўскага, «Апошняе ўз’яднанне з праваслаўнай царквой уніятаў Беларускай епархіі» Г.​Шавельскага, «Гродзенская даўніна» Я.​Ф.​Арлоўскага (ч. 1). На працягу ўсёй гісторыі аддзела ў яго працы прымалі ўдзел гісторыкі і архівісты П.​М.​Бацюшкаў, Я.​Ф.​Галавацкі, М.​І.​Гарбачэўскі, Ф.​М.​Дабранскі, М.​А.​Дзмітрыеў, Ю.​Ф.​Крачкоўскі, М.​Я.​Нікіфароўскі, Е.​Р.​Раманаў, У.​Г.​Сакалоў, А.​М.​Семянтоўскі, І.​А.​Сербаў, М.​М.​Чуркін, П.​В.​Шэйн, А.​М.​Энгель і інш. Дзейнасць аддзела спынілася ў сувязі з акупацыяй Вільні герм. войскамі.

Літ.:

Довгяло Д.И. К истории Северо-Западного отдела: (Материалы и заметки) // Зап. Северо-Западного отд. имп. Русского географического о-ва. Вильна, 1910. Кн. 1.

М.​Ф.​Шумейка, В.​Ярмоленка.

т. 12, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)