Бацэвічы (в.) 2/189—190; 5/582 (к.); 6/29, 30 (к.), 544

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БАЦЭ́ВІЧЫ,

вёска ў Беларусі, у Клічаўскім раёне Магілёўскай вобл., на р. Ольса. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 15 км на ПдЗ ад г.п. Клічаў, 106 км ад Магілёва, 10 км ад чыг. ст. Нясета. 1034 ж., 432 двары (1995). У Бацэвічах Клічаўская райсельгасхімія. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў.

Вядомы з 1560 як сяло ў Свіслацкай вол. ВКЛ. У 1743 сяло ў Аршанскім пав. У 19 ст. цэнтр воласці Бабруйскага пав. У 1844 — 283 ж., 51 двор, цэнтр маёнтка, у 1865 былі нар. вучылішча, царква, 2 млыны, праводзіўся кірмаш. У 1892 заснаваны бровар і тартак, у 1915 адкрыта земская бальніца. У 1940 — 1214 ж., 312 двароў. З ліп. 1941 да 28.6.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі. У 1970 — 1315 ж., 408 двароў.

т. 2, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯСЕ́ТА,

рака ў Клічаўскім р-не Магілёўскай вобл., правы прыток р. Ольса (бас. р. Дняпро). Даўж. 39 км. Пл. вадазбору 346 км². Пачынаецца за 1 км на ПнЗ ад в. Куцін, вусце ў в. Бацэвічы. Цячэ па Цэнтральнабярэзінскай раўніне. Даліна невыразная. Пойма двухбаковая, шыр. 0,1—0,3 км. Рэчышча каналізаванае, шыр. 4—12 м. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. каналаў.

т. 11, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІ́ЧАЎСКІ РАЁН.

На ПдЗ Магілёўскай вобл. Утвораны 17.7.1924, скасаваны 25.12.1962, адноўлены 6.1.1965. Пл. 1,8 тыс. км². Нас. 23,2 тыс. чал. (1998), гарадскога 37,1%. Сярэдняя шчыльн. 13 чал. на 1 км². Цэнтр — г.п. Клічаў. 140 сельскіх нас. пунктаў. 8 сельсаветаў: Акцябрскі, Бацэвіцкі, Віркаўскі, Ганчанскі, Доўгаўскі, Каўбчанскі, Нясяцкі, Патоцкі. Раён пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, у зоне радыяцыйнага кантролю 17 нас. пунктаў.

Тэр. раёна ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Паверхня раўнінная, слабапарэзаная. Пераважаюць выш. 150—165 м, найвыш. пункт 176 м (на ПнЗ ад в. Дубно). Карысныя выкапні: торф, пясок, гліны і суглінкі для грубай керамікі. Сярэдняя т-ра студз. -7,2 °C, ліп. 17,8 °C. Ападкаў 618 мм за год. Вегет. перыяд 190 сут. З Пн на Пд працякае р. Ольса з прытокамі Нясета (з Гарадзечанкай і Турчанкай), Цераболь, Сушанка, Ганчанка, Суша (з Перасопенкай) і Кострычка, на ПнУ — р. Друць з прытокам Даўжанка, на З — р. Бярэзіна. Азёры Танек, Дубавец, Орлінскае. Вадасх. Арэхаўка на р. Нясета. Глебы: дзярнова-падзолістыя (53%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (21,7%), тарфянабалотныя (16,2%). Пад лесам 57,7% тэр. раёна, з іх 17,5% штучных насаджэнняў. На Пн пераважаюць масівы суцэльнага лесу, найб. Вял. Дулебава. Лясы ў асноўным хваёвыя, бярозавыя і чорнаальховыя, часткова забалочаныя. Пад балотамі 4,2% тэрыторыі, найб. балотныя масівы: Ганчанскае балота, Ванкоўшчына, Заполле. 20 мясц. геал. (тарфяных) заказнікаў. Помнікі прыроды: рэспубліканскія — дубова-грабавы лес у Бёрдаўскім лясніцтве; мясцовыя — дуброва ў Бацэвіцкім лясніцтве, крыніцы ў в. Бацэвічы і каля в. Ядраная Слабада.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 59 тыс. га, з іх асушаных 19,2 тыс. га. На 1.1.1998 у раёне 8 калгасаў, 5 саўгасаў, 25 фермерскіх гаспадарак. Асн. галіны сельскай гаспадаркі: малочна-мясная жывёлагадоўля, вырошчванне збожжавых і кармавых культур. Прадпрыемствы харч., дрэваапр., паліўнай, лясной, буд. матэрыялаў прам-сці. Па тэр. раёна праходзіць чыг. Асіповічы—Магілёў, аўтадарогамі райцэнтр звязаны з гарадамі Беразіно, Бабруйск, Магілёў. Па р. Бярэзіна суднаходства. У раёне 12 сярэдніх, 7 базавых, 7 пач., дзіцяча-юнацкая спарт., 7 муз., маст. школы, тэхнікум, 17 дашкольных устаноў, 23 клубы, 26 б-к, 5 бальніц, паліклініка, цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, 19 фельч.-ак. пунктаў. Выдаецца газ. «Сцяг Саветаў».

Г.​С.​Смалякоў.

т. 8, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМО́ЛІЧ Аркадзь Антонавіч (17.9.1891, в. Бацэвічы Клічаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 17.6.1938),

дзеяч бел. нац.-дзярж. адраджэння, вучоны ў галіне эканомікі, сельскай гаспадаркі, картаграфіі, геаграфіі. Праф. (1927). Скончыў Мінскую духоўную семінарыю (1905), Новаалександрыйскі ін-т сельскай гаспадаркі і лесаводства ў Пулавах (Польшча, 1916), вучыўся ў Кіеўскім політэхн. ін-це. З 1910 чл. Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). Актыўны ўдзельнік клуба «Беларуская хатка» ў Мінску. На канферэнцыі БСГ у чэрв. 1917 увайшоў у склад яе часовага ЦК, быў рэдактарам газ. «Грамада». Удзельнік Усебеларускага з’езда 1917 у Мінску. Адзін з ініцыятараў абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР), нар. сакратар асветы ў 1-м яе ўрадзе. Пасля распаду БСГ разам з інш. бел. дзеячамі ў крас. 1918 арганізаваў Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю, аўтар праекта яе праграмы, адзін з тэарэтыкаў бел. сацыял-дэмакратыі. У час паўторнага наступлення палякаў на Беларусь (вер. 1920) пераехаў у Вільню, удзельнічаў у стварэнні Таварыства беларускай школы і быў яго першым старшынёй. У жн. 1922 урад Сав. Беларусі дазволіў С. вярнуцца ў Мінск і прызначыў яго заг. планава-эканам. аддзела Наркамата земляробства БССР. Адначасова з 1923 дацэнт, праф. і заг. кафедры ў БДУ і Інбелкульце (з 1925 нам. яго старшыні, кіраўнік с.-г. секцыі і камісіі па раянаванні БССР). У 1924 пад яго кіраўніцтвам створаны час. «Плуг» і Цэнтр. бюро краязнаўства. У 1928 абраны правадз. членам Рус. геагр. т-ва, узнагароджаны (1930) яго Малым залатым медалём за навук. працы «Размяшчэнне насельніцтва па тэрыторыі БССР» і «Сельскагаспадарчыя раёны БССР у 1927—1928 гг.: Папярэдняя схема і метадалагічныя ўвагі» (абедзве 1929). Аўтар вучэбнага дапаможніка «Геаграфія Беларусі» (1919; 4-е выд., 1993), які адкрываўся эпіграфам «Каб Беларусь перастала быць краем, невядомым для саміх беларусаў». С. зрабіў уклад у пераўтварэнне Інбелкульта ў Акадэмію навук Беларусі, быў адным з аўтараў яе першага статута. 26.6.1930 арыштаваны ДПУ па справе т.зв. Саюза вызвалення Беларусі. Паводле пастановы калегіі АДПУ СССР ад 10.4.1931 сасланы на 5 гадоў у г. Аса Пермскай, потым — у г. Ішым Цюменскай абл. (Расія). У жн. 1935 вызвалены, але 17.6.1937 зноў арыштаваны і 10.6.1938 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны па 1-м прыгаворы Вярх. судом БССР 10.6.1988, па 2-м прэзідыумам Цюменскага абл. суда 9.2.1957.

Літ.:

Ліс А. Цяжкая дарога свабоды. Мн., 1994.

У.​М.​Міхнюк.

А.А.Смоліч.

т. 15, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)