БАТАНІ́ЧНЫ САД,

навукова-даследчая, навуч.-дапаможная і культ.-асветная ўстанова, у якой культывуюцца і вывучаюцца расліны мясц. і іншаземнай флоры, прапагандуюцца бат. веды. Уключаюць калекцыі раслін адкрытага грунту (дэндрарыі, альпінарыі, участкі сістэматыкі, экспазіцыі лек., харч., дэкар. і інш. раслін) і аранжарэі. Размяшчэнне раслін пераважна па геагр. і сістэматычным прынцыпе, радзей па экалагічным і інш. Асн. даследчая задача — пошук новых карысных раслін, іх выпрабаванне і ўвядзенне у культуру. Адначасова батанічныя сады з’яўляюцца аб’ектамі рэкрэацыі.

Папярэднікі батанічных садоў — манастырскія сады (у Зах. Еўропе з 4 ст.), аптэкарскія агароды. Першыя батанічныя сады заснаваны ў Італіі (Салерна, 1309; Венецыя, 1333), потым у Германіі (Берлін, 1647), Францыі (Парыж, 1635), Швецыі (Упсала, 1655), Вялікабрытаніі (Эдынбург) пераважна для развядзення лек. раслін. У эпоху вял. геагр. адкрыццяў батанічныя сады пачалі актыўна займацца выпрабаваннямі прывезеных раслін: праз батанічны сад ў К’ю (Вялікабрытанія) ішло размеркаванне па трапічных раёнах кавы, гевеі, хіннага дрэва; праз батанічны сад Францыі распаўсюджваліся віды айланту, сафоры, туі, гінкга. У 18—19 ст. батанічны сад ў Калькуце (Індыя), Богары (Інданезія) адыгралі значную ролю ў інтрадукцыі трапічных раслін у розныя раёны. У Расіі папярэднікамі батанічных садоў былі «аптэкарскія агароды» ў Маскве (1706, цяпер філіял батанічнага саду Маскоўскага ун-та), Пецярбургу (1714, цяпер батанічны сад Бат. ін-та Рас. АН). У 19 ст. батанічныя сады існавалі пераважна пры ун-тах (Вільня і Тарту, 1803; Харкаў, 1804, Масква і Казань, 1806; Кіеў, 1835; Адэса, 1865; Томск, 1880, і інш.), лясных і с.-г. ін-тах. Нікіцкі батанічны сад (Крым, 1812), Сухумскі (1840) і Батумскі (1912) батанічныя сады сталі цэнтрамі інтрадукцыі субтрапічных раслін.

На Беларусі аднымі з першых былі Гродзенскі батанічны сад (18 ст.) і дыдактычны батанічны сад пры Шчучынскім кляштары (засн. садаводам С.Юндзілам). Працуюць Вялікалятчанскі батанічны сад, батанічныя сады пры ВНУ і АН Беларусі: гл. Батанічны сад Віцебскага педагагічнага універсітэта, Цэнтральны батанічны сад АН Беларусі, Батанічны сад БДУ, Батанічны сад Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага універсітэта, Батанічны сад Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі.

Літ.:

Антипов В.Г. Об истории создания ботанических коллекций в Белоруссии // Ботаника. 1964. Вып. 6;

Цицин Н.В. Ботанические сады СССР. М., 1974;

Федорук А.Т. Древесные растения садов и парков Белоруссии. Мн., 1980;

Головкин Б.Н. История интродукции растений в ботанических садах. М., 1981;

Лапин П.И. Ботанические сады СССР: [Фотаальбом]. М., 1984.

т. 2, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Віцебскі батанічны сад 1/261

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Вялікалетчанскі батанічны сад 1/91

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Цэнтральны батанічны сад

т. 17, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТАНІ́ЧНЫ САД БДУ.

Арганізаваны ў 1933 па ініцыятыве У.У.Адамава на тэр. універсітэцкага гарадка ў Мінску. З 1967 у в. Шчомысліца пад Мінскам (на базе вучэбнай гаспадаркі БДУ). Пл. 25 га. Батанічны сад БДУ уключае дэндрарый (закладзены ў 1930-я г. дэндролагам І.І.Собалевым), лесапарк, участак сістэматыкі раслін (460 відаў), участкі кветкавых (400 відаў), с.-г. (харч., кармавых), тэхн. (160 відаў), лек. (150 відаў), фларыстычны ўчастак дзікарослых травяністых (350 відаў) раслін Сібіры, Д.Усходу, Крыма, Каўказа, Карпат, Сярэдняй Азіі, Паўн. Амерыкі. У калекцыях больш за 1800 відаў, формаў і сартоў раслін, у т. л. рэдкія і каштоўныя дрэўныя экзоты (328 відаў). Большасць зімаўстойлівыя, добра цвітуць, пладаносяць і даюць насенне. База для падрыхтоўкі студэнтаў-біёлагаў, правядзення навук. даследаванняў і культ.-асв. работы ў галіне прыродазнаўства і аховы прыроды.

Батанічны сад БДУ. Адзін з сектараў дэндрарыя.

т. 2, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІКАЛЯТЧА́НСКІ БАТАНІ́ЧНЫ САД.

Існаваў з пач. 20 ст. да 1924 у маёнтку Вял. Лётцы, за 15 км ад Віцебска. Створаны У.У.Адамавым з дапамогай Бат. ін-та Пецярбургскага ун-та, бат. саду Расійскай АН, садовых устаноў Варшавы, Парыжа, Жэнеўскага альпійскага саду і інш. Да 1910 у Вялікалятчанскім батанічным садзе меліся 344 віды дрэвавых (з іх 23 хвойных, 13 ліян), 664 травяністых і паўкустовых раслін, 13 відаў папарацей, у 1924 — каля 400 відаў рэдкіх дрэвавых парод (раслін-альбіносаў, стракаталістых формаў — клён вастралісты, бяроза нізкая і інш.), шмат раслін з сям. араліевых (аралія маньчжурская, акантапанакс сядзячакветны і інш.), калекцыя шматгадовых травяністых раслін (у т. л. альбіносаў), цяпліца з 300 відамі экзотаў, гербарый, «жывы зельнік» (больш за 2 тыс. відаў лек., тэхн. і інш. раслін), бат. музей. Пасля 1924 частку калекцый (да 200 відаў) перанеслі ў Батанічны сад Віцебскага педагагічнага універсітэта.

т. 4, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ БАТАНІ́ЧНЫ САД.

Існаваў у 1775—81. Закладзены вучоным Ж.Э.Жыліберам на месцы старога гарадзішча. Па разнастайнасці, колькасці відаў раслін не саступаў лепшым садам Еўропы. Калекцыя камплектавалася з мясц. відаў і раслін, атрыманых са Страсбурскага і Эдынбургскага садоў, падараваных вядомымі батанікамі (напр., акад. П.С.Палас пераслаў сабраныя ім сібірскія расліны). У 1777 у садзе было 1200 відаў экзотаў (у т. л. некалькі амерыканскіх, якія паспяхова раслі ў адкрытым грунце), у 1778 — больш за 2000 відаў. У 1781 большая ч. калекцыі перавезена ў Вільню. Цяпер на месцы саду — гар. парк культуры і адпачынку.

т. 5, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКІ́ЦКІ БАТАНІ́ЧНЫ САД.

На паўд. беразе Крыма, за 7 км ад г. Ялта, Украіна. Засн. ў 1812 Х.Х.Стэвенам. Пл. 996 га. Каля 3,5 тыс. відаў раслін. У садзе 3 аддзяленні — Цэнтральнае, Стэпавае і Прыморскае; ёсць інтрадукцыйна-каранцінны гадавальнік. Дэндрарый саду складаецца з 4 ландшафтных паркаў, у якіх вывучаюцца перспектыўныя для садова-паркавага буд-ва і лесагадоўлі віды і формы. У калекцыі саду больш за 1600 відаў дрэў і кустоў, з якіх найб. прадстаўлены расліны з роду хвоя, кіпарыс, ядловец, дуб, кізільнік, барбарыс, клён і інш. Разводзяць секвою гіганцкую, міжземнаморскія піхты, платан усходні, веерную пальму Фарчуна і інш. Уведзены ў культуру пладовых насаджэнняў і паркаў сарты персіка, чарэшні, алычы, інжыра, граната, хурмы, міндалю. У гербарыі сада больш за 130 тыс. лістоў. З 1890 выдаюцца «Труды Никитского ботанического сада».

т. 11, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«Беларуска-польска-расейска-лацінскі батанічны слоўнік» 3/34

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Цэнтральны батанічны сад АН БССР 1/408; 2/179; 4/366; 5/119, 258, 541; 6/20, 371, 523; 9/23, 169—170, 440; 10/581, 605; 11/146—147; 12/502, 512

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)